Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЙТ LESBI.BY ЗА ПАЭЗІЮ І СВАБОДНАЕ КАХАНЬНЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Якія Інтэрнэт-выданьні будуць рэгістравацца ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі, ці можна давяраць лічыльнікам рэйтынгаў, сайт lesbi.by за паэзію і свабоднае каханьне.

Удзельнікі: Міхаіл Падгайны, Іван Масьлюкоў, Алена Адамчык, Марыя Дударава

(Цыганкоў: ) "На мінулым тыдні ў інтэрвію газэце "Звязда" міністар інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны заявіў, што неўзабаве мяркуецца пачаць рэгістрацыю беларускіх Інтэрнэт-выданьняў. Для гэтага, паведаміў Падгайны, плянуецца ўнесьцi папраўку ў закон "Аб друку ды іншых СМІ".

У цяперашнім тэксьце закону ёсьць пункт, згодна зь якiм газэта не нясе адказнасьцi за зьвесткi, апублiкаваныя iншымi СМI. I сёньня ў Беларусі, адзначыў Падгайны, "iдзе цэлы шэраг судовых працэсаў, у якiх разглядаюцца публiкацыi са спасылкай на Iнтэрнэт-выданьнi".

Зразумела, што рэгістрацыя СМІ ў Інтэрнэце — рэч неабходная, зь якой Беларусь даўно запазьнілася. Заканадаўчыя падставы для дзейнасьці мэдыяў у сеціве створаныя ўжо ня толькі на Захадзе, але і ў нашых суседзяў.

Іншая справа, што кароткае інтэрвію Міхаіла Падгайнага пакідае шмат пытаньняў, якія мы вырашылі ўдакладніць у спадара міністра. Наша інтэрвію пачалося з пытаньня, ці мае Міністэрства інфармацыі нейкія напрацоўкі, каб уводзіць папраўкі ў закон, ці ўлічваецца тут міжнародны досьвед.

(Падгайны: ) "Мы зараз запрасілі і праз Інтэрнэт нарматыўную базу, і праз наш Дзяржкамстандарт — каб яны далі ўсе нарматыўныя дакумэнты, якія маюцца сёньня ў сьвеце. Але ўсё гэта ўзьнікне толькі пасьля таго, як будзе прынятая новая рэдакцыя закону "Аб друку і іншых СМІ".

(Цыганкоў: ) "Ці лічыце вы, што паправак дастаткова, ці трэба прымаць нейкі асобны закон пра Інтэрнэт?"

(Падгайны: ) "У праекце закону якраз прапісанае паняцьце "сецевыя СМІ".

(Цыганкоў: ) "То бок гэтага дастаткова?"

(Падгайны: ) "Думаю, так. Зрэшты, гэта ўжо не мае праблемы, бо Інтэрнэт — гэта ня толькі СМІ".

(Цыганкоў: ) "Ці будзе сецевы сродак масавай інфармацыі мець такую самую адказнасьць, як друкаваныя альбо электронныя СМІ?"

(Падгайны: ) "Безумоўна".

(Цыганкоў: ) "А што будзе з тымі, хто называюцца СМІ ў Інтэрнэце, але ня хочуць у вас рэгістравацца?"

(Падгайны: ) "Ня ведаю. Усё залежыць ад таго, як яны распаўсюджваюцца — праз нашую сыстэму "Белтэлекам" альбо праз замежныя. Калі яны зарэгістраваныя ў іншай краіне як СМІ, то падчас перадрукоўкі паводле нашага закону ніякай адказнасьці той, хто перадрукоўвае, не нясе".

(Цыганкоў: ) "Выходзіць, ваша міністэрства будзе рэгістраваць толькі Інтэрнэт-СМІ з дамэнам "by"?"

(Падгайны: ) "Безумоўна. Я ж не зьбіраюся рэгістраваць, напрыклад, Reuter. Для гэтага ёсьць краіна існаваньня".

(Цыганкоў: ) "Значыць, газэты, якія будуць друкаваць матэрыялы з, прыкладам, сайтаў www.svaboda.org альбо з www.charter97.org самі будуць за іх адказваць?"

(Падгайны: ) "Безумоўна".

Такім чынам, паводле спадара Падгайнага, беларускім Інтэрнэт-выданьням, якіх пакуль што надзвычай мала, няма чаго асьцерагацца. Хіба толькі той замацаванай законам адказнасьці, якая наступае для СМІ пасьля афіцыйнай рэгістрацыі. Зрэшты, ад непрыемных сюрпрызаў з боку цяперашняй беларускай улады, здаецца, ніхто не застрахаваны.


***
У беларускім Інтэрнэце зьявілася новая сыстэма падліку наведваньняў Інтэрнэт-старонак, гэтак званы лічыльнік — www.10by.com. Лічыльнікі — гэта адмысловыя сайты, створаныя, каб фіксаваць наведваньне рэсурсаў і такім чынам складаць рэйтынгі папулярнасьці.

У байнэце ўжо дзейнічае некалькі такіх сыстэмаў. Таму, натуральна, паўстае пытаньне: навошта яшчэ адна? І чым www.10by.com будзе адрозьнівацца ад ужо існуючых?

Адказы на гэтыя пытаньні шукаў Ягор Маёрчык, які зьвязаўся з сыстэмным адміністратарам лічыльніку www.10by.com Іванам Масьлюковым і папрасіў распавесьці пра адметнасьці новай сыстэмы.

(Масьлюкоў: ) "Рэйтынгаў, якія паказваюць лічбы на лічыльніку, у нас у Беларусі толькі два. У тым ліку й наш. Мы зрабілі рэйтынг, які адрозьніваецца ад усіх астатніх.

Першае, мы даем падрабязныя справаздачы-спасылкі на старонку, цытаваньне, наведваньне па гадзінах. Акрамя гэтага, мы даем на выбар 18 кнопак — каб была магчымасьць выбраць не на шкоду дызайну сайта. Галоўная асаблівасьць нашага лічыльніку ў тым, што мы хочам стварыць выключна беларускі рэйтынг. Мы прымаем да рэгістрацыі рэсурсы, якія зьвязаныя зь Беларусьсю альбо зробленыя беларускімі вэб-майстрамі".

У Беларусі значная частка сеткавай грамады не ўспрымае ўсур'ёз зьвесткі сыстэмаў падлікаў. І для гэтага ёсьць падставы — розныя лічыльнікі падаюць розныя лічбы наведнікаў адных і тых жа сайтаў. Іван Масьлюкоў тлумачыць, чаму так адбываецца:

(Масьлюкоў: ) "Існуе вялікая колькасьць фактараў, якія ўплываюць на падлік. Гэта залежыць ад месца знаходжаньня сэрвэру, таму што ня ўсе лічыльнікі грузяцца на старонкі. Лічыльнікі ставяць не на аднолькавую колькасьць старонак: прыкладам, на тытульнай ёсьць, а ўнутры няма.

Да таго ж гэта залежыць ад хуткасьці сэрвэру. Калі на старонцы стаіць некалькі лічыльнікаў, найбольшае значэньне зьяўляецца найбольш правільным. Лічыльнік нічога не дадасьць. Ён можа толькі паменшыць рэальную колькасьць наведваньняў".

Ва ўсім сьвеце колькасьць наведнікаў зьяўляецца істотнай інфармацыяй для гаспадароў старонкі — асабліва гэта датычыць камэрцыйных праектаў. Усё тлумачыцца вельмі проста: шмат візытаў — гэта адпаведны рэйтынг, рэйтынг — гэта папулярнасьць і пашырэньне аўдыторыі. Вялікая аўдыторыя — вельмі важная ўмова для атрыманьня інвэстыцыяў. Ці можна нейкім чынам уплываць на працу лічыльнікаў? Гэтае пытаньне я адрасаваў Івану Масьлюкову.

(Масьлюкоў: ) "Усё лічыльнікі накручваюцца. Існуе вялікая колькасьць мэтадаў штучнага падвышэньня колькасьці наведнікаў. Ёсьць нават спэцыяльныя праграмы, якія лёгка знайсьці ў Інтэрнэце. Можна таксама ўсталёўваць лічыльнікі на іншыя старонкі. Наведнік заходзіць на адзін сайт, і сыстэма залічвае візыт зусім іншаму. Гэтых мэтадаў, паўтаруся, вельмі шмат. І распрацоўваючы наш рэйтынг, мы гэта ўлічылі і зрабілі так, каб яго не накручвалі".

Паводле Івана Масьлюкова, толькі 10% уладальнікаў Інтэрнэт-старонак штучна накручваюць свае рэйтынгі. Гэта звычайна маладыя людзі, якія толькі робяць першыя крокі ў сайтабудаўніцтве. Маўляў, ім хочацца ганарыцца, што іхны сайт многія наведваюць.

Што да новага лічыльніка, то за адзін тыдзень працы на ім зарэгістравана блізу двух сотняў рэсурсаў. Сыстэмны адміністратар www.10by.com абяцае, што па часе сайт ператворыцца ў сапраўдны партал, дзе акрамя статыстыкі можна будзе зарэгістраваць бясплатную паштовую скрыню альбо пачытаць апошнія навіны.


***
Вось ужо трэці месяц існуе вельмі незвычайны Інтэрнэт-праект — lesbi.by. Тых, хто занадта адназначна адрэагаваў на кідкую і красамоўную назву сайта, магу расчараваць. Наўрад ці гэты праект можна акрэсьліць словам "эратычны".

Зрэшты, найлепш пра яго распавядуць аўтары сайта. У нашай менскай студыі галоўная рэдактарка праекту Алена Адамчык і каардынатарка Марыя Дударава.

Алена Адамчык кажа, што lesbі.by — гэта найперш сайт паэзіі й каханьня. Для стваральніц натхняльным маяком сьвяціў старажытны грэцкі востраў Лесбас, дзе тварыла паэтка Сафо. "Гэтая выспа існуе між часам і між геаграфіяй", — заяўляе галоўная рэдактарка праекту lesbi.by Алена Адамчык.

(Адамчык: ) "Сама ідэя — значна шырэйшая, яна прысьвечаная жанчыне і яе каханьню. Сафо, якая ўзначаліла паэтычную і музычную школу на высьпе Лесбас, сама была маці, і самыя лепшыя вершы былі прысьвечаныя яе дачцы. Таму нас цікавяць такія простыя рэчы як мацярынства і праблемы выхаваньня дзяцей. Але мы хочам, каб усё гэта была прыгожа і зьвязана паэтычна.

Таму наш сайт вельмі шырокі й цікавіць шмат жанчынаў — неабавязкова тут сувязь зь лесьбіянкамі. Хаця мы выступаем за свабоднае каханьне і хочам, каб кожны чалавек меў свой кірунак і сваё жаданьне ў каханьні".

(Цыганкоў: ) "Зразумела, што ня ўсе ўспрымаюць каханьне менавіта такім чынам, бо, як я прачытаў на вашым сайце, некаторыя сецевыя адміністратары ставяць перашкоды, каб прыпыніць доступ на ваш сайт".

(Дударава: ) "З гэтымі выпадкамі мы сустракаліся ня раз. Нам прыходзяць лісты, дзе скардзяцца на тое, што сыстэмныя адміністратары нават адключаюць Інтэрнэт.

Наша аўдыторыя — гэта жанчыны, якія працуюць, якія займаюць у гэтым жыцьці не апошняе месца, таму большасьць наведваньняў — днём, у працоўны час. На большасьць падобных па тэматыцы сайтаў ходзяць уначы і выходнымі днямі. Мы зьбіраем больш разьвітую і прагрэсіўную аўдыторыю.

Нам прыйшлося зрабіць дадатковы адрас праз галерэю Алены Адамчык — каб у адрасе не было слова "lesbi". У першы месяц у нас было звыш 500 наведнікаў штодня — велізарны па беларускіх мерках паток. Часта чалавек пра гэтыя тэмы баіцца з кім-небудзь гаварыць, і людзі шукаюць гэтую інфармацыю ў Інтэрнэце".

(Цыганкоў: ) "Як вы далей зьбіраецеся разьвівацца? Якога творчага выніку вы хацелі б дасягнуць?"

(Дударава: ) "Праз тыдзень выйдзе сайт-спадарожнік mama.lesbi.by — пра тое, як выгадаваць дзіця, як пра яго клапаціцца. Наш сайт павінен зьбіраць не лесьбійскую, а наогул жаночую аўдыторыю..."

(Адамчык: ) "Ну чаму? Можа, і лесьбійскую таксама..."

(Дударава: ) "Так, і лесьбійскую таксама, але ў цэлым — незалежна ад сэксуальнай арыентацыі. А потым будзе яшчэ auto.lesbi.by — жанчына за рулём, і ўсё, што з гэтым зьвязана".

(Адамчык: ) "Мы зараз плянуем выданьне часопіса "Сафо", мы яго ўжо зарэгістравалі. Пакуль няма сродкаў — адны ідэі толькі, але калі мы нейкія грошы знойдзем, то можам ужо першы нумар адразу выдаць. Маем шмат матэрыялаў, што прысьвечаныя мастацтву, літаратуры, сацыяльным пытаньням. Там будзе і мода, і кулінарыя свая — я думаю, гэта будзе першы падобны часопіс ня толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі СНД".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG