Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ІГНАРУЮЦЬ САЮЗНЫ БЮДЖЭТ


Уладзімер Глод, Менск

Вось ужо другі год запар Беларусь пералічвае ў саюзны бюджэт прыкладна аднолькава — 29,8% ад патрэбнага ў 2000 годзе і 30,2% — летась. Для параўнаньня: Расея ў 2000 годзе нават перавыканала свае абавязкі, а летась крыху не дацягнула да неабходнага.

Пры гэтым, прапорцыя ўнёскаў, згодна з дамоўленасьцямі, два гады запар застаецца бязь зьменаў — расейцы пералічваюць 65% агульнага бюджэту, беларусы — астатнія 35%.

Справаздача пра выкананьне бюджэту летась і яе параўнаньне з адпаведнай за 2000 год паказваюць некаторыя цікавыя тэндэнцыі. Як і год таму, Беларусь цалкам альбо амаль цалкам праігнаравала фінансаваньне саюзных праграмаў вытворчасьці інтэгральных мэханізмаў, якаснай малочнай прадукцыі, разьвіцьця машынабудаваньня для швейнай прамысловасьці.

Летась Беларусь не знайшла грошай на шырока рэклямаваную праграму стварэньня саюзнага тэлевізара. Тым часам, дарэчы, Расея летась зьнізіла на 20% мытную пошліну на імпартныя тэлевізары і адмовілася разглядаць прапанаваны Беларусьсю праект дамовы аб мерах па абароне беларускіх і расейскіх тэлезаводаў.

“Чаму Беларусь і Расея фактычна нч могуць давесьці да ладу хаця б адзін-два сумесныя эканамічныя праекты?”

На гэтае пытаньне адказвае вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Расея імкнецца ў заходнюю цывілізацыю, да дэмакратыі й рынку, а нашы ўлады лічаць, што гэта ёсьць памылковы курс, і раней ці пазьней Расея ад яго адмовіцца. Таму зразумела, што Беларусь і Расея рухаюцца ў розных накірунках. І ў гэтых умовах яны ня знойдуць агульнай мовы. Бларускія ўлады імкнуцца зьдзейсьніць тыя праекты, што накіраваныя на былое: вайсковую моц, культурную ізаляцыю ад Захаду, вяртаньне да каманднай эканомікі... На гэта грошы будуць. А праекты, што накіраваныя на паляпшэньне матэрыяльнага жыцьця, іх цікавяць значна менш”.

Між тым, цалкам альбо ў значнай ступені прафінансаваныя ў саюзным бюджэце праграмы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Не было праблемаў зь фінансаваньнем “Славянскага базару ў Віцебску”. Гэтыя факты даюць уяўленьне аб прыярытэтах беларускага кіраўніцтва.

Цікава, што, як і год таму, бясспрэчнымі лідэрамі фінансавага забесьпячэньня сталі выканаўчыя органы — раней выканкам саюзу Беларусі й Расеі, цяпер — Сталы камітэт саюзнай дзяржавы. Апошні, дарэчы, кантрольныя органы абвінавацілі ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў бюджэту на суму каля 181 мільёна расейскіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG