У Менскім абласным судзе працягваецца працэс над былым спэцназаўцам Валерыем Ігнатовічам і яшчэ двума былымі міліцыянтамі й адным крымінальнікам.
Нагадаю, інтарэс да працэсу выкліканы найперш тым, што гэтых людзей абвінавачваюць у выкраданьні ў ліпені мінулага году апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Гэты эпізод, дарэчы, ужо разгледжаны ў судзе, але, паводле крыніцаў з працэсу, дагэтуль няма пэўных адказаў на пытаньні, што здарылася з Завадзкім і дзе ён зараз.
Затое хапае доказаў іншых злачынных дзеяньняў групоўкі Ігнатовіча і сьведчаньняў ягоных трывалых сувязяў з асобамі зь беларускіх спэцслужбаў. На думку адвакатаў пацярпелых, гэтыя сьведчаньні могуць стаць падставай для новага расьсьледаваньня справы пра зьнікненьне Завадзкага, калі суд не прызнае вінаватым у гэтым Ігнатовіча зь ягонымі саўдзельнікамі.
А пакуль у судзе апытваюць сьведкаў забойстваў і нападаў на іншых грамадзянаў Беларусі. Прычым, у ліку тых, хто дае паказаньні, зноў ёсьць "засакрэчаныя асобы". Гэта людзі, якія пагадзіліся выступіць у судзе пры ўмове, што там ня будзе Ігнатовіча.
Сёньня адзін з такіх сьведкаў, які сам адбывае зьняволеньне, распавёў суду пра тое, як групоўка Ігнатовіча абыходзілася з захопленымі людзьмі. Паводле крыніцаў, у судзе гучалі жахлівыя сьведчаньні. Адвакаты не выключаюць, што гэтак жа абыходзіліся і з Завадзкім.
Прычым, некаторыя мяркуюць, што мэтадам абыходжаньня з захопленымі абвінавачаныя Ігнатовіч і ягоныя саўдзельнікі навучыліся падчас знаходжаньня або ў Чачэніі, альбо ў нейкіх адмысловых навучальных цэнтрах спэцслужбаў Расеі ці Беларусі. У прыватнасьці, гэта вынікала з паказаньняў чарговага засакрэчанага сьведкі, які заявіў, што почырк групоўкі Ігнатовіча больш нагадвае дзеяньні спэцназу, чым звычайных крымінальнікаў.