* 26 сьнежня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэньня Генры Мілера, аднаго з найбольш спрэчных і папулярных пісьменьнікаў мінулага стагодзьдзя, аўтара славутых кніг «Тропік Рака» і «Тропік Казярога». Мілер нарадзіўся ў Брукліне ў сям’і краўца нямецкага паходжаньня, пражыў бурлівае жыцьцё ўлучна з эміграцыяй у Францыю і вяртаньнем у Амэрыку. Ягоныя кнігі, пачынаючы з «Тропіка Рака», выдадзенага ў 1934 годзе ў Парыжы, заставаліся да 1961 году забароненыя ў Злучаных Штатах. Шмат якія амэрыканскія вайскоўцы, вяртаючыся па вайне з Эўропы, замест трафэяў везьлі дадому поўныя заплечнікі кніг Мілера. Генры Мілер памёр у поўні славы і жыцьцёвага посьпеху ў Каліфорніі ў 1980 годзе.
* ЛЁНДАН. Джоан Роўлінг у інтэрвію тэлерадыёкампаніі Бі-Бі-Сі распавяла пра свае далейшыя творчыя пляны. Цяпер яна працуе над пятай кнігай у сэріі раманаў пра сірату-чараўніка Гары Потэра. Аўтарка падзялілася сакрэтам, што ў пятай кнізе пачнецца тэма каханьня — бо галоўным героям там ужо будзе па 15 гадоў. Джоан Роўлінг таксама паведаміла, што ўжо напісала эпілёг да апошняй — сёмай — кнігі сэрыі. У ім распавядаецца пра далейшы жыцьцёвы лёс вучняў школы чараўнікоў. Пісьменьніца запэўніла гледачоў, што сёмая кніга пра Гары Потэра будзе апошняя.
* БЭРЛІН. Амэрыканскі пісьменьнік Норман Мэйлер у інтэрвію бэрлінскай газэце tageszeitung назваў «бліскучымі» тэрарыстычныя напады 11 верасьня. «Хто б ні быў злачынцамі, яны правялі сваю акцыю бліскуча. Яны ўчынілі пачварнае, нялюдзкае злачынства зь неверагодным інстынктыўным адчуваньнем таго, як нанесьці Злучаным Штатам найбольшую шкоду», - сказаў Мэйлер. У сваім інтэрвію Норман Мэйлер скрытыкаваў дзеяньні прэзыдэнта Буша, зазначыўшы, што замест вайны варта было б правесьці «халодна прадуманую паліцыйную апэрацыю».
* ЛЁНДАН. Брытанскі пісьменьнік і палітык лорд Джэфры Арчэр, які ў ліпені сёлета быў асуджаны на чатыры гады за фальшывае сьведчаньне, у турме працягвае літаратурную творчасьць, пасьпеўшы за паўгода напісаць новы раман. Аўтар папулярных дэтэктыўных раманаў, дэпутат Палаты Лордаў, Арчэр у інтэрвію газэце Sunday Telegraph паведаміў, што ён задаволены сваім цяперашнім становішчам і за рэшту свайго тэрміну зьбіраецца напісаць і выдаць яшчэ некалькі кніг. Арчэр, які ў турме працуе санітарам, некалі займаў пасаду віцэ-старшыні брытанскай кансэрватыўнай партыі.
* БАГДАД. Ва ўсіх кнігарнях і бібліятэках Іраку зьявілася кніга «Непрыступная крэпасьць», аўтар якой, паводле ўступнай нататкі, пажадаў дзеля сьціпласьці застацца невядомы. У ірацкіх газэтах і тэлевізіі кніга называецца «вялікім творам мастацтва» і «найбольшым творчым дасягненьнем ХХ стагодзьдзя». Гэта не пакідае сумневу ў тым, што аўтар раману на 713 старонках — Садам Хусэйн. У кнізе апісваецца гісторыя маладога ўдзельніка ірана-ірацкай вайны і вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, ягоныя ваенныя прыгоды і каханьне да курдзкай дзяўчыны. Гэта ўжо другі ананімны раман, аўтарства якога прыпісваецца Садаму Хусэйну.