Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМПРЭЗА Ў ГОНАР МАСЕЯ СЯДНЁВА


Валянціна Аксак, Менск

Ініцыятарка імпрэзы памяці Масея Сяднёва – маладая беларуская паэтка Сьвятлана Явар, якая больш за дзесяць гадоў таму захапілася творчасьцю гэтага амаль нікому тады ў Беларусі не вядомага эмігранта. Ягоная філязофская і патрыятычная лірыка запаланіла Сьвятлану, асабліва ўражвала яе чыстая багатая мова вершаў.

Мову твораў Масея Сяднёва яна абрала тэмаю сваёй кандыдацкае дысэртацыі. Аднак не абараніла, бо цяперашняя ўлада ў Беларусі абвесьціла творы Сяднёва, як, зрэшты і творы іншых пісьменьнікаў-эмігрантаў, шкоднымі і нават варожымі. Як рабіла савецкая ўлада, калі за вершы саджала беларускіх паэтаў у турмы і адпраўляла ў канцлягеры.

Цудам ацалеўшы, Масей Сяднёў змушаны быў пакінуць радзіму ў сярэдіне саракавых гадоў мінулага стагодзьдзя. І толькі на пачатку дзевяностых змог зноў яе пабачыць. Але што з гэтага атрымалася?

Прыгадвае Сьвятлана Явар:

(Явар: ) "Мне ўспамінаецца, як у ліфце гатэлю "Менск" у яго скралі асабістыя рэчы. Сярод іх было самае галоўнае для пісьменьніка – нататнік з накідамі новых твораў. Невядомыя рабаўнікі так і не вярнулі той, зусім непатрэбны ім, нататнік. Страту яго Масей Сяднёў перажыў як вялікую асабістую трагедыю. І толькі нядаўна я зразумела, чаму.

Вяртаючыся на Бацькаўшчыну, Масей Сяднёў думаў, што за ўсе тыя дзесяцігодзьдзі, калі ён жыў за мяжой, тут адбыліся нейкія зьмены. Зьмены і сапраўды адбыліся, але яны не закранулі асноўнага – стаўленьня да чалавека. Ён як быў, так і застаўся тут “калёсікам і вінцікам”. Адным болей, адным меней – такой бяды. Чалавек тут ня ёсьць гаспадаром свайго лёсу, а зброяй у руках тых, хто мае ўладу, ці толькі імкнецца да яе.

Масей Сяднёў так і не вярнуў у Беларусі той скрадзены нататнік і не было для паэта страшнейшай пакуты, як адчуць, што ягоны ўнутраны сьвет, сьвет ягонае творчасьці, амаль нікога тут па-ранейшаму не цікавіць. Да таго ж і абараніць яго тут, у Беларусі, як і ў далёкія трыццатыя гады, усё яшчэ немагчыма".

І ўсё ж тады паэта тут віталі ягоныя, хоць і не такія шматлікія прыхільнікі. Зь ім наладжвалі літаратурныя сустрэчы, газэты й часопісы друкавалі ягоныя творы. У 1992 годзе імя ягонае было рэабілітаванае, а яшчэ праз два гады дзяржаўнае выдавецтва выпусьціла "Масееву кнігу".

У часе другога свайго прыезду на радзіму Сяднёў чытаў амаль прарочыя вершы:

"Звычайны я. Я славы не прыдбаў –
я толькі кропля ў акіяне.
Мяне сярод клапотаў і забаў
ніхто з патомкаў не памяне.

Я ціха дзень за днём жыву,
самотны я і нецікавы.
Іду адзін, схіліўшы галаву,
і міма воплескаў, і міма славы.

І скажа не адзін: "Яшчэ адна,
глядзеця, выпаўзла аблуда
і голас падае, адродзьдзе дна,
і кпіць над нашым самасудам".

Дарэмна вы сказалі гэта –
з вас кожны сяньня злосьцяй дыша.
Хоць ціхі я, ды ўзьлёт паэта
за вас, высокіх, многа вышай.

І мне б магло нясьціся "bravo",
і мне б маглі зайграць музыкі.
Ды што мне гэтакая слава! –
я сам сабе адзін вялікі.

Запісы тае сяброўскае паэтычнае вечарыны зробленыя бытавым магнітафонам 28 кастрычніка 1992 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG