Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛОМУ КІРАЎНІКУ КНГ АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ АДМОВІЛІ Ў АТРЫМАНЬНІ БЕЛАРУСКАЙ ВІЗЫ НА ЎЕЗД


Уладзімер Глод, Менск

Паводле словаў амбасадара Віка, за візай ён зьвярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Беларусі яшчэ летась у сьнежні, аднак ніякага адказу адтуль не атрымаў. У пачатку студзеня ён падаў яшчэ адну заяву — на гэты раз у беларускую амбасаду ў Бэрліне, дзе яму паведамілі, што апошні тэрмін атрыманьня адказу — 23 студзеня.

Менавіта сёньня спадар Вік даведаўся ў амбасадзе, што ў ягонай просьбе яму адмовілі.

Беларуская віза была неабходная былому кіраўніку КНГ АБСЭ, каб удзельнічаць у першым паседжаньні міжнароднай назіральнай рады Цэнтру эўрапейскіх і трансатлянтычных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску.

Сустрэча сяброў назіральнай рады, адным зь якіх і ёсьць нямецкі дыплямат, павінна была прайсьці 25 і 26 студзеня. Сам жа цэнтар ствараўся пры фінансавай падтрымцы Эўрапейскай камісіі і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) — структурнага падразьдзяленьня АБСЭ.

Амбасадар Вік шкадуе пра дзеяньні беларускіх уладаў.

(Вік : ) “Я шкадую, што беларускія ўлады не даюць мне магчымасьці дапамагчы разьвіцьцю цэнтру — аднаго зь нямногіх незалежных інстытутаў у Менску, дзе беларускія навукоўцы могуць супрацоўнічаць з калегамі з суседніх краінаў, краінаў Эўрапейскага Зьвязу і Паўночнай Амэрыкі на карысьць маладога пакаленьня беларусаў. Адмова ў выдачы візы супадае па часе з шэрагам іншых нэгатыўных рашэньняў беларускіх уладаў, якія датычаць стварэньня спрыяльных умоваў для паляпшэньня адносінаў паміж краінай і эўрапейскімі інстытутамі”.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі пацьвердзілі, што былому кіраўніку КНГ АБСЭ адмовіліся даць візу на ўезд. Гаворыць прэсавы сакратар МЗСу Павал Латушка:

(Латушка: ) “Так, сапраўды, — я магу пацьвердзіць, што беларускі бок ня выдаў уязной візы былому кіраўніку місіі АБСЭ ў Беларусі Гансу-Георгу Віку. У адпаведнасьці зь міжнароднай практыкай, якая склалася па консульскіх пытаньнях, мы не камэнтуем падставы нявыдачы візаў”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч гэтак пракамэнтаваў дзеяньні беларускіх уладаў:

(Статкевіч: ) “Гэтыя дзеяньні нашых уладаў, безумоўна, не выклікаюць ужо зьдзіўленьня — таму што паводзіны кіраўнікоў кіроўнага рэжыму бясспрэчна хамскія і даўно ўжо не выглядаюць як дзеяньні кіраўнікоў цывілізаванай краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG