Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў дакумэнты зь сёньняшняй “Народнай Волі”, паводле якіх былы віцэ-прэм’ер Уладзімер Замяталін лабіраваў інтарэсы камэрцыйных структураў у гандлі трактарамі з Іракам.
Міхаіл Чыгір заявіў, што яшчэ да зьяўленьня гэтых дакумэнтаў у друку ведаў пра тое, што Замяталін стварыў “зялёны калідор” для гандлю з Іракам адной зь фірмаў.
(Чыгір: ) “Я думаю, усё адпавядае рэчаіснасьці. А пра асноўны дакумэнт я даведаўся, калі Замяталін яшчэ быў віцэ-прэм’ерам. Я добра ведаю, што такія дакумэнты падпісваць нельга, забаронена падпісваць такія дакумэнты. Гэта называецца лабіраваньнем інтарэсаў адной зь фірмаў. Прычым у дадзеным выпадку гэта адкрытае лабіраваньне, бо ён жа не напісаў: вось глядзіце, можа гэта лепей. А тут ён пэўна піша: толькі праз гэтую фірму трэба весьці гандаль і ні празь якую іншую”.
(Карэспандэнт: ) “Маецца на ўвазе фірма “Белмэталэнэрга”?”
(Чыгір: ) “Ня памятаю назвы, але раней я дакладна ведаў, што Замяталін стварыў “зялёны калідор” для адной фірмы ў гандлі з Іракам”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы думаеце, ён меў нейкі інтарэс?”
(Чыгір: ) “Ну, каб Чыгір такі дакумэнт падпісаў бы, то ён бы можа і з Валадаркі ня выйшаў”.
(Карэспандэнт: ) “Калі вы былі прэм’ерам, Замяталін ужо пачынаў кантакты з Іракам?”
(Чыгір: ) “Так, пачынаў, але дакладна тымі кантактамі я не цікавіўся. А калі я ўжо ня быў прэм’ерам, а яго прызначылі віцэ-прэм’ерам, да мяне трапіла гэтая інфармацыя — што ён лабіруе інтарэсы адной зь фірмаў”.
(Карэспандэнт: ) “А ці мелі вы зьвесткі, што мае нейкае дачыненьне да гандлю з Іракам Сяргей Гайдукевіч?”
(Чыгір: ) “Не, такіх зьвестак я ня меў. Я добра ведаў, што ён меў там добрыя сувязі, бо служыў у Іраку, як быў вайскоўцам. Але што ён неяк датычны да гандлю трактарамі з Іракам, я пра такое ня ведаю”.
(Карэспандэнт: ) “Такім чынам, вы ня бачыце нейкай асабістай зацікаўленасьці Гайдукевіча ў зьяўленьні гэтых зьвестак пра Замяталіна?”
(Чыгір: ) “Магчыма, нейкае перакрыжаваньне інтарэсаў адбылося. У мяне былі зьвесткі, што Гайдукевіч спрабаваў займацца нафтавым гандлем праз Ірак, але, паўтараю, што ён датычны да гандлю трактарамі, — чую ўпершыню”.