Паводле iнфармацыi зь берасьцейскай мытнi "Заходнi Буг", надыход Калядаў не паўплываў на становiшча, якое склалася на памежных пераходах. Сёньня ранiцай чарга аўтамабiляў, якiя чакаюць дазволу на ўезд у Польшчу на пераходах "Дамачава" i "Пясчатка", складала адзiн кiлямэтр. На пераходзе "Варшаўскi мост" аналягiчная чарга ўдвая карацейшая, а на грузавым аўтапераходзе "Казловiчы" яе наагул няма.
Гэткая сытуацыя зьдзiўляе нават самiх мытнiкаў: пасьля закрыцьця пераходу ў Брузгах чакалася, што асноўная частка грузавога аўтатранспарту будзе накiроўвацца ў Польшчу менавiта праз тэрмiнал, што пабудаваны каля Берасьця.
Адной з прычынаў адноснага зацiшша зьявiлася тое, што польскi бок скасаваў абмежаваньнi, якiя тычылiся перасячэньня мяжы грузавымi мiкраўтобусамi. Цяпер гэтыя машыны могуць трапiць у Польшчу ня толькi праз Казловiчы, але i iншыя пераходы. У прыватнасьцi, праз пераход "Варшаўскi мост", якi найбольш прыстасаваны для мытнага дагляду мiкраўтобусаў.
Супрацоўнiкi мытнi "Заходнi Буг" абверглi чуткi пра тое, што падчас Калядаў пераходы на беларуска-польскiм участку мяжы будуць зачыненыя. Мытнiкi кажуць, што такое можа здарыцца толькi ў выпадку абвяшчэньня ваенага становiшча. Заявы, пра тое, што рух праз памежныя пераходы ў святочныя днi ня будзе спынены, робяць i прадстаўнiкi польскага боку. Але ў гэтыя днi ў суседняй краiне звычайна зачыненыя ўсе крамы ды кiрмашы, таму беларусаў, якiя жадаюць трапiць у Польшчу на закупы, няшмат.
На берасьцейскiм чыгуначным вакзале сёньня яшчэ ня ведалi, цi будзе на Каляды адменены рух мясцовых цягнiкоў у Польшчу. Штодня з Берасьця ў Тэрэспаль адпраўляюцца чатыры электрычкi, яшчэ адзiн цягнiк iдзе да Беластоку. Досьвед мiнулых гадоў паказвае, што ў калядныя i навагоднiя днi гэтыя цягнiкi здымаюцца з раскладу.
Берасьцейцы, якiя рэгулярна ездзяць у Польшчу, гавораць, што большасьць людзей у Беларусi шануюць iншыя традыцыi i наведваюць суседнюю краiну напярэдаднi Новага году, а не Калядаў. Таму колькасьць жадаючых трапiць у Польшчу iстотна павялiчыцца прыкладна праз тыдзень.