Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 50-ТЫ ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ ЮРЫЯ ЗАХАРАНКІ ГРАМАДЗКАСЬЦЬ ПРАВЯЛА ПІКЕТ НА МЕСЦЫ ЯГО ЗЬНІКНЕНЬНЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мы знаходзімся на вуліцы Магілёўскай, дзе стаяць людзі з партрэтамі Юрыя Захаранкі. Мароз 10 градусаў, пайшоў сьнег, вакол сумёты такія, што машыны ледзь рухаюцца. Я пытаюся ў пікетоцаў: што яны тут робяць, чаму ім дарагі Юры Захаранка?

(Малады чалавек: ) “Добры дзень. Мяне завуць Сяржук Серабракоў, я тут знаходжуся таму, што гэта мой грамадзянскі абавязак. Не павінна быць так, што некуды зьнікаюць людзі, тым больш людзі вельмі вядомыя. Калі ўлада замоўчвае, нічога ня робіць, то гэта крымінальная ўлада”.

(Жанчына: ) “Што тут здарылася? Зьнік Захаранка? Не, я ня ведаю, хто ён такі, бо мне ўжо 80 гадоў”.

(Маладая жанчына: ) “Так, я ведаю пра Захаранку, што ён зьнік. І я мяркую, што ўлады да гэтага датычныя, бо ў нас не 1937 год, але нешта падобнае. Мяне завуць Сьвятлана Садоўская”.

Хаця Сьвятлана Садоўская і лічыць сёньняшняе становішча ў Беларусі падобным да таго, што было ў 1937 годзе, яна не баіцца сябе назваць. А вось імя маёй наступнай суразмоўцы так і не ўдалося даведацца. Жанчына праходзіла ўздоўж ланцуга людзей з партрэтамі Захаранкі й гучна казала, што гэтым людзям заплацілі, таму яны і прыйшлі сюды. Што да Захаранкі — яна перакананая, што ён проста зьбег.

(Жанчына: ) “Чаму я так думаю? Таму што я ведаю, я перакананая. Без прычыны чалавек не зьнікае і без прычыны нікога ў турму ня кідаюць. Ну і што, што ён быў у апазыцыі. Гэтак можна палову Менску адправіць, у апазыцыі шмат людзей. Ня веру я, што ён зьнік. А называць сябе ня буду, не хачу з вамі размаўляць”.

(Карэспандэнт: ) “Дазвольце вас спытаць. Толькі што жанчына казала, што вам усім заплацілі за тое, каб вы тут пастаялі? Гэта так?”

(Малады чалавек: ) “Мне нічога не плацілі. Мы стаім тут, бо сёньня дзень нараджэньня Юрыя Захаранкі. Улады нічога не зрабілі, каб яго знайсьці. Больш таго, яны навялі на яго паклёп, быццам ён зьбег некуды ў Нямеччыну. Мы хочам давесьці насельніцтву, што цяпер адбываецца ў Беларусі”.

(Сталага веку жанчына: ) “Дачка мая ў Вене, а ён за мяжой знаходзіцца, у Нямеччыне, на вуліцы Дрэздэна. Толькі нумар дома ня ведаю, трэба ў дачкі спытаць. Не, гэта горад Дрэздэн”.

(Мужчына: ) “Што пра гэта сказаць? Добрыя людзі зьнікаюць, нічога ня зробіш. Я ня веру таму, што некаторыя кажуць пра Нямеччыну. Гэта лухта. Я пра Захаранку толькі добрае чуў. Так кажуць сапраўдныя беларусы. Мы ж жывем у расейскім палоне, а Захаранка супраць гэтага змагаўся. Трэба моладзь падымаць, культуру нашу адраджаць. Мы ж засталіся без сваёй культуры, вось і я нават родную мову забыўся. Сорамна гэта, а што зробіш”.

Мой апошні суразмоўца назваў толькі сваё імя — Міхаіл. Ён шчыра прызнаўся, што не рызыкуе называць прозьвішча, бо “цяпер такі час”. Гэты чалавек асабіста ня ведаў Юрыя Захаранку, але кажа, што пэўна зь ім сустракаўся, бо жыве побач.

Міхаіл пацікавіўся, што сталася з жонкай і дочкамі былога міністра. Я распавёў апошняе, што пра іх ведаў. Што зьехалі ў Нямеччыну, жывуць пад Мюнстэрам і быццам бы нядрэнна ўладкаваліся. Але калі праз гадзіну я патэлефанаваў Вользе Захаранцы ў Мюнстэр, то пачутае зусім не падалося мне аптымістычнымі навінамі.

(Вольга Захаранка: ) “Мы тут не жывем, а пакутуем. Думаем пра сваякоў, знаёмых. Кожны дзень — гэта як дзень сьмерці. Мы дагэтуль у шоку, усе. Жывем толькі надзеяй, што некалі вернемся на радзіму, у сваю кватэру. Гэта проста кашмар, а не жыцьцё”.

Гэта была Вольга Захаранка, жонка зьніклага былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, якому сёньня споўнілася 50 гадоў. Юры Захаранка зьнік амаль тысячу дзён таму, і дагэтуль пра ягоны лёс можна толькі здагадвацца.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG