Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГКАМІТЭТ ХАРТЫІ’97 УРУЧЫЎ ПРЭМІЮ ЗА АБАРОНУ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА


Віталь Цыганкоў, Менск

Маленькі пакойчык штаб-кватэры Хартыі’97 стварае ўражаньне нейкай падпольнасьці і, напэўна, ня вельмі падыходзіць для ўрачыстых цырымоніяў. "Што ж, вялізныя палацы пакуль што ня нашы," – заўважыла з гэтай нагоды Зінаіда Бандарэнка. Гэта, аднак, не перашкаджае грамадзкай ініцыятыве Хартыя’97 вось ужо чацьверты год запар уручаць прэмію ў сферы правоў чалавека. Сёлета за асабістую мужнасьць ганараваныя абаронцы Курапатаў. Уручаючы прэмію, міжнародны каардынатар Хартыі Андрэй Саньнікаў сказаў:

(Саньнікаў: ) "Першая наша прэмія ўручаецца абаронцам Курапатам за тое, што яны там робяць. Шмат я гаварыць ня буду – усе ведаюць, што там адбываецца, што хлопцы там робяць. Таму я хацеў бы толькі сказаць, што гэта не нашая адзнака, а нашая падзяка вам".

На цырымоніі ўручэньня прысутнічалі двое з абаронцаў Курапатаў – актывісты руху "Зубр" Яўген Афнагель і Глеб Вязоўскі. Як вядома, частка абаронцаў Курапатаў адмовілася прыняць гэтую прэмію з прычыны прэтэнзіяў да Хартыі’97. Сытуацыю камэнтуе Яўген Афнагель.

(Афнагель: ) "У Курапатах знаходзяцца прадстаўнікі некалькіх арганізацыяў. Апроч нас, руха "Зубр", яшчэ "Малады Фронт", Беларуская Партыя Свабоды. Апошнія, БПС, адмовіліся ад гэтай прэміі з прычынаў, мне ня вельмі зразумелых. Але гэта іхнае права, а для нас ўручэньне гэтай прэміі – гэта вялікі гонар”.

Тое, што яны адмовіліся ад прэміі, не пашкодзіць дачыненьням паміж тымі арганізацыямі, якія знаходзяцца ў Курапатах.

(Карэспандэнт: ) “На што вы зьбіраецеся патраціць матэрыяльны складнік гэтай прэміі?”

(Афнагель: ) “Для нас гэта ў першую чаргу маральная падтрымка, пра адсутнасьць якой шмат казалі раней. А матэрыяльны складнік дапаможа самым простым чынам – гэта пойдзе на ежу, на добраўпарадкаваньне намётаў, наагул на дапамогу тым людзям, якія знаходзяцца ў Курапатах".

У намінацыі "За грамадзянскі ўчынак" прэмія ў галіне абароны правоў чалавека ўручаная Народнай артыстцы Рэспублікі Беларусь Зінаідзе Бандарэнцы. "Зінаіда Бандарэнка выратавала гонар творчай інтэлігенцыі Беларусі, прыняўшы ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі і зрабіўшы свой асабісты выбар супраць хамскай улады" – адзначыў падчас цырымоніі ўручэньня Андрэй Саньнікаў. Пасьля атрыманьня прэміі спадарыня Бандарэнка дала інтэрвію нашаму радыё.

(Карэспандэнт: ) "Вашая намінацыя называецца "за грамадзянскі ўчынак". Вам было цяжка зрабіць гэты ўчынак ці ён быў для вас дастаткова натуральным і вы ніякіх хістаньняў не адчувалі?”

(Бандарэнка: ) "Ніякіх хістаньняў у мяне не было. Калі мне затэлефанавалі і сказалі, што "Народная воля" пачынае друкаваць выказваньні інтэлігенцыі і запыталі, ці магу я прыняць удзел, я толькі папрасіла даць мне некалькі дзён падумаць, што я магу сказаць. Трэба было вельмі караценька, але ўсе ўхапіць у гэтым выказваньні. Таму я ўсё прадумала і выказалася так, – і не шкадую".

За найлепшае асьвятленьне праваабарончай тэматыкі, за сэрыю матэрыялаў, прысьвечаных лёсу зьніклых у Беларусі вядомых людзей, ляўрэатам прэміі Хартыя’97 стала журналістка незалежнай газэты “Народная воля” Марына Коктыш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG