За 10 гадоў пасьлясавецкага жыцьця былыя рэспублікі разышліся ў розныя бакі настолькі, што параўнаньне часам выглядае некарэктным. Аднак, калі ўлічваць роўны стартавы патэнцыял, цалкам карэктна выглядае самая магчымасьць параўноўваць. Напрыклад, філязофію гарадоў, адносіны да гістарычнае спадчыны. Нацыі можа бясконца не шанцаваць з начальствам, але тут гаворка хутчэй пра волю і, можа быць, хітрасьць творчае інтэлігенцыі. У сёньняшняй праграме – знаёмства з новым праектам Віленскай мэрыі, а таксама параўнаньне адносінаў да помнікаў дойлідзтва ў двух ці ня самых блізкіх і адначасова ці ня самых далёкіх эўрапейскіх сталіцах – Вільні і Менску. Параўнаньне зусім карэктнае, бо абодва гарады маюць старую гісторыю, прычым Вільня лічыцца на два-тры стагодзьдзі маладзейшаю за Менску. У сваёй мінуўшчыне абедзьве сталіцы мелі выдатныя помнікі дойлідзтва і сваё адметнае аблічча. Аднак жа апошнія 10 гадоў незалежнага бытнаваньня быццам канчаткова разьвялі іх у розныя бакі. Вільня імкліва разьвіталася з савецкімі стандартамі і звычкамі жыцьця і цалкам зарыентаваная на захад. Менск у гэтым сэнсе кансэрватыўна застаўся ў СССР і калі што й пераймае, дык толькі на ўсходзе.
Колькі словаў пра беларускасьць Вільні, якая спрадвеку і літаральна да апошняе вайны была сталіцай нашага краю. А яшчэ напачатку стагодзьдзя разглядалася адраджэнцамі як безальтэрнатыўная сталіца незалежнае Беларусі. Зрэшты, і з поля зроку сучаснага беларуса Вільня зьнікла ўсяго 10 гадоў таму, калі да нас пераехаў Бэрлінскі мур і паўстаў паміж сучаснай Беларусяй і сучаснай Літвою. Сёньня Вільня – не акцэнт у школьнай праграме, яе няма на вокладках беларускіх кніг ды і ў газэтах, нават самых незалежных яе часьцяком называюць Вільнюсам. Між тым, нікуды ня зьнікла сама Вільня – горад першай беларускай кнігі, газэты, палітычнай партыі. Горад, шчодра апеты ў нашай клясычнай паэзіі. Нікуды ня зьніклі дом Бабіча, дзе друкаваў Скарына, адрэсы Каліноўскага, Багушэвіча, "Нашай Нівы"... Усё гэта існуе нібы ў чыстай прасторы. Рэч у тым, што ў Вільні нічога не руйнуецца, толькі аднаўляецца. І мы можам гадзінамі хадзіць па адрэсах, нічым не пазначаных у рэальнасьці, але падпісаных дарагімі імёнамі ў нашай памяці. Натуральна, гэта часовы стан. Да таго часу, калі мы, беларусы, зноў станем цікавымі самі сабе. І тады з гэтай цікавасьцю прыйдзе і цікавасьць да Вільні.
Вільня не прападае. І ў сёньняшняй перадачы гаворка пойдзе пра маштабныя праекты аднаўленьня і рэканструкцыі старой Вільні. У параўнаньні з практыкай іншых старых беларускіх гарадоў сучасная віленская сапраўды ўражвае. Тут ня толькі рэстаўруюць помнікі архітэктуры, ня толькі забараняюць разбураць стары горад і нават проста псаваць ягоны выгляд новабудоўлямі. Тут ставяць задачу "пастарэньня" Вільні. Пра гэтую арыгінальную стратэгію жыцьця Старога Места ў "Вострай Браме" гаворыць віленскі гісторык Тацяна Поклад.
(Поклад: ) "Вільня вачыма свайго самакіраваньня і навукоўцаў у будучыні павінна "пастарэць" з выгляду і мадэрнізавацца ў інфраструктуры ды ўнутраным начыньні будынкаў у гістарычным цэнтры. Новабудоўлямі Старога Места стануць няісныя сёньня помнікі дойлідзтва.
"Зьніклая Вільня" – гэткую назву мае новы праект Віленскай мэрыі, які зьяўляецца часткай праграмы "Ажыўленьне Старога Места". Сама праграма разьлічаная на 2001-2003 гады і фінансуецца дзяржаўным бюджэтам ды размаітымі фондамі. З кожным годам дзяржава выдаткоўвае ўсё меншую частку неабходнай сумы, а інвэстары – большую. Напрыклад, тры гады таму на парадкаваньне Старога Места усяго пайшло 20 мільёнаў літаў (каля 5 мільёнаў даляраў), зь іх тры чвэрці дала дзяржава, а чвэрць – іншыя фонды. А ўжо праз год толькі чвэрць выдаткававала дзяржава, астатняе – інвэстары".
Самае простае параўнаньне – грошы. Варта заўважыць, што Вільня ўтрая меншая за Менск, хоць стары горад тут у шмат разоў большы. Адсюль, дарэчы, і думка пра некарэктнасьць параўнаньня. Можна, да прыкладу, заўважыць, што Менск быў разбураны ў вайну, а Вільня збольшага ацалела. Хоць, па-мойму, варта казаць хутчэй пра некарэктнае стаўленьне да помнікаў. Бо патэнцыйны менскі Стары Горад ня меншы за Віленскі. І зносілі яго пераважна ў мірны час – акурат тое, што перажыло вайну. Варта згадаць адзін толькі вялізны стары раён вуліцы Нямігі. Сяргей Харэўскі паспрабаваў высьвятліць, колькі ж у год выдаткоўваецца на стары горад у Менску.
(Харэўскі: ) "Пачатак трэцяга тысячагодзьдзя ў Беларусі быў адзначаны чарговай хваляю зьнішчэньня гістарычных помнікаў. Я запытаўся ў намесьніка дырэктара беларускага Дэпартамэнту па захаваньні помнікаў культуры й рэстаўрацыі пры Міністэрстве культуры спадара Ігара Чарняўскага, ці йснуе нейкі праект аднаўленьня Менску і якія сумы выдаткоўваюцца на рэстаўрацыю старога Менску?"
(Чарняўскі: ) "Ёсьць той праект рэгенэрацыі, што быў ухвалены грамадзкасьцю, калі я не памыляюся, у 1986-м годзе, паводле якога вядзецца дзейнасьць акцыянэрнга таварыства "Стары Менск", тое, што робіцца ў раёне Саборнае плошчы, ці тое Пляцу Волі. Усе работы тут вядцуцца ў адпаведнасьці зь генплянам, распрацаваным яшчэ ў 1990-м годзе. Што тычыцца сумаў..."
(Харэўскі: ) "Беларуская дзяржава фінансуе сёлета ў сталіцы толькі два аб'екты. А менавіта – гэтак званы Дом масонаў, дзе маецца быць Музэй тэатральнае й музычнае культуры Беларусі. Сёлета на яго было выдаткавана 95 мільёнаў беларускіх рублёў. А на другі аб'ект – сабор Сьвятых Пятра й Паўла, што на Нямізе, выдаткавана сёлета 20 мільёнаў рублёў. Там, у той бажніцы, аднаўляюць фрэскі. Сумуем – атрымліваецца, што ў Менску на аднаўленьне пэўных помнікаў дзяржава адшкадавала 115 мільёнаў рублёў".
Параўнаньне бюджэтаў ізноў наводзіць на думку пра некарэктнасьць. Дапусьцім, беларусы бяднейшыя. Але што замінае ім разьвівацца, а не сядзець на пляне рэгенэрацыі 1986 году? Зрэшты, і беднасьць тут – усяго толькі другі бок цемнаты. І віленская канцэпцыя гэта даказвае.
(Поклад: ) "Аднаўленьнем старой Вільні займаецца Аддзел культурных каштоўнасьцяў у Дэпартамэнце пашырэньня места пры Віленскай мэрыі і Агенцтва аднаўленьня Старога Места. Стратэгія ажыўленьня старога места была сфармуляваная яшчэ пяць гадоў таму пры фінансавай падтрымцы Сусьветнага Банку. Першым крокам і было ўтвараньне Агенцтва. Яно распрацоўвае і каардынуе праграмы, а таксама шукае інвэстараў-бізнэсоўцаў. Пасьля яшчэ зьявілася і кантрольная інстытуцыя – Назіральная рада Агенцтва. Прыклад узяты з падобных установаў у Заходняй Эўропе і Скандынавіі, а кансультанты, зь якімі стала супрацоўнічаюць, – з Эдынбургу і Капэнгагену. Гэтая праца ня мае нічога агульнага з пампэзнай ідэяй адбудовы Віленскага Вялікакняскага палацу, вакол якой стварылася скандальная сытуацыя і ў якую замяшаліся палітычныя амбіцыі".
Між іншым, гісторыя зь Вялікакняскім палацам і цяпер раз пораз усплывае на бачынках літоўскіх газэт. Ідэю аднавіць агромністы палац, ад якога засталіся адно падмуркі і прыблізныя выявы, выказаў прэзыдэнт Бразаўскас. Тады акурат разважалі, дзе зрабіць прэзыдэнтуру. Ісьці ў генэрал-губэрнатарскі палац, у якім сядзелі чорнай памяці расейскія акупанты, новаму прэзыдэнту не хацелася. Аднак і пампэзная ідэя аднаўленьня выклікала спрэчкі ў грамадзтве. Вось жа спрэчкі працягваюцца. Але сёньня мы гаворым пра іншыя віленскія праекты.
(Поклад: ) "Праграма "Ажыўленьне Старога Места" нарадзілася ня толькі і ня столькі дзеля нацыянальнага гонару, колькі ад прагматычнага падыходу да будучыні – так, каб спалучыліся і эканамічныя, і патрыятычныя інтарэсы Літвы. Паступова быў распрацаваны даволі вялікі сьпіс аб'ектаў аднаўленьня. Сярод іх – будынкі, часткі вулачак альбо плошчаў, і архітэктурныя пабудовы, ад якіх нічога, апрача падмурку, не засталося. Ды і тыя парэшткі знаходзяцца пад асфальтам або над імі пабудаванае нешта іншае. Да прыкладу, званіца Пранцішканскага кляштару, фрагмэнты абарончага муру – тры брамы: Вялейская, Рудніцкая і Субач, а таксама крынічка Вінгры. Падлягае адбудове наноў Ратушавы пляц, на якім цяпер разьмяшчаецца сучасная аўтастаянка, адкрытая кавярня улетку ды прынагодныя атракцыёны і кірмашы зімой. На кожны аб'ект – свая праграма, сваё кола адмыслоўцаў і досьледы...
Супрацоўнікі агенцтва тлумачаць, што праграма аднаўленьня грунтуецца на супрацоўніцтве зь мясцовымі камунамі жыхароў Старога Места і на сувязях зь міжнароднымі арганізацыямі, найперш з UNESCO. Яны ахвотна і падрабязна пра гэта распавядаюць. Але посьпех ідэі – у заахвочваньні багатых інвэстараў. Мэрыя пераканаўча апісвае, якія прыбыткі чакаюць іх – менавіта інвэстараў, а ня спонсараў, якія яшчэ папярэдне мусяць прайсьці конкурс, калі жадаюць фінансаваць аднаўленьне аб'ектаў. Паводле зьвестак стратэгіі Віленскага турызму, у Старым Месьце бракуе каля 500 гатэльных пакояў і многіх аб'ектаў сэрвісу: крамаў, кавярняў, ды іншых. Праекты аднаўленья гістарычных помнікаў прапаноўваюцца дзеля камэрцыйнае дзейнасьці, і зусім ня ў звыклым сэнсе – адрэстаўраваць і пасьля паказваць за грошы. Зарабляць дзякуючы адноўленным помнікам мяркуецца на рэкляме і сэрвісу".
І вось тут варта зусім канкрэтна абмеркаваць камэрцыйную зацікаўленасьць у зусім, здавалася б, некамэрцыйнай справе. Тое, адкуль бяруцца грошы на аднаўленьне. Цяжка ўявіць, каб нашага прадпрымальніка саграваў адно прэстыж, што ягонае імя будзе на шыльдачцы адноўленага помніка, а сам помнік упрыгожыць буклеты ягонай фірмы. Хоць, хто ведае, можа і гэта – заўтрашні дзень, калі такія рэчы пачынаюць нешта значыць. У кожным разе падобныя гуманістычныя і нават культурныя матывы ў бізнэсе сьведчаць пра разьвітаньне зь дзікім рынкам, што запанаваў быў на месцы плянавае сацыялістычнае эканомікі.
(Поклад: ) "Пра тое, што сьпіс аб'ектаў ствараўся творча, сьведчыць наяўнасьць у ім крынічкі Вінгры у навакольлі вуліцы Завальнай. Цяжка нават дакладна акрэсьліць, да якога кшталту аднесьці гэты аб'ект – гарадзкі помнік, экалягічны аб'ект ці сьвятое месца кшталту прошчы. Вось цытата з самога праекту: "Адноўленая крынічка Вінгры, колісь слаўная адметнай якасьцю сваёй вады, і спарадкаваньне бліжэйшага навакольля дапаможа стварэньню вобразу Вільні як гістарычнага і экалягічнага места".
Не ўтрымаюся ад параўнаньня. Крынічка ў раёне Завальнай – гэта тое самае, скажам, што крынічка на вуліцы Карла Маркса ў Менску. Нават калі б каму зь менчукоў прыйшло ў галаву нешта падобнае, цікава даведацца, якім чынам на такім аб'екце можна зарабляць.
(Поклад: ) "Мяркуецца, што фінансаваць гэта можа зацікаўлены інвэстар кшталту арганізацыяў, што працуюць у сфэры водазабесьпячэньня і – гаворыцца у праекце – "могуць выкарыстаць гэтую адбудову для рэклямы сваёй дзейнасьці – экспазыцыя падземнае воднае гаспадаркі, дэгустацыя крынічнае вады".
Зрэшты, паводле маштабаў задумы спарадкаваньне невялікай крыніцы ня мае параўнаньня з праектамі адбудовы нанава старажытных помнікаў дойлідзтва і архітэктуры, якія былі разбураныя расейскімі ўладамі пасьля паўстаньня 1863 году альбо і 200 гадоў таму. Адбудова званіцы Пранцішканскага кляштару – справа ўжо вырашаная і фактычна распачатая. Гэтая званіца была разбураная ў Вільні паводле загаду генэрал-губэрнатара пасьля здушэньня паўстаньня 1863 году. Яна была пабудаваная на пачатку 16 ст. пры мураваным Пранцішканскім касьцёле ў гатычным стылю.
Чаму менавіта гэтая званіца адбудоўваецца? Пра гэта я запыталася ў адной з аўтараў праекту архітэктаркі Гедре Мікнявічэне.
(Мікнявічэне: ) “Мы пачалі рыхтаваць праект адбудовы 10 гадоў таму, бо разбураная званіца – важная частка кляштарнага ансамблю. Вільня згубіла адзін са сваіх найважнейшых клясычных акцэнтаў. Адбудаваная званіца ня зьменіць звычайнага выгляду Старога Места, не парушыць гармоніі. Яе вышыня не нашмат большая за дах самога Пранцішканскага касьцёла, так што гэтая званіца – не такі ўжо манумэнтальны будынак. Ейная роля – фармаваць прастору Старога Места. Пранцішканская званіца заканчавала вуліцу і стварала утульную характэрную прастору. Адбудова верне гэтую прастору, адпаведную месцу. Бяз гэтай званіцы выгляд парушаны, няпоўны і зараз Старое Места выглядае нязвыкла. Апрача таго, паводле усіх правілаў парадкаваньня помнікаў, прынятых у сьвеце, адбудовы талеруюцца і прызнаюцца, толькі калі яны насамрэч патрэбныя і магчымыя. Гэта адбудова страчанай часткі ансамблю, а не якая- небудзь гвалтоўная інвазія. Прыгадваю яшчэ лекцыі Валдаса Дрэмы, які курс пра Віленскую готыку заўсёды пачынаў з Пранцішканскай званіцы, страчанага каштоўнага аб'екту спадчыны Віленскай готыкі. Натуральнае наша памкненьне, каб гэты помнік готыкі, каштоўны і ў мастацкім сэнсе, вярнуўся ў Вільню”.
(Поклад: ) "Цалкам праект адбудовы гатычнае званіцы будзе аплочваць літоўскі тэлефонны манапаліст, Тэлеком. Гэтая кампанія выйграла конкурс на адбудову званіцы. Інвэстары ўпэўненыя, што гэта акупіцца – памяшканьні будуць выкарастаныя для цэнтру турыстычнай інфармацыі, кавярні, заляў для экспазыцыяў. Вось што кажа спадарыня Гедрэ".
(Гедрэ: ) "Наконт гэтых функцыяў, мы, яшчэ калі рыхтавалі праект адбудовы, мяркавалі, што, важней за ўсё – яе урбаністычная рэгенэрацыя, зьнешні выгляд. Ад самага пачатку у нас не было мэты аднавіць усё дакладна знутры. Унутраная канструкцыя можа быць зьмененая як заўгодна. Што такое званіца? Гэта лесьвіца, якая вядзе да званоў, і нічога болей. А мы і тады лічылі, што знутры гэтыя лесьвіцы і паверхі могуць служыць якім заўгодна канкрэтным мэтам – ўнізе гэта маглі б быць турыстычны цэнтр, крамкі, вышэй – экспазыцыі, якое месца, дзе турысты маглі б пасядзець. Яшчэ нешта канкрэтнае, што прыдумае Тэлеком, каб сябе рэклямаваць. Дакладна функцыі яшчэ ня вызначана, і для нас гэта ня істотна. Вялікай прасторы унутры няма, але яна мае сваеасаблівую цікавасьць і прыцягальнасьць. Наверсе дакладна няма ніякага сэнсу праводзіць якія-небудзь антэны, наколькі мне вядома, ў Старым Месце дастаткова значна вышэйшых пунктаў. Стары праект адбудовы яшчэ адкарэгуецца, і наступным летам пачнуцца будаўнічыя працы".
(Поклад: ) "Для іншых заплянаваных на адбудову помнікаў – брамаў старога Віленскага абарончага мура – канкрэтныя інвэстары яшчэ ня вызначаныя. Няма і той паўнаты матэрыялаў, як у выпадку з Пранцішканскай званіцай. Рудніцкая брама была разбураная ў 1800-м, а брама Субач – праз два гады пасьля гэтага, абедзьве – на загад тагачаснае расейскае ўлады. Падмурак брамы Субач цяпер пад праезнай часткай вуліцы. Парэшткі муроў Рудніцкае брамы – таксама пад паверхняю дарогі. Мяркуецца, што у праекты адбудовы гэтых помнікаў грошы інвэстуюць падарожныя агенцтвы і гандлёвыя арганізацыі. З-пад зямлі выкопваецца і Вялейская брама, таксама адна са старажытных частак абарончага муру на скрыжаваньні вуліц Віленскай і Бэнэдыктынскай.
Інвэстарам прапануецца і шэраг розных па плошчы зямельных надзелаў у Старым Месце. Пасьля нядаўна прынятай папраўкі да Канстытуцыі, у Літве ужо можна набываць зямлю і замежным грамадзянам".
Дапоўню тут Тацяну Поклад зусім канкрэтнай інфармацыяй для беларусаў, якія хацелі б інвэставаць грошы ў Вільню. Тым больш, што горад гэты, як я ўжо казаў, нам не чужы. Ёсьць такая інтэрнэтаўская старонка, дзе распавядаецца ўсё пра віленскія аб'екты, выстаўленыя на продаж. Яе адрас: www.vsaa.lt.
(Поклад: ) "Зямля у Старым Месце прадаецца з умовай прытрымлівацца рэкамэндаваных праектаў пабудоваў. Так што і гэтыя конкурсы для інвэстараў разьлічаныя на праграму аднаўленьня Віленскай старажытнасьці ды стварэньне сучаснай інфраструктуры, адпаведнай турыстачнаму бізнэсу, – кшталту падземных аўтастаянак недалёка ад чыгуначнай станцыі ў квартале паміж вуліцамі Шапэна і Садовай.
Ва ўсёй праграме "Зьніклая Вільня" вызначальнымі зьяўляюцца два крытэрыі – нацыянальна-рамантычны і прагматычна-камэрцыйны. Калі камэрцыйная вартасьць помніка невялікая ці выклікае сумнеў – яго ці выключаюць з праграмы аднаўленьня, ці – напружваюць фантазію і фармуюць выгадную для бізнэсу канцэпцыю адбудовы. Новабудоўлі Старога Места – гэта адбудова помнікаў старажытнасьці з "сучасным начыньнем". Пры гэтым пра аўтэнтычнасьць выгляду рупяцца камісіі адмыслоўцаў. Праграма "Ажыўленьня" старое Вільні забясьпечыць далейшае пастарэньне яе выгляду. Аднак жа зь якім падтэкстам сама назва – Праграма "Ажыўленьня" – камэрцыйна прадуманы прагматызм і станецца сутнасьцю гэтага ажыўленьня".
Тацяна Поклад распавяла пра новую праграму "Зьніклая Вільня", скіраваную на ажыўленьне Старога Места. Які ж нацыянальны кантэкст гэтае стратэгіі?
Літоўскія распрацоўшчыкі не задаюцца мэтай татальна літуанізаваць Вільню. Гэта ўжо было зроблена 10 гадоў таму, калі ўся візуальная інфармацыя ў горадзе была перакладзеная на літоўскую мову. Пісаць па-іншаму забараняе закон. Але літоўцы ня ставяць задачу ствараць бясконцыя помнікі ці там мэмарыяльныя кватэры выдатных літоўцаў – гэта былі б амаль цалкам помнікі савецкай эпосе. Таму яны зьвяртаюцца да сярэднявечча – як бы нічыйнага ў пляне нацыянальнае ідэнтыфікацыі, а ў кантэксьце візуальна літоўскага гораду – безумоўна свайго. Параўнаем яе зь менскай.
Згаданая філязофія на тле менскіх архітэктурных падзеяў апошніх гадоў выглядае амаль касьмічна. У Менску за гэты час была зьнесеная найстарэйшая гарадзкая вуліца Замкавая, на Нямізе зьбіраюцца ўзьвесьці шматпавярховы паркінг, жыльлёвае будаўніцтва ў раёне вуліцы Прытыцкага ідзе на пабіцьцё ўсіх савецкіх рэкордаў і выгляд у новых дамоў усё яшчэ савецкі. А яшчэ Курапаты. Магчыма, у Вільні і Менску сапраўды настолькі адрозны лёс. Вільня харашэе сваёй старасьцю, а добра старэйшы за яе Менск нібы змагаецца са сваёй пракаветнасьцю, імкнучыся вечна выглядаць маладым. Ці ж сапраўды тут справа ў лёсах?
Днямі Радыё Свабода распавядала пра нямецкага гісторыка, які шмат цікавага знаходзіць для сябе ў сучасным абліччы Менску і напісаў пра гэта цэлую працу. Дык вось сам Томас Бон кажа пра Менск як музэй сацыялістычнага рэалізму і зараз жа дадае: Вядома, гэта вельмі штучна і ненатуральна ў параўнаньні з Масквой і Пецярбургам. Іншымі словамі, гісторык кажа пра другаснасьць усяго, што будавалася ў Менску з мэтай скапіяваць сытуацыю расейскіх гарадоў.
Няма ніякіх падставаў у недавершаным і эклектычным Менску бачыць уласна наш Менск. Старасьветчына падлягае татальнаму аднаўленьню – гэта і будзе беларускі адказ на татальнае зьнішчэньне савецкага часу.
Філязофія горада, філязофія сталіцы, філязофія Менску павінна быць адназначная – зьнесьці ўсё нязграбнае і аднавіць усё страчанае. Ня толькі дом або званіцу, але і ўвесь выгляд гораду. Датуль, пакуль гэты працэс не пачаўся, мы ня можам гаварыць пра тое, што мы беларусы – сапраўдныя гаспадары ў сваёй сталіцы.