Паводле ўказу, кіраўніка службы судмэдэкспэртызаў прызначае на пасаду прэзыдэнт і паводле статусу ён цяпер ёсьць намесьнікам генэральнага пракурора. Супрацоўнікі судмэдэкспэртызы будуць забясьпечвацца службовым жыльлём ад пракуратуры. Пры гэтым у камэнтарах да ўказу гаворыцца, што служба не ўваходзіць у органы пракуратуры. Указам павінна быць зацьверджанае Палажэньне аб дзяржаўнай службе судмэдэкспэртызаў, але ніхто гэтага Палажэньня пакуль ня бачыў.
Мы зьвярнуліся па камэнтар да адваката Тацяны Вардомскай:
(Вардомская: ) “На маю думку, гэты ўказ супярэчыць як Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу, так і Закону аб пракуратуры й Канстытуцыі Беларусі. Экспэрт павінен быць незалежны. Падстава для адводу экспэрта — ягоная службовая залежнасьць, у тым ліку і ад пракурора. Пракуратура ажыцьцяўляе функцыю абвінавачаньня, а калі ўказ падпарадкоўвае экспэрта генэральнаму пракурору, то казаць пра незалежнасьць экспэрта ўжо немагчыма.
Як юрысту мне незразумела, якім чынам можна казаць, што служба судмэдэкспэртызы незалежная ад структуры пракуратуры, калі яна наўпрост падпарадкоўваецца генэральнаму пракурору і ён адказны за забесьпячэньне яе дзейнасьці. Я думаю, што на практыцы гэта будзе мець цяжкія наступствы. Шкада, што нельга пачытаць Палажэньні, якія павінны былі расшыфраваць, якім чынам дзяржаўная служба будзе дзейнічаць ва ўмовах яе набліжэньня да пракуратуры”.
Самі супрацоўнікі пракуратуры таксама зьбянтэжаныя гэтым указам. Вось меркаваньне аднаго зь іх, які не пажадаў назваць свайго прозьвішча Радыё Свабода:
(Супрацоўнік пракуратуры: ) “На маю думку, дзяржаўная служба судмэдэкспэртызаў павінна быць незалежнай і не падпарадкоўвацца ні Міністэрству аховы здароўя, як гэта было раней, ні органам пракуратуры, як стала цяпер. Калі экспэртыза будзе незалежнай — яна будзе больш аб’ектыўнай. Хаця ў нейкай ступені экспэрты так ці інакш залежаць ад Міністэрства аховы здароўя. Яны там атрымліваюць адукацыю, праходзяць курсы падвышэньня кваліфікацыі, абараняюць дысэртацыі. Гэта неабходна было скасаваць. Але цяпер яны будуць залежаць і ад Міністэрства, і ад пракуратуры”.
Самі судмэдэкспэрты абураныя ўказам. Адзін зь іх у размове са мной задаў рытарычнае пытаньне: “Ці можна казаць пра незалежнасьць экспэрта, калі ад кіраўнікоў пракуратуры залежыць ягонае кватэрнае пытаньне?”