Падчас даследваньня было апытана 275 уплывовых палітыкаў, кіраўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, буйных бізнэсоўцаў, вядомых дзеячоў культуры і прадстаўнікоў урадаў 24 краінаў. У выніку апытаньня выявіліся даволі значныя разыходжаньні ў тым, як самі амэрыканцы разглядаюць дзеяньні свайго ўраду, і як ставіцца да гэтага астатні сьвет.
На пытаньне “ці шмат, а можа і бальшыня простых людзей лічыць, што палітыка ЗША была галоўнай прычынай атакаў 11 верасьня”, толькі 1 з 5 апытаных у ЗША згадзіўся з падобным поглядам. Аднак па-за межамі ЗША падобныя суадносіны былі 3 з 5.
Вынікі апытаньня таксама выявілі значнае разыходжаньне ў тым, як амэрыканцаў успрымае сьвет, і як яны самі ўспрымаюць сябе. Ніводзін з апытаных амэрыканцаў не падзяляе погляд, што рэакцыя Амэрыкі на падзеі 11 верасьня была празмерная. Затое 4 з 10 апытаных па-за межамі ЗША на гэтае пытаньне адказалі “так”.
Эндрю Когут, дырэктар цэнтру П’ю, адзначае, што асаблівае ўражаньне робіць тое, што “дзве траціны, калі не болей, апытаных па-за межамі ЗША лічаць пазытыўным фактам, што цяпер амэрыканцы ведаюць праўду аб тым, што такое быць уразьлівымі на пагрозу тэрарыстычнай атакі”.
Былая дзяржаўны сакратар ЗША Мэдэлін Олбрайт лічыць, што гэтыя вынікі выклікаюць трывогу, але разглядае іх у якасьці непазбежнага ўскоснага ўплыву заканчэньня халоднай вайны.
Калі існавалі дзьве супэрдзяржавы, людзі маглі дзяліць сваё абурэньне паміж імі. А цяперака ўсе нэгатыўныя эмоцыі канцэнтруюцца на ЗША, падкрэсьліла Олбрайт.
У сьвеце таксама пераважае разуменьне таго, што ЗША робяць добрую справу, калі вядуць вайну супроць тэрарызму. 6 з 10 апытаных не-амэрыканцаў лічаць, што простыя людзі падтрымліваюць дзеяньні ЗША. Гэтая падтрымка ўзрастае да 9 з 10 у Заходняй Эўропе.
Але падтрымка выразна зьмяншаецца, калі задаецца пытаньне: ці ЗША і іх саюзнікі павінны атакаваць такія краіны, як Ірак ці Самалі, калі б высьветлілася, што гэтыя краіны падтрымлівалі тэрарыстаў. Палова апытаных амэрыкансцаў лічыць, што атакаваць трэба. Але толькі 3 з 10 апытаных не-амэрыканцаў падзяляюць гэты погляд.
7 з 10 апытаных амэрыканцаў лічаць, што ў змаганьні з тэрарызмам ЗША ўлічваюць таксама інтарэсы сваіх партнёраў. Але ў замежжы 6 з 10 апытаных сцвярджаюць, што Амэрыка дзейнічае галоўным чынам у сваіх уласных інтарэсах.
Апытаньне праводзілася ў пэрыяд, калі канчатковыя вынікі антытэрарыстычнай кампаніі ў Афганістане не былі канчаткова вядомымі, і таму, як лічыць дырэктар цэнтру “П’ю” Эндрю Когут, вынікі яго не такія прыхільныя да ЗША. Яны маглі б быць крыху лепшымі цяпер пасля краху талібскага рэжыму.
Але нават пасля перамогі над талібамі вынікі апытаньня сьведчаць аб тым, што ЗША “адыгрываюць ролю своеасаблівага старажытнага Рыму, і не заўсёды раакцыя нават у краінах, якія ўважаюцца за сяброў, у сапраўднасьці такая ўжо і сяброўская”, – лічыць Эндрю Когут.