Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10-ГАДОВАГА ХЛОПЧЫКА ЗЬБІВАЕ МАЦІ-ЎСЫНАВІЦЕЛЬКА — ПАМОЧНІЦА ПРАКУРОРА


Галіна Абакунчык, Менск

За нявывучаныя ўрокі і ўключаны без дазволу тэлевізар хлопчыка зьбіла маці-ўсынавіцелька Тамара Князева, якая працуе старэйшай памочніцай пракурора Менскага раёну па нагляду за непаўналетнімі. Настаўнікі школы № 219, дзе вучыцца Мікіта, сьцьвярджаюць, што гэтак іхны вучань быў зьбіты не ўпершыню.

Ніхто з настаўнікаў і вучняў 2-й “Б” клясы напэўна й не даведаўся бы, што Мікіта — прыёмны сын Тамары Князевай, хоць і заўважылі, што хлопчык баіцца маці й часта прыходзіць у школу зь сінякамі й драпінамі. Малы тлумачыў гэта заняткамі ў спартовай сэкцыі. Але жахлівая праўда выявілася 12 лютага. Гаворыць клясная кіраўніца Зоя Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Хлопчык быў зьбіты — на твары былі цёмныя палосы. Ён ня здолеў нават сядзець і паклаў галаву на парту. Я вывела хлопчыка ў калідор і калі прыпадняла кашулю, дык сьлёзы адразу пасыпаліся: уся сьпіна ў яго была зьбітая, мела чорны колер, рубцы, чорныя раны. І было бачна, што гэта не аднаго разу пабоі. Толькі тады хлопчык прызнаўся, што гэта маці яго зьбіла і што рабіла гэта ня раз”.

Настаўнікі выклікалі міліцыянтаў, хуткую дапамогу, і Мікіту адразу ж шпіталізавалі ў траўматалягічнае аддзяленьне менскага Дзіцячага хірургічнага цэнтру. Нават звыклыя да многага лекары скалануліся, пабачыўшы, як жорстка зьбіты малы. Гаворыць старэйшая мэдычная сятра Ала Хомчанка:

(Хомчанка: ) “Напэўна, гестапаўцы не зьбівалі так дзяцей. У шоку былі ўсе — і мэдработнікі, і супрацоўнікі. Ніколі ў жыцьці ў нас такога яшчэ не было. Лечым яго й робім усё што можна, каб пазьбегнуць усіх наступстваў”.

Толькі ў лякарні 10-гадовае дзіця прызналася, што ягонае ранейшае прозьвішча было Кахновіч, а сапраўдную маці, якая памерла, звалі Сьвета. Хлопчык сказаў, што таты ў яго цяпер таксама няма, а з новай маці Тамарай Князевай ён жыве каля чатырох гадоў. І амаль увесь гэты час за кожную нязначную правіну яна б’е Мікіту. Гаворыць Мікіта Князеў:

(Мікіта: ) “За заўвагі ў школе, за тое, што спартовую форму забыўся. Так часта бывае”.

(Карэспандэнтка: ) “А ты казаў каму-небудзь, што мама цябе б’е?”

(Мікіта: ) “Не. Таму што мама казала, што калі я буду каму-небудзь скардзіцца, дык яна здасьць мяне ў інтэрнат. А я не хачу ў інтэрнат”.

(Карэспандэнтка: ) “А ты не баісься, што калі вернесься дадому, то яна ізноў пакарае цябе за што-небудзь?”

(Мікіта: ) “Баюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Мама цябе праведвала тут?”

(Мікіта: ) “Яшчэ не”.

(Карэспандэнтка: ) “Ты любіш сваю маму?”

(Мікіта: ) “Люблю”.

Скандальнай праўды пра свой мэтад выхаваньня прыёмнага сына Тамара Князева не адмаўляе. Але шкадаваць і раскайвацца за фізычныя й маральныя пакуты, якія яна прычыніла хлопчыку, таксама не зьбіраецца. Гаворыць Тамара Князева:

(Князева: ) “Я вось сяджу й думаю — як я яго зусім не забіла. Гэтым дзіцём кіраваць немагчыма. У яго яшчэ й бацька азіят, так што там натура чыста азіяцкая. Мне добра жылося адной, і па натуры ніхто мне не патрэбны. Але я хацела дапамагчы якому-небудзь дзіцяці. Я яго люблю і, канечне ж, я бы хацела жыць зь ім і надалей. Кватэра ж застаецца. Яна службовая, я й на яго атрымоўвала. Па ідэі кватэру павінны забраць. Але, думаеце, мне яго аддадуць цяпер?”

Мікіта вучыцца ў 219-й школе першы год, але пасьпеў пасябраваць з аднаклясьнікамі. Цяпер дзеці пішуць лісты свайму сябру і пасьля карантыну (у зьвязку з грыпам) зьбіраюцца наведаць яго ў шпіталі. Як і настаўнікі, школьнікі ахвотна кажуць добрыя словы пра сябрука і ўзгадваюць неапраўданую жорсткасьць ягонай маці.

(Дзеці: ) “Ён вельмі ветлівы. З усімі сябруе. Не абзываецца, як некаторыя”.

(Хлопчык: ) “Аднойчы мы зь Мікітам ішлі да нашага сябрука і сустрэлі ягоную маму. Дык яна адразу яго за вуха схапіла й нават не пыталася ў яго нічога”.

(Дзяўчынка: ) “Калі ў Мікіты ў кватэры яшчэ не было жалезных дзьвярэй, дык я чула, што мама кожны дзень на яго сварыцца моцна”.

Драматычны лёс Мікіты Князева — на жаль, не адзіны прыклад жорсткага абыходжаньня з малымі нават з боку родных бацькоў. Дастаткова сказаць, што толькі летась крымінальныя злачынствы былі ўчыненыя супраць трох тысяч непаўналетніх. Прычым штогод колькасьць ахвяраў павялічваецца на некалькі соцень.

Але ўсе, хто цяпер ратуе дзіця, абураныя паводзінамі Тамары Князевай ня толькі як маці, але найперш як памочніцы пракурора па нагляду за непаўналетнімі. Гаворыць сацыяльны пэдагог школы № 219 Ніна Чумак:

(Чумак: ) “Яна юрыст, якая ведае законы й павінна стаяць на варце выкананьня гэтых законаў — і робіць такія супрацьпраўныя дзеяньні. Калі мы ёй сказалі пра гэта, яна адказала: зьвяртайцеся ў міліцыю — гэта вашае права. Але я на працы — паважаны чалавек. І мне больш павераць, чым вам”.

Інспэктары аддзелу апекі Маскоўскага раёну Менску, захоўваючы таямніцу ўсынаўленьня, не распавядаюць драматычныя пэрыпэтыі 10-гадовага жыцьця Мікіты Кахновіча-Князева. Райаддзел міліцыі цяпер праводзіць дасьледаваньне з мэтай распачаць крымінальны перасьлед Тамары Князевай альбо закрыць справу. І зараз ад праваахоўнікаў залежыць — ці будуць яны ў адпаведнасьці з законам абараняць правы дзіцяці, альбо будуць стаяць за гонар свайго мундзіру.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG