Масква ўчора адрэагавала жорстка: маўляў, Вашынгтон чарговым разам умешваецца ва ўнутраныя справы Расеі й скарыстоўвае “падвойны стандарт”. Расейскім аналітыкам такі абмен крытыкай не падаецца небясьпечным для новага саюзу, што ўсталявалі прэзыдэнтамі Бушам і Пуціным пасьля тэрарыстычнага нападу 11 верасьня.
Але паказвае, што ізноў ёсьць напружаньне.
“Апошнімі некалькімі тыднямі не адбылося амаль ніякага руху наперад у расейска-амэрыканскіх стасунках”, – сказаў Сяргей Рогаў, дырэктар Інстытуту ЗША і Канады.
(Рогаў: ) “Сёньня гэта – лёзунг без напаўненьня. Без прагрэсу старыя праблемы накшталт правоў чалавека і Чачэніі могуць вярнуцца на самы пачатак. Нам патрэбны пэўны рух наперад і, фактычна, новыя расейска-амэрыканскія стасункі павінны быць усталяваныя ў наступныя некалькі месяцаў, перш, чым прыедзе ў Расею прэзыдэнт Буш. Калі ў нас няма новых пагадненьняў і захадаў, то вакно магчымасьцяў можа пачаць зачыняцца”.
На мінулым тыдне Дзярждэпартамэнт ЗША найбольш жорстка за апошнія месяцы скрытыкаваў чачэнскую вайну, назваўшы апошнія апэрацыі “працягам парушэньняў правоў чалавека” і неадпаведным “выкарыстаньнем знішчальнай сілы супраць цывільных аб’ектаў”.
Учора расейскае міністэрства замежных справаў выдала дыпляматычную ноту пратэсту ў сувязі з наведваньнем двума амэрыканскімі дыпляматамі акцыі ў Владывастоку ў падтрымку Рыгора Паско – ваеннага журналіста, які распавёў у прэсе, што расейскі флёт забруджвае мора ядзернымі адходамі.
Амэрыканская амбасада пацьвердзіла, што дзьве афіцыйныя асобы наведалі мітынг ў мінулы чацьвер, але толькі ў якасьці назіральнікаў.
Міністэрства замежных справаў Расеі таксама абвінаваціла Злучаныя Штаты ў спробах уціску на судовыя працэсы, каб цалкам было зьмененае рашэньне пра ліквідацыю ТВ-6 – апошні значны незалежны агульнанацыянальны тэлевізійны канал у Расеі. У сваёй ноце Міністэрства замежных справаў назвала амэрыканскія заявы “маніфэстацыяй падвойных стандартаў у дачыненьні да свабоды прэсы ў Расеі”. “На самой справе, гэта заклік ціснуць на суды, а гэта недапушчальна”, – зазначаецца ў ноце.
ТВ-6 ліквідуецца паводле фінасавай судовай позвы меншыні акцыянэраў – пэнсійнага фонду расейскага нафтавага гіганту Лукойлу.
Кіраўніцтва ТВ-6 учора паспрабавала ўнікнуць закрыцьця кампаніі, даслаўшы ва ўрад просьбу, каб ліцэнзія была перааформленая на журналістаў, якія працуюць на станцыі.