Сёньня ў Беларусі выходны дзень, таму банкі не працуюць увогуле, а пункты абмену валюты — толькі ў невялікай колькасьці. У банкаматах па-ранейшаму можна атрымаць беларускія рублі, у некаторых — даляры. З тых валютаў, што па часе мусяць спыніць існаваньне, у абменных пунктах прадаюць ды набываюць толькі нямецкія маркі. Але ніхто з наведнікаў зь імі мець справу ўжо не рызыкуе.
Я зьвярнуўся да жанчыны, якая зьбіралася памяняць даляры.
(Карэспандэнт: ) “Вас нейкім чынам хвалюе, што ў абменных пунктах валюты няма наяўнага эўра?”
(Наведніца абменнага пункту: ) “"Праблема эўра мяне ня вельмі хвалюе ўвогуле, бо зьберажэньняў у замежнай валюце няма. Калі, магчыма, паедзем летам адпачываць на Захад, гэта нейкім чынам будзе адчувацца. Хоць, спадзяюся, летам ужо гэта ня будзе праблемай. Пакуль праблемы наяўнасьці ці адсутнасьці эўра непасрэдна я ніяк не адчуваю”.
На пытаньне: якой валюце яна будзе аддаваць перавагу надалей, мая суразмоўца адказала так:
(Наведніца абменнага пункту: ) “Традыцыйна, як і бальшыня жыхароў Беларусі — амэрыканскай валюце. А ўся гэта прыдумка з эўра нагадвае нейкі небясьпечны экспэрымэнт. Калі шэраг краінаў губляюць нацыянальныя валюты, гэта выглядае дзіўна. Бо губляецца частка нацыянальнае культуры, нацыянальнае прыналежнасьці”.
Нягледзячы на тое, што тэарэтычна эўра павінен трапіць у абменныя пункты ўжо заўтра, супрацоўнікі пунктаў нічога ня ведаюць пра гэта. Некаторыя сталыя кліенты банкаў, да якіх я зьвярнуўся па камэнтар, таксама паціскалі плячыма. Вось што кажа прадпрымальнік, якія мае сумесны бізнэс зь нямецкімі партнэрамі:
(Прадпрымальнік: ) “У мяне дамова зь немцамі на арэнду нерухомасьці. Дагэтуль рахунак быў у нямецкіх марках, а зараз аўтаматычна пераводзіцца на эўра, іншымі словамі, рахунак у дойчмарках анулюецца, а ўсе разьлікі будуць паводле эўра.
Я напярэдадні Новага году быў у Нямеччыне, дык ужо тады партнэры рабілі ўсе разьлікі ў эўра. І тады прапорцыя маркі да эўра была 1:2, хоць у бугальтарскіх дакумэнтах курс праходзіць як 1,955. Такім чынам, адпаведныя матэрыяльныя страты ёсьць. А што да нас, дык банкі па-ранейшаму будуць набываць валюту і потым мяняць на эўра. Бліжэйшым часам увод эўра на працы банкаў наўрад ці адаб'ецца”.
А вось у самой Нямеччыне пераход да адзінай валюты не абышоўся без ажыятажу. Я патэлефанаваў да знаёмага ў Брэмэн, і ён адразу распавёў, што некалькі гадзінаў адстаяў у чарзе, каб памяняць маркі на эўра.
(Знаёмы з Брэмэну: ) “У людзей грошай няма, а ў крамах маркі браць ужо ня хочуць. Афіцыйна, як платаздольная адзінка, дойчмарка павінна быць да канца лютага, але насамрэч усё ня так. Учора быў поўны афіційны дзень хаджэньня эўра, але ніхто нічога не купляў, усё было зачыненае. Таму лепей памяняць загадзя. Курс на сёньняшні дзень (і мяркую, ён застанецца бязь зьменаў) — 1, 94. Але я скептычна стаўлюся да эўра і ня веру, што гэта будзе вельмі добра”.
Я пацікавіўся: ці сапраўды немцы ў бальшыні ня вельмі задаволеныя прыходам эўра?
(Знаёмы з Брэмэну: ) “Так. Асабліва гэта людзі сталага ўзросту. Яны колькі гадоў з гэтай дойчмаркай жылі, толькі адна разьліковая адзінка й была. Да таго ж народ падманваюць. Усе кошты акругляюцца, але ў большы бок. Дачка бярэ ўрокі верхавой язды. Раней плацілі 13 марак за гадзіну, зараз — 7,50 — амаль 15 марак. Бэнзін быў 1,78, зараз 94 цэнты, таксама болей. Гэтак ціха кошты паднялі паўсюль”.
У адпаведнасьці зь міжбанкаўскімі пагадненьнямі, зараз ліцэнзіі ад Нацыянальнага банку на набыцьцё за мяжой наяўнага эўра маюць пяць упаўнаважаных беларускіх банкаў. Астатнія яшчэ мусяць прайсьці шэраг тэхнічных працэдураў. Таму, хутчэй за ўсё, наяўны эўра ў Беларусі пакуль што наўрад ці будзе даступнай дзеля масавага набыцьця валютай.