Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ МЭР НЬЮ-ЁРКУ БУДЗЕ АТРЫМЛІВАЦЬ ЗА СВАЮ ПРАЦУ ТОЛЬКІ АДЗІН ДАЛЯР


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Пра дзеяньні Блумберга на пасадзе мэра пакуль гавораць няшмат – ён займае яе толькі чатыры дні. Адной зь першых акцыяў новага мэра Нью-Ёрку стала наведваньне ім у шпіталях першых новых нью-ёркцаў, народжаных у новым 2002-м годзе. Але імя новага мэра Нью-Ёрку трывала атаясамліваецца з фінансамі.

У сьпісе найбагацейшых людзей Амэрыкі Майк Блумбэрг займае сорак другую пазыцыю – ягоныя фінансы ацэньваюцца у чатыры мільярды даляраў. Гэта амаль у дваццаць разоў меней, чым у кампутарнага магната Біла Гейтса. Але – значна болей, чым у якога-небудзь іншага амэрыканскага палітыка. Да апошняга часу самым заможным палітыкам у ЗША лічыўся віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні, які, паводле некаторых падлікаў, валодае мільярдам даляраў.

Сваё багацьце новы Нью-Ёрскі мэр зарабіў пераважна на фінансавым рынку. У асяродзьдзі бізнэсоўцаў сьвету ягонае імя вядомае даўно – існуе гэтак званы “індэкс Блумбэрга”, які адлюстроўвае становішча на фінансавых рынках плянэты.

Каб пазьбегнуць канфлікту інтарэсаў, яшчэ падчас выбараў Блумбэрг пакінуў пасаду кіраўніка сваёй фінансавай кампаніі. Аднак даход ад акцыяў у яго застаецца і складае ён амаль дзесяць мільёнаў даляраў у месяц. Таму Блумбэрг ня шмат страціў, калі заявіў, што адмаўляецца ад зарплаты мэра, а больш дакладна, будзе атрымліваць за сваю працу толькі адзін сымбалічны даляр. Мэр Нью-Ёрку атрымлівае каля ста пяцідзесяці тысячаў даляраў у год – у параўнаньні з даходам Блумбэрга ад акцыяў грошы сапраўды мізэрныя.

Такім чынам, Блумбэрг прыйшоў у палітыку ня дзяля грошай. Калі адкінуць зразумелыя асабістыя амбіцыі, у якіх людзі звычайна не прызнаюцца, дык застаюца заявы Блумбэрга пра імкненьне зрабіць жыцьцё нью-ёркцаў лепшым. І ў гэтай справе новаму мэру давядзецца мірыцца з тым, што яго доўгі час будуць параўноўваць з папярэднікам. Рудольфу Джуліяні, які займаў пасаду мэра цягам васьмі гадоў, удалося дамагчыся значных посьпехаў. Істотна зьменшылася злачыннасьць у горадзе, зьявіліся шмат сярэдніх і малых бізнэсаў, зьменшылася беспрацоўе.

Праўда, пасьля тэрактаў 11 верасьня сытуацыя рэзка пагоршылася. Канечне, гэта тычыцца ня толькі Нью-Ёрку – паводле ацэнак, у выніку спаду эканомікі, выкліканага тэрактамі, працу у ЗША згубілі паўмільёна чалавек. Аднак найбольш цяжкія наступствы, у тым ліку і эканамічныя, напаткалі менавіта Нью-Ёрк. І пераадольваць іх давядзецца менавіта сёньняшняму мэру – Майку Блумбэргу.

Нягледзячы на свае мільярды, у прыватным жыцьці Блумбэрг – чалавек дэмакратычны. Напрыклад, Джуліяні вёў вайну з гандлярамі хот-догаў, якія прадаюць іх на нью-ёркскіх вуліцах і абвінавачваў іх у распаўсюджваньні антысанітарыі. Блумбэрг, наадварот, ніколі не цураецца адведаць гэтую паўтарадаляравую сасіску з кетчупам.

Магчыма, гэта – яшчэ адно пацьверджаньне тэорыі, паводле якой самыя заможныя людзі вядомы самай жорсткай эканоміяй.

Ва усялякім разе, падчас сваёй інаўгурацыі новы мэр заявіў, што зьбіраецца пачаць рэфармаваньне гарадзскога бюджэту з уласнага апарату, скараціўшы штат офісу мэрыі на дваццаць адсоткаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG