Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ АДМОВІЛІСЯ АД ПРЭМІІ ХАРТЫІ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня ля Курапатаў будаўнічых работаў не вялі. Тэхніка працавала на ўчастку ля мікрараёну. Валанцёры мяркуюць, што цяпер трэба дамагацца, каб падземны пераход, які заплянавалі пабудаваць ля Курапатаў, перанесьлі ў іншае месца. Гаворыць прыхільнік Беларускай Партыі Свабоды Аляксей:

(Аляксей: ) "Пакуль яны яшчэ нічога не пачалі, трэба ісьці да іх і размаўляць. Хай яны пераносяць гэты падземны пераход. Тады ня будзе столькі клопату, колькі будзе, калі яны пачнуць яго будаваць тут. Яны хочуць паваліць лес, гэтага ня будзе. Мы не дамо зваліць ніводнага дрэва ды куста".

Аляксей зьбіраецца ісьці ў панядзелак да будаўнікоў зь Віцебску, якія мусяць будаваць пераход, і спрабаваць пераканаць іх перанесьці яго ў іншае месца.

У лягеры крыху паменела валанцёраў. Уначы тут было толькі чатыры сябры Беларускай Партыі Свабоды. Паводле аднаго з кіраўнікоў партыі Зьмітра, гэта зьвязана з маразамі, а таксама з тым, што ў многіх валанцёраў-студэнтаў пачалася сэсія. Зьміцер таксама паведаміў Радыё Свабода, што сябры БПС вырашылі адмовіцца ад прэміі "Хартыі-97".

(Зьміцер: ) "Мы адмаўляемся ад гэтай прэміі, таму што "Хартыя-97" робіць усё, каб здыскрэдытаваць нашу арганізацыю. Яна ў свой час спрабавала падвесьці арганізацыю да стану расколу. Гэта выявілася ў адколе часткі сяброў арганізацыі. Менавіта яны надрукавалі правакацыйны часопіс "Нацыя". Гэта было зроблена ў друкарні газэты "Рабочы". Там пад шыльдай Беларускай Партыі Свабоды выкладаюцца цалкам расісцкія, нацысцкія ідэі".

Дарэчы, Зьміцер часта прыходзіць у Курапаты з гітарай і сьпявае валанцёрам свае песьні. Сёньня Зьміцер быў без інструмэнта, таму проста чытаў свае вершы.

Будаўніку Андрэю з Магілёва, зь якім я сёньня пазнаёмілася, 22 гады. Андрэй дзесяць дзён працаваў на будаўніцтве дарогі ля Курапатаў. Сёньня ён ад'яжджае дадому, у Магілёў.

(Андрэй: ) "Я б сюды не паехаў бы. Я, можа, увогуле сюды больш не прыеду. Пайду ў лютым на курсы ў Менск. Можа, толькі летам прыеду — асфальт класьці. Працы няма ў Магілёве, толькі Менск і ратуе, а так бы й сядзелі бяз працы".

(Карэспандэнтка: ) "А Вашы кіраўнікі распавядалі Вам штосьці пра Курапаты?"

(Андрэй: ) "Што Вы, навошта гэта? Яны нічога не гаварылі. Накіравалі ды ўсё — працуйце. Ім гэтае месца, ведаеце..."

(Карэспандэнтка: ) "А Вам?"

(Андрэй: ) "Мне? Мне і так, і гэтак..."

Раней Андрэй дапамагаў валанцёрам рыхтаваць пляцоўку пад намёт для набажэнстваў. Але на пагорку — там, дзе знаходзіцца большая частка пахаваньняў, ён дагэтуль ня быў. Дарэчы, сёньня я бачыла, як раніцай з курапацкага пагорку зьяжджалі лыжнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG