Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

* ЛЁНДАН. Выдавец твораў пісьменьніцы Джоан Роўлінг абвергнуў паведамленьні, што наступная кніга пра Гары Потэра выйдзе сёлета ў ліпені. Выдавецтва «Блумсбэры» паведаміла, што тэрмін выхаду кнігі пакуль застаецца невядомы, бо пісьменьніца яшче ня скончыла працу над ёй. Выдавецтва пагадзілася, што ідэальным тэрмінам выхаду кнігі «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса» быў бы ліпень 2002 году, аднак паабяцала паведаміць дату публікацыі толькі калі атрымае закончаны тэкст кнігі.

* ВАШЫНГТОН. Паведамляецца, што амэрыканскім вайскоўцам, якія рыхтуюцца да магчымага рэйду супраць базаў «Аль-Каіды» ў Самалі, раюць чытаць кнігу Марка Боўдэна «Сьвітанак чорнага ястраба». У кнізе Боўдэна распавядаецца пра няўдалую амэрыканскую антытэрарыстычную апэрацыю 1993 году ў сталіцы Самалі Магадышу, у выніку якой загінула 18 амэрыканскіх вайскоўцаў і сотні самалійцаў. Паводле выказваньня прадстаўніка амэрыканскага камандаваньня, у кнізе дакладна апісваюцца ўсе небясьпекі магчымай апэрацыі.

* ЛЁНДАН. У Брытанскай Бібліятэцы адкрылася выстава кніг і лістоў пісьменьніцы Айрыс Мэрдак. Выстава супала з выхадам на экраны новага фільму пра пісьменьніцу. Сярод экспанатаў выставы – падпісаная Айрыс Мэрдак пэтыцыя 1968 году з патрабаваньнем да Савецкага Саюзу вывесьці сілы дзяржаваў Варшаўскай дамовы з Чэхаславаччыны. За 40 гадоў сваёй творчасьці мэрдак напісала 26 раманаў. Пісьменьніца памерла ў веку 80 гадоў ад хваробы Альцгаймэра ў лютым 1999 году.

* ПАРЫЖ. У шпіталі Сэнт-Антуан у Парыжы ў веку 71 году памёр ад раку францускі інтэлектуал, сацыёляг і пісьменьнік П’ер Бурдзьё. У 60-х гадох Бурдзьё прычыніўся да стварэньня крытычнай сацыялёгіі мадэрнасьці і пачаў браць актыўны ўдзел у сацыяльным і палітычным жыцьці Францыі. Апошняе дзесяцігодзьдзе П’ер Бурдзьё вёў змаганьне супраць глябалізацыі і супраць згубнай ролі сродкаў масавай інфармацыі – асабліва тэлевізіі - у сёньняшнім сьвеце. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак зазначыў, што са сьмерцю Бурдзьё Францыя страціла аднаго з сваіх самых таленавітых і найбольш прызнаных у сьвеце інтэлектуалаў.

* ГЛАЗГА. Былы гангстэр Пол Фэрыс, які гэтымі днямі выйшаў з турмы, зьбіраецца прысьвяціць жыцьцё літаратуры. Гэты 38-гадовы жыхар Глазга адседзеў 7 гадоў за гандаль зброяй. Свой першы раман ён напісаў з дапамогай свайго сацыяльнага кансультанта і выдаў яшчэ падчас зьняволеньня. Пол Фэрыс лічыць, што бальшыні крымінальных раманаў не хапае аўтэнтычнасьці. Ён зьбіраецца ствараць як мага больш рэалістычную прозу, грунтуючыся на сваім багатым крымінальным досьведзе.

* ЛЁНДАН. Папулярнасьць кніг пра Гары Потэра паспрыяла таму, што аб’ём кніжнага продажу ў Вялікабрытаніі летась упершыню адолеў бар’ер 1 мільярду фунтаў. Апрача кніг Джоан Роўлінг найбольшай папулярнасьцю карысталіся кулінарныя кнігі Джэймі Олівэра і Дэліі Сьміт. Паводле рэдактара часапісу Book Seller Джоэла Рыкета, гэты новы рэкорд азначае, што людзі куплялі больш кніг, чым звычайна, і, што самае важнае, шмат хто купляў кнігі ўпершыню ў сваім жыцьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG