Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІДЭАЗАПІС, ЯКІ ВЫКРЫЎ БІН ЛЯДЭНА


Кастусь Бандарук, Прага

Дзярждэпаратамэнт ЗША паведаміў, што відэастужка была знойдзеная ў мінулым месяцы ў галоўнай сядзібе талібаў у Канадагары. Аднак міністар абароны Дональд Рамсфэльд не ўдакладніў, хто яе адшукаў і ў якіх акалічнасьцях.

На відэакасэце Бін Ладян размаўляе па-арабску са сваім госьцем, праўдападобна шэйхам Сулейманам з Саўдаўскай Аравіі. Абодва суразмоўцы, аточаныя колам таварышаў, у дасканалым настроі: яны ўсьміхаюцца і нават рагочуць пасьля кожнай згадкі пра замахі, раз-пораз узносяць хвалу Алаху. Галоўны момант відэазапісу пачынаецца на 52 хвіліне. Усама кажа: “Мы ведалі зь мінулага чацьвяргу [гэта значыць 5 дзён перад захопам самалётаў], калі адбудзецца атака. У той дзень мы скончылі працу і чакалі паведамленьня па радыё. Калі інфармацыя зьявілася, запанавала агульная радасьць”. Аднак Бін Лядэн заявіў прысутным “будзьце цярплівыя” і неўзабаве пасьля гэтага ўдарыў другі самалёт.

Далей Усама Бін Лядэн кажа, што ён не спадзяваўся на гэткія вынікі замаху на Ўсясьветны Гандлёвы Цэнтр.

(Бін Лядэн: ) “Мы вылічылі наперад верагодную колькасьць ахвяраў на баку ворага, улічваючы форму вежы. Мы меркавалі, што ў выніку ўдару будуць зьнішчаныя 3-4 паверхі. Я быў найбольшым аптымістам. На падставе маіх ведаў я лічыў, што паліва з самалёту расплавіць жалезную канструкцыю, і што верхнія паверхі над месцам ўдару абваляцца. Гэта ўсё, на што я спадзяваўся”.

Гэтак казаў Бін Ладэн, які сам па адукацыі інжынэр-будаўнік. Выразна задаволены ён прызнаў, што ён ведаў Мухамада Ату, які праўдападобна ўзначальваў групу тэрарыстаў і які асабіста кіраваў адным з самалётаў. Паводле Бін Лядэна, акцыя была праведзеная надзвычай асьцярожна і абачліва.

(Бін Лядэн: ) “Браты, якія праводзілі акцыю ведалі, што ўдзельнічаюць ў якасьці пакутнікаў у самазабойчай апэрацыі. Мы іх паслалі ў Амэрыку, яны там прайшлі падрыхтоўку, але ніхто зь іх абсалютна нічога ня ведаў пра акцыю да апошняй хвіліны, да моманту, калі яны апынуліся на борце самалёту”.

Прадстаўнікі ўраду ЗША, якія бачылі стужку раней выказалі думку, што яна паказвае Бін Лядэна, як чалавека “бязьлітаснага і абыякавага да лёсу людзей”, нават на фоне ягонага атачэньня. Прэзыдэнт Буш заявіў, што Усама Бін Лядэн “бяз душы”. Паводле мэра Нью-Ёрку Рудальфа Джульяні:

(Джульяні: ) “Ён выглядае шчасьлівым з прычыны таго, што загінула больш людзей, чым ён спадзяваўся. Гэта толькі выклікае зьдзіўленьне, на колькі глыбока зло ўкаранілася ў ягонае сэрца і душу”.

Публікуючы відэазапіс Белы дом спадзяецца, што гэтым пераканае ў віне Аль-Кайды шырокае кола скептыкаў, асабліва ў арабскіх краінах. У прыватнасьці егіпецкая прэса пісала, што Бін Лядэн, як добры мусульманін, ня мог такога зрабіць. Аднак былы афіцэр ЦРУ лічыць, што для яго галоўным момантам відэастужкі былі менавіта бясконцыя згадкі пра Алаха. “Гэта суцэльныя псыхапаты,” – сказаў ён. Сам Бін Лядэн і ягоны саўдыйскі госьць ўсхвалялі Бога з поўным перакананьнем, што выконваюць ягоную волю.

Пасьля апублікаваньня відэастужкі некаторыя арабскія краіны назвалі яе “прапагандысцкім трукам”. Аднак Аб’яднаныя Арабскія Эміраты заявілі, што фільм “не пакідае ніякага сумневу” адносна ролі Бін Лядэна ў тэрактах. Амбасадар Саўдаўскай Аравіі ў ЗША прынц Бандар Бін Султан сказаў, што “відэастужка паказвае жахлівае і нечалавечнае аблічча забойцаў, якія ня маюць павагі для сьвятасьці чалавечага жыцья і прынцыпаў веры”.

Каб не быць западозраным ў маніпуляцыі, Пэнтагон вырашыў апублікаваць стужку цалкам, бяз аніякага мантажу. Сустрэча Бін Лядэна была зьнятая на другой палове стужкі, а ў сярэдзіне быў запіс паездкі баевікоў Аль-Кайды на поўдзень краіны, дзе разьбіўся амэрыканскі гелікоптэр. Пераклад з арабскай мовы падрыхтавалі незалежна ад сябе тры перакладчыкі, адзін з ЦРУ, другі з Дзярждэпартамэнту, а трэцім быў вядомы прафэсар арабістыкі. Яны ўтрох узгоднілі тэкст, які на думку спецыялістаў, дакладна пераказвае зьмест размовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG