Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УГЛЯНІЦА: “ЁН КАЗАЎ, ШТО ЁН ПАДАЎ, БІЎСЯ АБ ПАДЛОГУ І ЎСЁ ЗАБЫВАЎ”


Сяргей Навумчык, Нарвэгія

(Жарнасек: ) “Віталь Мяцельскі, які жыве ў Барысаве, зьяўляецца непасрэдным сьведкам усіх гэтых падзеяў, хаця нам здаецца, што ён удзельнік гэтых падзеяў. Але пакуль не было суду, хай ён будзе сьведкам. Менавіта ён распавёў нам пра Бягомль, пра паласу перашкодаў, пра джып і пра Ганчара з Красоўскім. Ня мы самі прыдумалі – мы да яго прыйшлі і спыталі. Як мы яго знайшлі? Гэта ўжо справа іншая. Да размовы зь ім мы ня ведалі ні пра паласу, ні пра джып. Гэтае дасьледаваньне было праведзенае, абапіраючыся на ягоныя словы, і мы знайшлі гэта ўсё. Таму, так бы мовіць, пытаньні да спадара Мяцельскага. Наконт таго, што ён казаў, што мы зь ім не размаўлялі, што мы яму нешта абяцалі, – у нас ёсьць запісы зь ягонымі размовамі, якія потым будуць перададзеныя адпаведным органам, якія будуць весьці сьледзтва ў гэтай справе”.

(Навумчык: ) “Якія запісы?”

(Жарнасек: ) “Дыктафонныя запісы ягоных гутарак з намі”.

(Навумчык: ) “Ці ёсьць нешта дадаць у Генадзя Ўгляніцы?”

(Угляніца: ) “Справа ў тым, што Мяцельскі – гэта не выпадковы чалавек, на якога мы выйшлі. Ягоны дзядзька некалі быў намесьнікам камандзіра вайсковай часткі 3214, і сам Мяцельскі патрапіў у гэтую частку менавіта пры дапамозе свайго дзядзькі. У той час, калі ён там служыў, якраз адбываліся гэтыя падзеі. Калі мы знайшлі Мяцельскага, ён адзразу адмаўляўся ад таго, што ён ведае нешта, што ён недзе служыў, казаў, нават, што ён падаў, біўся аб падлогу і ўсё забываў. Але калі мы некалькі разоў зь ім паразмаўлялі, ён пачаў успамінаць усё, што зь ім адбывалася – і ў вайсковай частцы 3214, і потым у СОБРы, куды яго перавялі па пратэкцыі спадара Паўлічэнкі. Таму вельмі шмат было цікавых рэчаў. Але пра гэта пазьней – пасьля таго як мы дамо ў прэсу непасрэдна запісы размоваў зь Мяцельскім”.

(Навумчык: ) “Вы маеце намер даць у прэсу гэтыя запісы?”

(Угляніца: ) “Так, каб зьняць усе пытаньні наконт таго, што мы нешта выдумалі, што мы прымусілі спадара Мяцельскага абылгаць паважаных людзей”.

(Навумчык: ) “Але вось Мяцельскі ў размове з нашым карэспандэнтам Алегам Грузьдзіловічам не пацьвердзіў зьвесткі зь відэакасэты – я маю на ўвазе тую відэакасэту, якую вы распаўсюджвалі. Больш за тое, ён заявіў, што гэта вы яму ўсё прыпісалі. Ён заявіў, што вы ўгаворвалі яго пацьвердзіць гэтыя ілжывыя дадзеныя, а наўзамен абяцалі магчымасьць эміграваць на Захад. Як бы вы пракаммэнтавалі гэта?”

(Жакрнасек: ) “Як мы маглі яму ўсё гэта прыпісаць, калі мы гэтага нічога ня ведалі? Мы даведаліся пра ўсю гэтую справу толькі зь ягоных словаў. Гэта па-першае. Па-другое, тэма эміграцыі ўзьнікла як тэма бясьпекі для яго самога. Мы ў яго спыталі: “Ты можаш пасьля ўсяго гэтага знаходзіцца ў Беларусі?” Ён сказаў: “Не, не магу”. Тады мы яму сказалі, што калі так, то мы нейкім чынам паспрабуем пасадзейнічаць, каб ты зьехаў з краіны. Ён сказаў: “Ня трэба, я паеду ў Сібір, у мяне там ёсьць знаёмы, я там схаваюся”.

(Навумчык: ) “Што вы мелі на ўвазе, калі казалі, што можаце паспрыяць яму зьехаць з краіны? У якой форме гэта магло быць?”

(Жарнасек: ) “Мы маглі яму паспрыяць зьвярнуцца да нейкіх праваабарончых структураў, што ёсьць ў Беларусі, да той самай “Вясны” ці да іншых. Вось адзінае, у чым мы маглі яму паспрыяць”.

(Навумчык: ) “Спадар Жарнасек, да вас яшчэ адно пытаньне. Чаму пасьля зьяўленьня гэтага інтэрвію зь Мяцельскім (нагадаю, што яго рабіў наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч) вы не пракамэнтавалі словы Мяцельскага, пазваніўшы на Радыё Свабода альбо праз кампутарную пошту? Нагадаю, што менавіта вы перадалі адрэсу Мяцельскага нашаму радыё і выглядала б даволі лягічна, каб менавіта вы працягнулі гэты дыялёг”.

(Жарнасек: ) “Справа ў тым, што нам ад спадара Грузьдзіловіча патрэбна было толькі адно – каб ён знайшоў спадара Мяцельскага жывым. Усё. Нам трэба было ўдакладніць, што Мяцельскі жывы і знаходзіцца ў сябе ў хаце. Гэта адзінае, што нам трэба было. Таму што ў нас дыктафонныя запісы нашых зь ім гутарак – гэта ўвесь адказ на гэтае пытаньне”.

(Навумчык: ) “Што вы можаце дадаць, Генадзь Угляніца?”

(Угляніца: ) “Вы ведаеце, калі ўжо казаць пра Мяцельскага і пра тое, што ён абвінавачвае нас у хлусьні, дык мы можам сказаць яшчэ адно. Пры той размове, калі Мяцельскі распавёў пра ўсё, што здарылася ў ноч, калі забівалі Ганчара і Красоўскага, у хаце, дзе мы знаходзіліся, быў яшчэ адзін чалавек, пра яго мы зараз ня згадваем. І Мяцельскі пра гэта таксама ведае, бо ён прыходзіў да яго і раз-пораз раіўся. Перад ім ён даставаў свае здымкі, якія былі зьнятыя ў частцы СОБРу (ня ў частцы 3214), адзін зь якіх быў апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі. Усё гэта нам даваў Мяцельскі. Калі будзе нармальны суд, нармальны працэс, ён прызнаецца ў тым, што было і пры нашых размовах, і што было падчас яго службы ў СОБРы Паўлічэнкі”.

(Навумчык: ) “Дарэчы, тут я зноў спашлюся на нашага карэспандэнта Алега Грузьдзіловіча, па ягоных зьвестках Віталь Мяцельскі сьцьвярджае, што ягонай асобай ніхто са сьледчых дагэтуль не цікавіўся. Чаму ён так кажа, на вашую думку, і як вы гэта можаце патлумачыць?”

(Угляніца: ) “Ведаеце, увесь час мы назіраем, што ў нашых судах адбываецца нешта дзіўнае – там ідзе не судовы працэс, а нейкае тэатралізаванае дзеяньне. І тое, што Мяцельскім не цікавяцца, гэта нармальна выглядае у тым сэнсе, што праз Мяцельскага... ён чалавек, так бы мовіць, просты і можа сказаць штосьці ня тое. Апрача таго, у Мяцельскага ёсьць сваяк – дзядзька, які ў частцы 3214 быў намесьнікам камандзіра і сышоў адтуль у званьні ці то палкоўніка, ці то падпалкоўніка. І менавіта гэты чалавек шмат чаго ведае і пра службу ў гэтай частцы спадар Паўлічэнкі. Таму ўздымаць пытаньне і выклікаць Мяцельскага на допыты, у суд зараз ніхто ня будзе”.

(Навумчык: ) “Дзякуй, спадар Угляніца. І яшчэ да вас пытаньне, якое, я думаю, узьнікае ў кожнага, хто знаёмы з мэтадамі дзейнасьці КГБ ці хаця б чытаў пра КГБ тое, што ёсьць у адкрытым друку. Вось вы разам з Андрэем Жарнасекам на працягу даволі доўгага часу вялі ўласнае расьсьледаваньне абставінаў забойства Ганчара і Красоўскага, забойства Захаранкі, вы выйшлі таксама на справу Завадзкага. Гэта заняло даволі працяглы час – выглядае, паводле вашых расповядаў, што гэта патрабавала шмат вашых асабістых высілкаў і вашага асабістага часу. Дык вось сярод журналістаў ходзіць такая пагалоска ці меркаваньне, што ў КГБ супрацоўнік літаральна на кожны свой крок піша справаздачу начальству. Як вам удалося схаваць гэтае расьсьледаваньне? Вы ж выяжджалі і на месца, у Бягомль, і праводзілі шмат сустрэчаў. Апрача гэтага, у вас была звычайная служба ў КГБ, абавязкі якой з вас ніхто не здымаў. Як вам удался гэта схаваць ад начальства?”

(Угляніца: ) “Наконт кантролю з боку кіраўніцтва – так, калі мы выконваем нейкую канкрэтную працу і кіраўніцтва ў курсе гэтай справы, мы звычайна робім справаздачу. Але гэта не была справа КГБ, гэта была нашая асабістая справа. Да яе мы падыходзілі прафэсійна, як працавалі па іншых справах. Але вялі мы яе і замыкаліся толькі адзін на аднаго і на людзей, якія нам дапамагалі. Адначасова мы кантралявалі сытуацыю, якая была вакол нашага расьсьледаваньня і адсочвалі тыя моманты, якія маглі быць для нас небясьпечнымі. Уся праца праводзілася ў пазапрацоўны час. Мабыць, калі маё кіраўніцтва добра падумае, і хлопцы, зь якімі я працаваў, яны напэўна згадаюць, як я прыяжджаў раніцай на працу пасьля начных выездаў у Бягомль ці іншыя месцы, чым я займаўся на працы, якія дзіўныя рэчы яны маглі зрэдку назіраць (калі запомнілі). Так што гэта спэцыяльна не хавалася, але разумееце, ёсьць свае нюансы, якія пры такой працы трэба ўлічваць, і абапіраючыся на іх весьці расьсьледаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG