Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ПАБОЛЕЛА МІЛІЦЫЯНТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай у Курапатах было значна больш міліцыянтаў, чым у звычайныя дні. Сябар Беларускай партыі Свабоды Аляксей, які ў Курапатах ужо другі месяц, не разумее, чым гэта магло быць выклікана.

(Аляксей: ) "Раніцай а 9-й гадзіне прыехала машына з амонаўцамі. Я адразу не зразумеў. Думаю, чаго іх нагналі сюды. Яны пастаялі тут, потым далей ад'ехалі й цяпер там стаяць. Будаўнікі займаюцца дарогаю, укатваюць, возяць пясок сюды. Учора пачалі вазіць друз. Пакуль яны яго скірдуюць, а потым будуць развозіць сюды".

Нядаўна Аляксей даведаўся ад будаўнікоў, што два тыдні таму ў іх зьмянілася кіраўніцтва, а дакладней, прызначаны новы адказны за рэканструкцыю ўчастку кальцавой дарогі ад Лагойскага тракту да вёскі Цна. Але валанцёры бачылі яго ля Курапатаў толькі аднойчы. Да таго ж, паводле Аляксея, новы кіраўнік адмовіўся ад размовы з абаронцамі Курапатаў.

Нядаўна высьветлілася і яшчэ адна акалічнасьць. Некаторыя будаўнікі кажуць, што, магчыма, ім давядзецца высекчы дрэвы ў самым пачатку ляснога масыву дзеля будаўніцтва падземнага пераходу і аўтобуснага прыпынку, бо цяпер тут не хапае месца для развароту тэхнікі.

Паводле валанцёраў, звычайна раніца ў Курапатах пачынаецца са слуханьня Радыё Свабода, а ўдзень ідзе агляд незалежнага друку. Валанцёры сочаць за тым, што пішуць газэты пра Курапаты, але апошнім часам гэткая інфармацыя зьяўляецца ўсё радзей.

Сёньня я засьпела ў лягеры лідэра Беларускай партыі Свабоды Сержука Высоцкага. Ён узгадаў учорашняе паседжаньне грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты", на якім адбылася спрэчка паміж актывістамі ініцыятывы й прадстаўнікамі валанцёраў. Распавядае Алесь Гетман, які браў удзел у паседжаньні:

(Гетман: ) "Нас пачалі абражаць, нібыта моладзь толькі кажа, а нічога ня робіць. Вы ведаеце, што на самой справе моладзь робіць, а ня кажа. Адзіны чалавек з гэтай ініцыятывы, зь якім мы будзем размаўляць — гэта Мая Тодараўна".

Алесь Гетман меў на ўвазе сташыню "Мартыралёгу Беларусі" Маю Кляшторную. Працягвае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "А калі мы вырашым супольна, што не патрабуецца тут нашая варта круглыя суткі, то гэтае рашэньне прымем толькі мы, і ў ніякім выпадку ніхто з гэтак званых цэнтрысцкіх палітыкаў.

Дадам яшчэ адну акалічнасьць. Фактычна за апошні месяц дакладна тут ня быў ні адзін зь беларускіх апазыцыянэраў. Натуральна, акрамя так званых "праклятых нацыяналістаў".

Гэткае ж ўражаньне і ў дзяўчыны Люды з арганізацыі Маладых сацыял-дэмакратаў:

(Люда: ) "Амэрыканцам, немцам патрэбна, а беларусам?..
Шараговыя грамадзяне, канечне, прыходзяць. Прыходзяць цудоўныя жанчыны з БНФ. Але ж галоўным палітыкам?.. Яны ўжо зарабілі свае ганарары".

Гаворачы са мной, Люда трымае ў руках нататнік — у ім яна робіць графічныя мініятуры пра Курапаты — вось вайсковы намёт, у якім жывуць валанцёры, лес, асобныя дрэвы, сонца на Курапатамі. Люда мяркуе, што калі-небудзь гэтыя мініятуры могуць стаць пэўнай ілюстрацыяй таго, як восеньню 2001 году беларуская моладзь змагалася за Курапаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG