Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЦЫ КРЫТЫКУЮЦЬ ШТОГАДОВУЮ СПРАВАЗДАЧУ ДЗЯРЖДЭПАРТАМЭНТУ ЗША


Юры Дракахруст, Прага

Праваабарончыя арганізацыі й друк шырока камэнтуюць штогадовую справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША пра становішча ў галіне правоў чалавека ў розных краінах сьвету.

“Washington Post” зьвяртае ўвагу на тое, што Дзярждэпартамэнт ЗША прызнае той факт, што шэраг саюзьнікаў Амэрыкі ў барацьбе з тэрарызмам сур’ёзна парушаюць правы чалавека.

“Los Angeles Times” спасылаецца на паведамленьні справаздачы пра катаваньні ў Савудаўскай Арабіі, Турцыі й Расеі, пра пазасудовыя рэпрэсіі ў Пакістане, пра затрыманьні без суду ва Ўзбэкістане. Газэта цытуе словы дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла, які кажа, што Амэрыка не памяншае сваю ўвагу да правоў чалавека, бо тэрарызму няма там, дзе захоўваюцца фундамэнтальныя свабоды.

“Washington Post” прыводзіць меркаваньне памочніка дзяржсакратара Лона Крэйнэра, які заявіў, што паляпшэньне становішча з правамі чалавека ў гэтых краінах стане важным дадатковым вынікам іх супрацоўніцтва з ЗША.

Аднак праваабарончыя арганізацыі ўспрымаюць справаздачу Дзярждэпартамэнту даволі крытычна. “Надаючы больш увагі тым краінам, якія, паводле думкі адміністрацыі, падтрымліваюць тэрарызм, у справаздачы відавочна праглядаецца больш мяккае стаўленьне да саюзьнікаў Амэрыкі”, – кажа ў інтэрвію “Los Angeles Times” вашынгтонскі прадстаўнік праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” Алекс Арыяга.

Спадар Арыяга зьвяртае ўвагу на тое, што ў параўнаньні зь леташняй справаздачай зьмяніліся нават фармулеўкі: тады чачэнскія паўстанцы былі названыя сэпаратыстамі, зараз баевікамі, тады гаварылася, што ўзбэцкія ўлады арыштоўваюць релігійных актывістаў, зараз – асобаў, падазраваных у сымпатыях да тэрарызму.

Брытанская “Guardian” таксама зважае на розьніцу падыходаў нават на роўні фармулёвак: ірацкі рэжым названы ў справаздачы пачварным, паўночнакарэйскае заканадаўства бязьлітасным, а да саюзьнікаў ЗША па антытэрарыстычнай кааліцыі ўжываюцца куды больш мяккія фармулёўкі.

На думку праваабаронцаў, справаздача аднабакова асьвятляе і сытуацыю ў Ізраілі: хаця і адзначаюцца парушэньні правоў палестынцаў падчас вострых канфліктаў у гэтай краіне, аднак падкрэсьліваецца, што ўсе дзеяньні Ізраілю былі справакаваныя палестынскім бокам.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” Томас Маліноўскі разглядае праблему шырэй – паводле яго меркаваньня, адміністрацыя дакладна канстатуе факты і праблемы, што тычацца парушэньняў правоў чалавека, але ня робіць амаль ніякіх захадаў, каб уплываць на паляпшэньне становішча. На думку Маліноўскага, Амэрыка не выкарыстоўвае дзеля гэтага ні ваенны саюз, які яна зараз будуе, ні грошы, якія яна выдаткоўвае, ні сваю вайсковую прысутнасьць за мяжой.

Больш узважанай усё ж падаецца ацэнка “Los Angeles Times”, якая канстатуе драматычную дылему, якая стаіць перад амэрыканскай адміністрацыяй: як утрымаць кааліцыю, каб перамагчы тэрарызм, і як не згубіць у гэтым змаганьні сваіх каштоўнасьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG