Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІТРАПАЛІТ МІКАЛАЙ МАЦУКЕВІЧ: БЕЛАРУСКІЯ ПАНЯВОЛЬНІКІ СЬМЯРОТНА ГРАШАЦЬ СУПРАЦЬ УЦЕЛАЎЛЕНЬНЯ СЫНА БОЖАГА


Радыё Свабода.

Дарагія браты і сёстры!

Аднойчы мне давялося размаўляць з мусульманінам. Пачуўшы, што я хрысьціянін і праваслаўны, ён сказаў: “Так, я ведаю, вы верыце, што Бог мае сына, і што Ён нарадзіўся ад жанчыны”. Факт, які ў вачах вызнаўцаў іншых рэлігіяў акрэсьлівае самую істоту хрысьціянскае веры, на жаль, вельмі часта застаецца па-за ўвагай саміх хрысьціянаў. Тым часам праўда аб уцелаўленьні Сына Божага павінна была б стацца прычынай гонару для кожнага хрысьціяніна.

Мы, хрысьціяне, маем дар і ласку звацца сёстрамі і братамі Госпада Ісусуа Хрыста паводле цела і дзецьмі Божымі – ласкаю Сьвятога Духа ў Ісусе Хрысьце атрымалі мы дар прыбранага сыноўства ад Госпада. Гэткі дар Ласкі Божае атрымлівае кожны, хто прымае Сьвяты Хрост. Хрысьціяне не павінны ісьці за сьветам, тым болей, жыць паводле ягоных правоў. Праваслаўная царква аддае хвалу спрадвечнаму і беспачатнаму Богачалавеку, Сыну Адзінароднаму, ад Айца роджанаму перад усімі вякамі. Бог-Сын прыняў цела, каб захаваць сутнасьць свае істоты быць Сынам у небе і Сынам на зямлі, роджаным ад Айца па-за часам і ад зямное маці, Найсьвяцейшае Багародзіцы ў часе. Уцелаўленьне другое Асобы Найсьвяцейшае Тройцы – Сына Божага – не адбылося зьнянацку, а было запаведана Богам у розным часе, месцах праз выбраных ім асобаў – прарокаў. Абяцаньне Збаўцы даў Бог адразу пасьля ўпадку праайцоў – прыйсьце нашчадку з пакаленьня Юды, якога паслухаюцца народы, прарочыў Якуб Ізраіль. Уладар Давід у псальмах неаднаразова запавядаў прыход Месіі-Збаўцы ад Бога…Пра нараджэньне Сына Божага ад Дзевы кажа прарок Ісая: “Вось Дзева зачне і народзіць Сына і назаве яго імём Эмануэл”.

Людзкі розум ніколі ня зможа да канца спасьцігнуць таямніцу Божага ўцелаўленьня. Таму ад пачатку абвяшчэньня добрае навіны пра Ісуса Хрыста, яго крыжовае сьмерці ды ўваскрасеньня былі тыя, што палічылі Раство Госпадава немагчымым альбо не адпавядаючым велічы Бога. Але для Бога няма нічога немагчымага, акрамя толькі таго, чаго Ён сам ня хоча. Бог ня мае страху, бо хто або што магло б яму пагражаць? Таму нават і прымаючы зьменліваю чалавечую прыроду, Ён застаецца нязьменным. Уваходзячы ў час, застаецца па-за часам. Уваходзіць на зямлю, але неба не пакідае. Усё зямное стварэньне прыгатаўляецца на прыйсьцё свайго Тварца і Ўладара. Праз сваю прысутнасьць на зямлі Сын Божы чыніць сябе саўдзельнікам поўні сьвету, асобы чалавека, народаў, дзеяў, гісторыі, падзеяў, учынкаў, лёсаў, памяці, памкненьняў, моваў, культураў, твораў, пачуцьцяў, знакаў мрояў і вобразаў. Усё гэта ў Ісусе Хрысье набывае новы сэнс, успрымаецца Богам, прызносіцца і ўзыходзіць на пасаду нябеснае славы Сына Чалавечага.

Пасьля таго, як прыйшло на сьвет Божае Дзіця, зямны парадак рэчаў адмяніўся, стварэньне набыло новае Боскае вымярэньне, час бярэ ўдзел у вечнасьці.

Мы, беларусы, можам глядзець на нашую гісторыю з гэткае пэрспэктывы, але зрабіць можам толькі адкрыўшы нашыя сэрцы дзеяньню Божае Ласкі, ачысьціўшы вочы нашае душы. Тады мы адкрыем для сябе, чаму наш народ так мілы ў абліччы Госпада, а беларускія панявольнікі сьмяротна грашаць супраць уцелаўленьня Сына Божага. Тады адкрыецца нам новы сьвет і зазьзяе нам прамень нятленнага сьвятла.

Ужо час на цябе, Беларускі Народзе, адкінь ад сябе ідальскую ману грэшнікаў, што Бога не баяцца, адступіся ад жудаснага бяздоньня забыцьця і адкрый для сябе, што сёньня Хрыстос родзіцца на нашай зямельцы, пазьбірай твае дыямэнты, каб не таптаў іх чужынец, занясі іх як ахвяру для валадарства жыцьця, бо надыйшоў час і Ён чакае цябе, жадае табе ратунку ў бязьмежжы свае любові, што прыйшла ў гэты сьвет праз Дзявочае нараджэньне.

Хрыстос родзіцца!
Слаўце Яго!

Мітрапаліт Мікалай Мацукевіч,
першагіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG