Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЭСЬЦЬ РАЁНАЎ БЕЛАРУСІ ЎВОДЗЯЦЬ СЁЛЕТА ПАДАТАК ЗА ПЕРАСЯЧЭНЬНЕ МЯЖЫ З УКРАІНАЙ


Казімер Яноўскі, Гомель

У абласным бюджэце, зацьверджаным сёньня сэсіяй аблсавету, мясцовыя падаткі й зборы не перавышаюць 7%, што адпавядае прыкладна 40 мільярдам рублёў. У гэтай суме непасрэдныя зборы на беларуска-ўкраінскай мяжы, паводле ацэнкі фінансавай управы аблвыканкаму, могуць дасягнуць 2–3 мільярдаў рублёў.

Адносна невялікая сума выклікае неадназначнае стаўленьне да памежнага збору. Вось што, у прыватнасьці, распавёў старшыня абласнога савету Валеры Сяліцкі:

(Сяліцкі: ) “Я асабіста выступаю супраць гэтага збору. Я пісаў два гады таму з гэтай нагоды зварот у беларускі парлямэнт, каб папрасілі ўкраінскі бок і наогул адмянілі ўсялякія платы пры перасячэньні мяжы. Гэта не па-эўрапейску, не па-сучаснаму”.

Старшыня Брагінскага райвыканкаму Рычард Стэфановіч, чый раён непасрэдна мяжуе з Украінай, мяркуе, што ўкраінскім грамадзянам пры ўезьдзе на беларускую тэрыторыю трэба будзе плаціць за легкавік прыкладна 5 даляраў і за грузавую аўтамашыну — недзе каля 10 даляраў.

Падобныя памеры збораў будуць і ў астатніх пяці памежных раёнах з Украінай — Добрускім, Гомельскім, Ельскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім. Гэта будзе адпавядаць велічыні збораў украінскага боку.

Колькі пратрымаюцца такія памежныя падаткі, сказаць ніхто не бярэцца. Вядома аднак, што больш за ўсё ад памежных збораў будуць пакутаваць сваякі, якія жывуць на супрацьлеглых баках беларуска-ўкраінскай мяжы.

Натуральна, не прыбавіць радасьці плата і дробным гандлярам, што вязуць у Беларусь на рынкі харчы й шматлікія прамысловыя вырабы.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG