Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮЛІЯ ЧЫГІР: “ГЭТЫЯ ПАКАЗАНЬНІ ЦАЛКАМ АБВЯРГАЮЦЬ АБВІНАВАЧАНЬНІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Перад судзьдзямі, якія вырашаюць лёс Чыгіра-малодшага і яшчэ двух маладых асобаў, якіх таксама падазраюць у крадзежы аўтамабіляў, сёньня паўстаў як сьведка зваршчык Руслан Сакалоў. Гэта той самы майстар, які на просьбу Аляксандра Чыгіра пераварыў пранумараваную частку з аднаго аўтамабіля на другі, быццам скрадзены Чыгіром.

Сьледчыя перакананыя, што гэтай няхітрай апэрацыяй сын былога прэм’ера спрабаваў схаваць сьляды крадзяжу мікрааўтобуса “Форд-транзыт”. Як доказ прыкладаюць высновы экспэртызы, якая знайшла швы зваркі. Але абвінавачаны даказвае, што ён мяняў значна большы кавалак з нумарной часткай, што паказала экспэртыза.

З гэтага можа атрымацца, што Чыгір набыў мікрааўтобус з ужо замененай часткай крадзенага аўтамабіля, але пра гэта ня ведаў. Словы Аляксандра Чыгіра маглі быць пацьверджаныя сёньняшнімі паказаньнямі Руслана Сакалова.

Зваршчык распавёў, як ён пераварваў зь іншага мікрааўтобуса пранумараваную частку. Паводле сьведкі, гэта быў сапраўды вялікі кавалак кузава, а ня толькі кавалачак зь лічбамі. “Там павінны быць яшчэ й мае швы, а ня толькі тыя, якія знайшла экспэртыза”, — заявіў судзьдзям сьведка Сакалоў.

Абарона Чыгіра-малодшага лічыла паказаньні зваршчыка ключавымі й не хавала свайго задавальненьня, што гэтыя паказаньні прагучалі. Паводле абаронцы Юліі Чыгір, словы Сакалова разбураюць вэрсію пра віну яе сына.

(Юлія Чыгір: ) “Сьведка сказаў тое, што было, і ягоныя паказаньні цалкам абвяргаюць абвінавачаньні. Але гэтыя паказаньні не сыходзяцца з высновамі сьледчых, якія сьцьвярджаюць, што зварачныя швы знаходзяцца ў іншым месцы. Цяпер трэба зноў агледзець мікрааўтобус з экспэртамі, каб чалавек паказаў, дзе ён рабіў зварку і каб экспэрты праверылі, ці ёсьць там швы. І ўсё.

Падчас расьсьледаваньня мы год прасілі пра гэта, пісалі хадайніцтвы ў пракуратуру, паўсюль, але нам адмаўлялі. Гэтак і перадалі справу ў суд. Больш за тое, нават адмовілі дапытаць сьведку Сакалова па гэтым пытаньні”.

З хадайніцтвам правесьці новую экспэртызу аўтамабіля з удзелам экспэртаў і сьведкі зьвярнуўся да суда абвінавачаны Чыгір і ягоны адвакат Аляксандар Пыльчанка, але суд гэтай просьбы не задаволіў. Судзьдзі пагадзіліся з аргумэнтамі пракурора, які нагадаў, што ў судзе яшчэ не дасьледаваныя дадзеныя першай экспэртызы. Адвакаты спадзяюцца, што пасьля гэтага экспэртызу ўсё ж паўтораць, бо пакуль высновы экспэртаў прыкметна разыходзяцца са словамі сьведкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG