Старшынём назіральнай рады цэнтру на тры наступныя гады абралі дырэктара Інстытуту міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту прафэсара Раймундаса Лапату. Удзельнікі паседжаньня ніяк не адрэагавалі на рашэньне беларускіх уладаў не пускаць у Беларусь сябра назіральнай рады цэнтру Ганса-Георга Віка.
Цэнтар эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледаваньняў пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце быў заснаваны ў 2000 годзе пры падтрымцы Эўрапейскай камісіі, АБСЭ і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека гэтай арганізацыі.
Учора й сёньня ў Менску праходзіла першае паседжаньне назіральнай рады гэтага цэнтру, у які ўваходзяць вядомыя навукоўцы-палітолягі з шэрагу інстытутаў і ўнівэрсытэтаў Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Расеі ды іншых краінаў.
Рада адзінагалосна абрала на старшыню прафэсара палітоляга зь Літвы Раймундаса Лапату, які ўжо даўно навязаў шчыльныя навуковыя кантакты з прадстаўнікамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску.
Назіральная рада таксама зацьвердзіла праграму дзейнасьці цэнтру. Гэта падрыхтоўка магістраў паліталёгіі, а таксама розныя дасьледчыцкія праекты. Галоўная мэта праграмы цэнтру — падрыхтаваць добрых спэцыялістаў у справе ўключэньня Беларусі ў агульнаэўрапейскую палітычную й эканамічную прастору ў будучыні. Праграма цэнтру ўхваленая прадстаўнікамі Эўрапейскай камісіі й будзе фінансавацца Эўразьвязам ды АБСЭ.
Менавіта на паседжаньне гэтай рады беларускія ўлады не пусьцілі аднаго з заснавальнікаў цэнтру, былога шэфа менскай групы АБСЭ доктара Ганса-Георга Віка. Яму проста не далі візы на выезд. З гэтай нагоды я запытаў сяброў рады, якім чынам яны адрэагавалі на такія дзеяньні беларускіх уладаў да іхнага калегі. Вось, што адказаў выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Мішэль Рывалье:
(Рывалье: ) "Гэта проста ня месца й ня час для такога адказу".
Ягоны расейскі калега, прадстаўнік інстытуту Эўропы РАН Юры Барко сказаў трохі больш:
(Барко: ) "Я проста хачу падтрымаць як расейскі прафэсар спадара Рывалье. Бо мы лічым, што ўсё ж ня варта блытаць праблемы разьвіцьця адукацыі з праблемамі цяперашняй палітыкі й адносінамі беларускіх уладаў да таго ці іншага заходняга палітычнага дзеяча".
А рэктар менскага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту акадэмік Анатоль Міхайлаў пасьля сказаў, што недарэмна ягоныя калегі не завастралі ўвагі на справе спадара Віка. Сябры рады проста ня хочуць абвастраць адносінаў зь беларускімі ўладамі, што можа вельмі нэгатыўна паўплываць на дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.