ААН распачынае перамовы ў справе вяртаньня ў Ірак міжнародных інспэктараў, а экспэрты ў галіне раззбраеньня выказваюцца за рашучыя крокі супраць Багдаду. Яны мяркуюць, што праводжаная Расеяй і Францыяй палітыка “ўлагоджваньня” Садама Хусэйна можа мець непрадказальныя вынікі. На іхную думку, ірацкі дыктатар па часе можа авалодаць зброяй масавага зьнішчэньня і ўжыць яе супраць Эўропы, ЗША і сваіх суседзяў на Блізкім Усходзе.
Выступаючы ў мінулую пятніцу ў сэнацкім падкамітэце бясьпекі й нераспаўсюду ( зброі масавага зьнішчэньня), амэрыканскія экспэрты заявілі, што вяртаньне міжнародных інспэктараў у Ірак дазволіць Захаду толькі выйграць час у стрымваньні Хусэйна ад пабудовы хімічнай, біялягічнай і ядзернай зброі.
На думку Дэвіда Кэя, “ядзерная пагроза з боку Іраку рэальная і непазьбежная”. Ён лічыць, што міжнародныя інспэкцыі часткова ўскладнілі ірацкія праграмы ў галіне ўзбраеньня, аднак Хусэйн надалей выдаткоўвае мільярды даляраў на ядзерныя праграмы, і толькі адсутнасьць расшчапляльных матэрыялаў не дазваляе яму дасягнуць сваёй мэты.
(Кэй: ) “Як мінімум з канца мінулага году Ірак спрабуе прыдбаць ядзерныя матэрыялы. У найгоршым выпадку, нават бязь зьнешняй дапамогі, Ірак можа самастойна стварыць ядзерную зброю цягам трох-шасьці гадоў”.
Дэвід Кэй, кіраўнік місіі ААН у Іраку ў 1991-92 гадох, адзначыў, што ЗША прайгралі “прапагандысцкую вайну”, якая мусіла даказаць сьвету, што санкцыі супраць Багдаду маюць сэнс, што яны ня толькі нясуць пакуты ірацкаму насельніцтву.
(Кэй: ) “Голад ірацкага насельніцтва і недахоп лекаў – гэта вынік таго, што Садам выдаткоўвае грошы на праграмы ў галіне зброі масавага зьнішчэньня. Гэта ня вынік эканамічных санкцыяў. Аднак іракцы выйгралі прапагандысцкую вайну, і зараз амэрыканцы, а таксама эўрапейцы і многія на Блізкім Усходзе лічаць, што мы адказныя за пакуты ірацкага насельніцтва”.
Рычард Спэрцэль, які ў 1994-98 гадах узначальваў групу інспэктараў ААН, якія займаліся біялягічнай зброяй у Іраку, перакананы, што Багдад інтэнсіўна працуе над біялягічнай зброяй – такой як антракс і воспа.
Аднак ні Спэрцэль, ні іншыя ўдзельнікі слуханьняў у Сэнаце ЗША ня вераць, што вяртаньне міжнародных інспэктараў у Ірак, на чым настойвае Вашынгтон, стрымае Садама ад авалоданьня зброяй масавага зьнішчэньня. Наадварот. Яны перакананыя, што накіраваньне інспэктараў дазволіць Злучаным Штатаў толькі выйграць час. З другога боку, шэраг краінаў могуць заявіць, што Багдад выканаў патрабаваньні ААН, і любая ваенная апэрацыя супраць Іраку – неабгрунтаваная.
(Спэрцэль: ) “Праўдападобна, Ірак будзе паводзіць сябе гэтак, як у мінулым, і будзе абмяжоўваць дзейнасьць інспэктараў. Такія перашкоды ператвораць назіральную місію ў фарс. Гэта будзе горш, чым цалкам не пасылаць інспэктараў у Ірак, бо будзе ўражаньне, што Багдад выканаў патрабаваньні міжнароднай супольнасьці”.
Яшчэ адзін удзельнік слуханьняў, які апошнія тры гады ў Дзярждэпартамэнце ЗША адказваў за нераспаўсюд зброі масавага зьнішчэньня, – Робэрт Эйнгорн падтрымаў свайго калегу Дэвіда Кэя. Паводле яго, ірацкі народ не пакутаваў-бы ад голаду, калі б рэжым Гусэйна ня траціў мільярды даляраў з продажу нафты на праграмы ў галіне ўзбраеньня.
(Эйнгорн: ) “Мы патрабуем часу для падрыхтоўкі эфэктыўнай стратэгіі і такога падыходу, які дазволіць спыніць праграмы ў галіне ўзбраеньня, не дазволіць іх аднавіць і прывядзе да зьмены цяперашняга рэжыму ў Багдадзе”.
Паводле амэрыканскіх экспэртаў, сябры Рады Бясьпекі ААН – Расея і Францыя – дзеля сваіх эканамічных інтарэсаў праводзяць недальнабачную палітыку. Яны памяншаюць пагрозу з боку Багдаду.
Гэтыя выказваньні амэрыканскіх экспэртаў супалі з дэбатамі й чуткамі ў Вашынгтоне пра тое, што наступным этапам барацьбы ЗША з тэрарызмам (насуперак эўрапейскім саюзьнікам ЗША і Расеі) можа стаць Ірак.
Мяркуецца, што ў часе сваёй паездкі па Блізкім Усходзе віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні спрабуе заручыцца падтрымкай шэрагу краінаў для апэрацыі адхіленьня Садама ад улады. Гатовасьць падтрымаць апэрацыю ЗША супраць Багдаду ўжо выказаў прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр.