Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАГРОЗА САЙТУ ХАРТЫІ, ІНФАРМАЦЫЙНЫ САЙТ VILNIA.COM, БАЧЫНА ЛЯВОНА ВАШКО, ПОСЬПЕХІ БЕЛАРУСАЎ НА “ЗАЛАТЫМ САЙЦЕ”


Вольга Караткевіч, Прага

Напачатку праграмы пра новую зьяву для беларускага Інтэрнэту. А зьвязана гэта з падзеямі вакол тэлебачаньня, у прыватнасьці, канала ТВ6, на якім зараз пасьля закрыцьця расейскага тэлеканалу, трансьлююцца музычныя кліпы. Прэсавая служба Хартыі-97 зьмясьціла на сайце – www.charter97.com камэнтар датычна таго, што Першы музычны канал, які цяпер працуе на “шостай частаце”, парушае аўтарскія правы, трансьлюючы пірацкія кліпы.

У адказ кіраўнік-дырэктар каналу Віталь Чыжоў абвесьціў пра намер судзіцца з Хартыяй-97 за абразу гонару і годнасьці. Прэсавая служба Хартыі напісала, што Першы музычны канал стварае прэцэдэнт – судовы пазоў да інфармацыйнага Інтэрнэт-рэсурсу.

У цяперашнім Законе пра сродкі масавай інфармацыі ў пунктах пра адказнасьць мэдыяў за ілжывую інфармацыю няма пункту пра Інтэрнэт, але ў разгляданым у гэтак званай палаце прадстаўнікоў новага законапраекту ўжо ўлічаны факт, што беларускі Інтэрнэт пашыраецца вельмі моцна за кошт інфармацыйных сайтаў, на якія цэнзура не распаўсюджваецца. Законапраект прадугледжвае патрабаваньні аб рэгістрацыі Інтэрнэтных СМІ. Сродак масавай інфармацыі вызначаецца як “любое пэрыядычнае інфармацыйнае выданьне, улучна з друкаванымі, тэлевізійнымі і радыё і глябальнымі інфармацыйнымі сеткамі”

На гэта крытычна прарэагавала Міжнародная праваабарончая арганізацыі Артыкул 19 – “Інтэрнэт, які не існаваў на момант падпісаньня большасьці міжнародных дамоваў пра правы чалавека можа адрозьнівацца ад іншых СМІ. У многіх выпадках выкарыстаньне стандартаў друкаваных і электронных СМІ у дачыненьні да Інтэрнэту зьяўляецца нерэальным”.

У эфіры Беларускі дыялёг на Інтэрнэце і наш традыцыйны агляд Інтэрнэт-апытаньняў. “Белорусская деловая газета”, якая ў апытаньнях вельмі апэратыўна рэагуе на падзеі, цікавілася меркаваньнем чытачоў сайту адносна прычынаў закрыцьця Тэлеканалу ТВ6. Каля 50-ці працэнтаў адказалі, што “дзяржаве – маецца на ўвазе Расеі – не патрэбны незалежны канал”. Зараз на сайце БДГ www.bdg.by пытаньне пра якасьць школьнага навучаньня. Больш за 70 адсоткаў удзельнікаў апытанкі адзначылі, што яно пагоршылася.

На нашым сайце www.svaboda.org мы пыталіся, у кантэксьце гучных арыштаў дырэктараў беларускіх буйных прадпрыемстваў, ці выступяць у іхную абарону калегі. 90 працэнтаў удзельнікаў апытаньня лічаць, што не. Нашае новае пытаньне тычыцца таго, ці пагаршэньне эканамічнай сытуацыі пацягне за сабой пратэсты працоўных. Пакуль меркаваньні напалову падзеленыя на так і не.

Некаторыя Інтэрнэт-выданьні цікавяцца і непалітычнымі праблемамі. “Кампутарные весткі” он-лайн www.kv.by, напрыклад, высьвятляла колькі іхныя чытачы прачыталі за мінулы месяц кніг. 44% – ніводнай! Больш за 5 – 10%. А з апытаньня “Калі вы кладзецеся спаць?” можна ўведаць, калі ідуць спаць карыстальнікі Інтэрнэту – 40 працэнтаў у прамежку паміж 12-й і 2-й гадзінай начы.

Мы працягваем распавядаць пра сайты, створаныя за мяжой, але прысьвечаныя Беларусі і падзеям у ёй. Беларускі інфармацыйны цэнтар у Вільні робіць сайт www.vilnia.com. Традыцыйна на сайце – навіны, артыкулы, каляндар, штодзённае аднаўленьне. Вось назоў – “Касьцюшка вяртаецца ў Беларусь”: “Жыхары мястэчка Косава, што пад Баранавічамі выказалі прапанову, каб у Косаве на ранейшым месцы адбудавалі дом сям’і Тадэвуша Касьцюшкі, бо на радзіму славутага генэрала прыяжджаюць сотні людзей з розных куткоў Беларусі”.

Я вырашыла гаварыць не са стваральнікамі гэтага сайту, а з карыстальнікам. Мой суразмоўца адзін з аўтараў сайту Дзед Талаш (dt.home.by), Андранік Антанян, які адразу сказаў, што навінамі на сайтах цікавіцца мала, у асноўным навінкамі.

(Караткевіч: ) “Чым цікавы і карысны сайт Беларускага інфармацыйнага цэнтру?”

(Антанян: ) “Ну, што такое карысна – гэта ж няма абсалютнай велічыні. Камусьці поп падабаецца, камусьці папова дачка. Разьдзел “Артыкулы” больш-менш такі душэўныя. Тэксты Алеся Аркуша і “Віленскі музэй”, калі трэба нейкую даведку навесьці. За апошія гадоў 80 зьмянілася наагул стаўленьне людзей да навінаў. Зараз яны сталі менш эмацыйнымі, але ад гэтага ня стала менш прапаганды ў навінах. Гэта тычыцца любога сродку масавай інфармацыі, любога інфармацыйнага агенцтва. Я проста чалавек, які не цікавіцца бягучай інфармацыяй. Зь сёньняшняга дня я з задавальненьнем прачытаў, што беларуская пошта выдала 2 паштовыя марачкі, прысьвечаныя алімпійскім гульням. У сувязі з тым, што я крыху філятэліст-ідыётык, мне было цікава”.

(Караткевіч: ) “Некаторыя асобы, якія чытаюць сайт www.vilnia.com ці наведваюць яго, абураюцца спасылкай www.lesbi.by…”

(Антанян: ) “Я не скажу, што гэта першы банэр, на які я “клікнуў”, таму што пра існаньне гэтага сайту вядома даўно, а ў ягоным зьмесьце цяжка знайсьці нешта непрыстойнае. Нармальны жаночы сайт”.

(Караткевіч: ) “Вы сказалі, што бягучай інфармацыяй Вы не цікавіцеся, зацікавіліся інфармацыяй пра марку. Тады такое пытаньне: ці ёсьць нейкія сайты, а хацелася б пра беларускія, бо перадача “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”, якія Вы наведваеце кожны дзень?”

(Антанян: ) “У мяне стаіць такі браўзэрок, які дазваляе адным разам, як толькі заходзіш, загружаць патрэбныя табе сайты. Я зараз пагляджу, што тут стаіць. Гэта стаіць “Дзед Талаш”, таму што я да пэўнай ступені ўдзельнічаю ў працы і ўдзельнічаў раней у працы гэтага праекту, форумы кніжныя на www.knihi.com, форум www.mylib.com і... ўсё”.

(Караткевіч: ) “Дзякуй!”

А зараз пра дасягненьні беларускіх вэб-дызайнэраў. На апошнім Інтэрнэт-конкурсе "Залаты сайт" у Маскве шэраг беларускіх кампаніяў, што займаюцца распрацоўкай і вытворчасьцю вэб-сайтаў, атрымалі першыя месцы ў сваіх намінацыях. Якасныя Інтэрнэт-паслугі беларускіх распрацоўшчыкаў у самой Беларусі маюць попыт невялікі. Тэму працягвае Ігар Карней.

(Карней: ) “Гэта першы масавы ўдзел беларускіх Інтэрнэт-вытворцаў у такім значным конкурсе. Сапраўды, у такой колькасьці беларускія вэб-майстры не зьбіраліся яшчэ ніколі. З паўтары сотні пададзеных на ўдзел ў намінацыі "Замежжа" замоваў ад кандыдатаў з Канады, ЗША, Ізраілю, Казахстану і г.д. да далейшага ўдзелу адмысловае журы дапусьціла 130 ўдзельнікаў, і амаль сотня зь іх — прадстаўнікі Беларусі. Зрэшты, расейскі вэктар застаецца зараз амаль адзіным кірункам, дзе беларускія Інтэрнэт-вытворцы могуць, як кажуць, і на людзей паглядзець, і сябе паказаць. Капірайтар вэб-студыі Red Graphik Systems Надзея Зелянкова кажа, што расейскія форумы ёсьць аддушынай для беларускіх адмыслоўцаў у галіне Інтэрнэту. Дарэчы, менавіта дзякуючы актыўнасьці кіраўніцтва згаданай студыі, колькасьць беларускіх удзельнікаў стала такой уражлівай.

(Зелянкова:) "Першы й апошні прэцэдэнт у Беларусі — Інтэрнэт-форум 2000 году. Больш ніякіх конкурсаў ад таго часу не праводзілася. Для таго, каб гэтыя конкурсы былі, трэба, каб за іх правядзеньне нехта ўзяўся. Але адразу ж узьнікае грашовая праблема: на арганізацыю значнага мерапрыемства неабходныя дастаткова вялікія сродкі, а іх у беларускім сеціве ня так і шмат. Мажліва, ў наступным годзе ўдасца правесьці другі Інтэрнэт-фэстываль. Але трэба, каб яго рабіла не адна кампанія вэб-дызайну — як наша. Бо для нас, прыкладам, гэта зусім нявыгадна: мы даем магчымасьць разьвівацца ўсяму рынку, але пры гэтым самі застаемся без узнагародаў, бо ня можам выстаўляцца ў конкурсах, якія самі арганізуем".

Спадарыня Зелянкова лічыць, што найлепшым арганізатарам магло б выступіць прадпрыемства "Белтэлекам" — тады сапраўды можна было б разьлічваць на конкурс нацыянальнага маштабу. Але, відавочна, пакуль што дзяржаве гэта ня вельмі патрэбна, альбо й на гэтую галіну, як і на шэраг астатніх, няма неабходных сродкаў. Запытваю у Надзеі Зелянковай, ці былі спробы выйсьці на больш аддалены, чым расейскі, рынак Інтэрнэт-паслугаў?

(Зелянкова:) "Там вельмі вялікая канкурэнцыя і я нават не магу ўзгадаць, ці прапаноўвалі мы свае работы на нейкія замежныя форумы. Але на расейскіх конкурсах мы выступаем заўсёды пасьпяхова. Мы маем самыя прэстыжныя ўзнагароды. Прыкладам, Міжнароднага фэстывалю рэклямы — гэта самы аўтарытэтны расейскі форум. Але далёка ня кожная беларуская студыя вэб-дызайну можа ўдзельнічаць нават у конкурсе расейскага маштабу. Ня кажучы ўжо пра эўрапейскі. І ў дадатак міжнародныя конкурсы вельмі дарагія для ўдзельнікаў: нават невялікая заходняя студыя вэб-дызайну ня можа сабе дазволіць удзелу ў некалькіх выставах цягам году. Уступныя складкі за кожную працу вельмі вялікія."

На што яшчэ нельга не зьвярнуць увагу, дык гэта на дамены некаторых удзельнікаў расейскіх конкурсаў ад Беларусі. Чаму часьцяком карыстаюцца ня звыклым для Беларусі абазначэньнем дзяржаўнай прыналежнасьці by, а адпаведным расейскаму — ru? Гаворыць Надзея Зелянкова.

(Зялянкова:) "Калі распрацоўшчыкі арыентуюцца на расейскую аўдыторыю, яны сапраўды могуць абазначыць свой дамен ru (калі яны сапраўды аддаюць перавагу расейцам). Калі разьлічваюць на ўсясьветную цікаўнасьць, то звычайна ставяць com. І, адпаведна, калі йдзе арыентацыя наўпрост на Беларусь — тады by. Таму гэта пытаньне нават ня столькі тэрытарыяльнай прыналежнасьці, колькі ўказаньне аўдыторыі, на якую яны разьлічваюць."

На гэтым тле засмучае й тое, што ў такіх, няхай і далёкіх ад усясьветных стандартаў конкурсах, пакуль не бяруць ўдзел распрацоўшчыкі беларускамоўных сайтаў. Але ў студыі Red Graphik Systems мяне запэўнілі, што справа толькі за адпаведнай ініцыятывай. З чым мы, апаведна, і выступаем.

А ў склад пераможцаў апошняга маскоўскага конкурсу "Залаты сайт" увайшлі: інфармацыйна-даведачны сайт "Уся нерухомасьць Беларусі" (www.realting.com); карпаратыўны сайт кампаніі "Ізавак" (www.izovak.com); беларуская электронная крама (www.oz.by); "Альгіз — руна жыцьця" (культура, мастацтва, навука й адукацыя) — www.algiz-rune.com; турыстычны партал www.holiday.by; дызайн і мультымэдыя (www.sanitch.com), Інтэрнэт-тэхналёгіі і сэрвісы — прафэсыйная сыстэма паштовых рассылкаў WebListPro.

І апошні сюжэт сёньняшняй перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце” прысьвечаны сайту, які стварае жыхар Мастоў, літаратар Лявон Вашко.

“Мэта аляктроннае – гэта цытата – ведамкі Духахрам – The Temple of Spirit – паўсюджаньне ідэяў і поглядаў Лявона Вашка, прапаганда ягонае творчасьці”. Я дазванілася ў Масты…

(Караткевіч: ) “Вы ў стварэньні сайту выказваеце падзяку калектыву праграмістаў АТ “Мастоўдрэў”. Выглядае на тое, што ў Мастах вельмі разьвітs Інтэрнэт. Ці мае той жа “Мастоўдрэў” свой сайт?”

(Вашко: ) “Гэтае прадпрыемства мае свой сайт. Гэтыя хлопцы, гэта іхная прыватная ініцыятыва. Яны мне дапамагаюць, я да іх раз-пораз зьвяртаюся з рознымі просьбамі... Што да Інтэрнэту... Таго-сяго так зьяўляецца. У нас доўгі час не было правайдэра свайго. Зараз можна праз правайдэра, таксама праз беспарольны доступ у Інтэрнэт зайсьці. У прынцыпе, зьяўляюцца кампутары, цікавяцца прыватныя асобы. Ну, арганізацыі зьяўляюцца. Хаця, хацелася б, каб болей”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, чаму Вы вырашылі рабіць электронную вэрсію газэты ці часопіса...”

(Вашко: ) “У мяне праблема стаяла доўгі час. Былі кніжкі, былі творы, але не было сувязі з чытачамі. Нашыя газэты літаратурныя газэты на сваіх праблемах былі зацыкленыя. Мне вось гэтага не хапала, сваёй аўдыторыі. Я вырашыў сам прыйсьці да чытачоў, выдаваць газэткі, таксама маленькі сшытак свой выдаю – 10 нумароў дзеячасу, электронную ведамку вырашыў зрабіць і як рэклямнае выданьне. Ужо нейкія мінімальныя дасягненьні ёсьць, людзі пішуць”.

(Карэспандэнт: ) “Я хацела пра гэта запытацца. Вы сказалі “дзеля сувязі з чытачамі”. Атрымалася гэта праз Інтэрнэт?”

(Вашко: ) “У прынцыпе, можна сказаць што так. Прыходзяць і лісты. І нечаканыя такія лісты. З Амэрыкі жанчына напісала. Яна патрапіла на сайт. Сама з Мастоўшчыны – яе дзед калісьці жыў на Мастоўшчыне, зьехаў у Амэрыку, шукае свае колы. Чыста выпадкова сустрэла гэтая жанчына слова Масты і напісала ліст. Газэты пачалі больш уважліва ставіцца і бачыць, што ёсьць літаратура апрача афіцыйнага гэтага ўсяго”.

(Карэспандэнт: ) “У Вас, Лявон, вельмі цікавыя такія жанры. “Самагутарка”, напрыклад...”

(Вашко: ) “Захацелася, ведаеце паразважаць на адзіноце. Вырашыў аддаліцца, дыстаянцавацца неяк, паназіраць здалёк, зьехаў у Масты. Я без усялякіх прэтэнзіяў, як маё дык і ўсё”.

(Карэспандэнт: ) “А беларуская “жываідэя”... Вы пішаце, што лёгка пытацца, а як сфармуляваць? Вы самі для сябе сфармулявалі гэтую беларускую ідэю?”

(Вашко: ) “Сфармуляваў яе як духатворчасьць. Беларуская нацыя – гэта нацыя, якая гістарычна ўтварылася зь літаратуры, мастацтва, творчасьці. У нас такія арыентыры як Скарына, ня столькі каралі і войны нас ствараюць, як сама культура і сіла духу. Дык вось я думаю, што гэта ідэя творасьці”.

З Духахрамам Лявона Вашка вы можаце пазнаёміцца ў Інтэрнэце па адрэсе: www.liavon.virtualave.net
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG