Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА ПАЛОВЫ ДАХОДАЎ АД ГАНДЛЮ ЗБРОЯЙ ПОЙДУЦЬ НА ФІНАНСАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАГА ВОЙСКА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прадстаўнікі беларускіх уладных структураў, якія ўзялі ўдзел у сёньняшнім круглым стале для журналістаў на тэму барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, адкінулі абвінавачаньні Беларусі ў гандлі зброяй з краінамі, якіх падазраюць у падтрымцы тэрарызму.

Гэтак, намесьнік старшыні Парлямэнцкай камісіі ў справе нацыянальнай бясьпекі Валянцін Сімірскі назваў гэтыя абвінавачаньні “інсынуацыямі нядобрасумленных журналістаў ды недалёкіх палітыкаў”.

Што тычыцца канкрэтных сумаў даходаў ад гандлю зброяй, тут дэпутат ня быў такі шчыры. Ён так і не паведаміў, колькі Беларусь нагандлявала зброяй летась. Аднак, паводле яго, няма гаворкі нават пра дзясяткі мільёнаў даляраў: “Значна менш”. Сімірскі заявіў, што гэтыя прыбыткі штогоду падаюць, і сёлета палова ад усіх прыбыткаў ад гандлю зброяй пойдзе на фінансаваньне войска.

Пры гэтым спадар Сімірскі ня лічыць патрэбным праз парлямэнцкія структуры кантраляваць гандаль зброяй з краінамі Ўсходу, на якія падае цень падазрэньня ў датычнасьці да міжнароднага тэрарызму.

(Сімірскі: ) “Гэта не ўваходзіць у кампэтэнцыю парлямэнту — усталёўваць кантроль за гандлем зброяй. Дзеля гэтага ёсьць іншыя структуры. Што ж да лічбаў адносна памераў гэтага гандлю, то ёсьць Міністэрства абароны, дзе ўсё ведаюць. Паводле маёй інфармацыі, там фігуруюць зусім невялікія лічбы”, — паведаміў Радыё Свабода дэпутат Лукашэнкавага парлямэнту Валянцін Сімірскі.

Ягоныя зьвесткі пра тое, што палова заробленых на гандлі зброяй грошай пойдзе на фінансаваньне войска, пацьвердзіў першы намесьнік начальніка Генэральнага штабу палкоўнік Станіслаў Смольскі. Аднак ён адмовіўся паведаміць дакладную лічбу і не сказаў, якімі былі прыбыткі Мінабароны паводле гэтага артыкула летась.

Начальнік управы КГБ Анатоль Міцкевіч не назваў ніводнага факту ідэалягічнага тэрарызму ў Беларусі. Паводле яго, у нас адзначаны толькі “крымінальны тэрарызм”. Да падобных выпадкаў ён аднес забойства прэзыдэнцкага кантралёра Мікалуцкага і забойства кіраўніка Гарадзенскай вобласьці Арцімені — так і не раскрытае.

А вось зьнікненьні былога міністра ўнутраных справаў Захаранкі ды вядомага апазыцыянэра Віктара Ганчара спадар Міцкевіч да тэрарызму аднесьці ня можа. Бо, паводле яго, гэтыя факты яшчэ не расьсьледаваныя.

Не сутыкнулася пакуль Беларусь і з эпідэміялягічным тэрарызмам. Аднак клопату ў адпаведных службаў Беларусі пасьля тэрактаў у ЗША значна пабольшала.

(Кажамякін: ) “У нас таксама было. З амбасады Ізраілю зьвярнуліся — ім даслалі капэрту зь белым парашком, мы дасьледавалі, але нічога не знайшлі. Потым у мэтро “Кастрычніцкая” празрысты пакунак з парашком — тое самае. Усяго 76 такіх выпадкаў, калі нашыя адмыслоўцы выкарыстоўваліся, але нічога сур’ёзнага не было. Большасьць такіх выпадкаў прыпадала на кастрычнік–лістапад, у студзені толькі два выпадкі”, — канстатаваў галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Анатоль Кажамякін.

Падсумаваўшы размову, удзельнікі круглага стала пагадзіліся, што пагроза Беларусі аказацца аб’ектам міжнароднага тэрарызму пакуль нязначная, але ігнараваць яе зусім нельга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG