Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПРАВЕ ІГНАТОВІЧА СЬВЕДКА РАСКАЗВАЕ ПРА АЎТАМАБІЛЬ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Другі дзень на працэсе над Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі, якіх падазраюць сярод іншага ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага, дапытваюць крымінальніка Сяргея Савушкіна.

Непасрэдна Савушкіну выкраданьне Завадзкага сьледчыя не інкрымінавалі, але ў судзе прагучалі зьвесткі, якія ставяць пад сумнеў высновы сьледчых адносна недатычнасьці Савушкіна да зьнікненьня Завадзкага, — сьцьвярджаюць удзельнікі працэсу.

У прыватнасьці, прагучалі зьвесткі пра аўтамабіль, які быў выкрадзены са стаянкі побач з аэрапортам "Менск-2" у той самы дзень, калі там жа, побач з аэрапортам, зьнік Зьміцер Завадзкі. Паводле крыніцаў, Савушкін пацьвердзіў датычнасьць да выкраданьня аўтамабіля сваіх сяброў. Гэта быў цалкам выпадковы аўтамабіль.

Са сьведчаньняў Савушкіна вынікае, што яго скралі наўмысна, каб скіраваць увагу міліцыі на іншае злачынства. Нібыта дзеля гэтага яго кінулі непадалёк ад аэрапорту. Як вынік, выехаўшы зь месца выкраданьня Завадзкага на машыне Ігнатовіча, зламысьнікі безь перашкодаў праехалі ўсе пасты міліцыі, якая ў той дзень шукала аўтамабіль, што быў скрадзены ў аэрапорце.

Аднак Савушкін не называе імёнаў выкрадальнікаў Завадзкага. Ён сьцьвярджае, што сьледчыя прымушалі яго ўзяць на сябе адказнасьць за гэтае злачынства, шантажуючы сьмяротнай карай паводле іншых эпізодаў справы.

Абаронцы пацярпелых, між тым, мяркуюць, што Савушкін напраўду датычны да зьнікненьня апэратара ОРТ, што й пацьвердзіў сёньняшні допыт.

Таксама крыніцы паведамляюць, што ад Савушкіна пачулі зьвесткі пра нейкія іншыя злачынствы, у тым ліку забойствы, у якіх вінаватая групоўка Ігнатовіча, якія, аднак, ня ўключаныя ў гэтую крымінальную справу. Наконт прычынаў такой пераборлівасьці сьледчых нічога невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG