Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зінаіда Ганчар патрабуе ад менскай пракуратуры дапытаць Сівакова, Бажэлку, Паўлічэнку, Мацкевіча ды іншых асобаў у сувязі са справай аб зьнікненьні ейнага мужа. Зінаіда Ганчар мяркуе зьвярнуцца зь лістом да Аляксандра Салжаніцына. У нядзелю ў 50 гарадох Беларусі адбудзецца Ланцуг неабыякавых людзей. На працэсе над групоўкай Ігнатовіча сьведкам быў былы генэральны пракурор Алег Бажэлка.


Пасьля няўдалага звароту да расейскага прэзыдэнта Пуціна Зінаіда Ганчар плянуе "дастучацца" са сваім болем да славутага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына. Радыё Свабода яна паведаміла, што ўжо размаўляла з офісам Фонду Салжаніцына, дзе яе заверылі, што пісьменьнік акажа ёй падтрымку. "Ва ўсякім разе, — кажа Зінаіда Ганчар, — я разьлічваю на шчырае спачуваньне".

Яна дагэтуль не атрымала адказу на свой ліст да расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, якому яна пісала на мінулым тыдні. Праўда, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара кажа, што яшчэ варта пачакаць, бо не прайшлі тэрміны адказаў на звароты да высокіх дзяржаўных асобаў. Аднак Зінаіда Ганчар з сумам адзначае, што ніводнае папулярнае расейскае выданьне не надрукавала яе адкрыты ліст, хаця па каналах электроннай сувязі праз расейскую Лігу галоснасьці вядучыя газэты Расеі яе пасланьне атрымалі.

А ў Беларусі Зінаіда Ганчар працягвае змаганьне з пракуратурай гораду за больш актыўнае вядзеньне сьледзтва. Раней яна "націскала" на сьледчага Сяргея Новікава, каб той паварушыўся і дапытаў уплывовых асобаў, пра якіх згадваецца у дакумэнтах з матэрыялаў справы, але выніку гэта не дало.

Прыкладам, былы камандзір СОБРу Паўлічэнка, якога падазраюць у датычнасьці да выкраданьня Ганчара і Красоўскага, дагэтуль сьледчым Новікавым не дапытаны. Таму Зінаіда Ганчар вырашыла ісьці іншым шляхам.

Цяпер яна патрабуе допытаў ад пракурора Менску Купрыянава. Яна называе прозьвішчы людзей, чые паказаньні вартыя ўвагі:

(Зінаіда Ганчар: ) "Сівакоў, Бажэлка, Паўлічэнка, Лапацік, міліцыянты з СОБРу, якія згадваюцца ў дакумэнтах, Мацкевіч. Там насамрэч вялікі сьпіс".

Заўтра ў Беларусі адбудуцца акцыі напаміну грамадзтву і ўладам пра тое, што ў краіне зьнікаюць вядомыя асобы. У Менску пройдзе Ланцуг неабыякавых людзей. Ён паўстане ўздоўж праспэкту Скарыны ў цэнтры гораду з 15 да 16 гадзінаў, такія ж ланцугі альбо пікеты правядуць актывісты АГП, "Зубра", Партыі "Надзея" ды іншых арганізацыяў дэмакратычнага кірунку яшчэ ў 50 рэгіёнах краіны.

А на наступны дзень неабыякавых беларусаў падтрымаюць у 9 сталіцах краінаў Эўропы. У Кіеве, Вільні, Маскве, Варшаве, Таліне, Стакгольме, Бэрліне, Амстэрдаме і Брусэлі людзі будуць пікетаваць амбасады Беларусі з патрабаваньнем паведаміць праўду пра таямнічыя зьнікненьні лідэраў апазыцыі.

Ірына Красоўская, чый муж Анатоль Красоўскі разам з Ганчаром зьнік у верасьні 1999 году, гэтак пракамэнтавала будучую акцыю:

(Ірына Красоўская: ) "Вядома, ня ўсе прыйдуць, бо ў кагосьці хатнія справы, дзеці, сям'я, а нехта баіцца — баіцца нават, што яго могуць паказаць па тэлебачаньні, а там, дзе ён працуе, гэта не вітаецца. Усё ж зразумела. Але я спадзяюся, што значна больш людзей думаюць пра гэтую справу, спачуваюць нам. Людзей такіх вельмі шмат.

Вось ёсьць выраз — калі цябе памятае хаця б адзін чалавек, ужо варта было жыць на гэтым сьвеце. Таму, калі выйдуць нават некалькі дзясяткаў чалавек, гэта таксама будзе вельмі добра".

І напрыканцы колькі словаў пра тое, як ідзе працэс над групоўкай Ігнатовіча, якую, сярод іншага, абвінавачваюць у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. На гэтым тыдні адбылася нечаканая для многіх падзея.

На працэсе зьявіўся і даў паказаньні былы генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка. Памятаеце, гэта ягонага выкрыцьця вінаватых у выкраданьні апазыцыянэраў чакала грамадзтва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Хапае сьведчаньняў, што Бажэлка ведае, хто скраў Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага.

Але былы генэральны пракурор дагэтуль адмоўчваўся, нічога публічна не абвяргаў, але і не пацьвярджаў. Учора ў судзе ён заявіў, што нібыта ніякіх акалічнасьцяў справы Завадзкага ня ведае, прыцягнутых да адказнасьці ня ведае, допытаў зь імі не праводзіў, а тое, што казалі пра ягоную абазнанасьць у справах зьніклых — усё хлусьня.

У прыватнасьці, Бажэлка абверг паказаньні на судзе журналіста Паўла Шарамета і ўвогуле сказаў, што з Шараметам не знаёмы.

Абаронцы, якія прадстаўляюць на судзе інтарэсы пацярпелых, кажуць, што яшчэ спадзяюцца пабачыць Бажэлку ў судзе. А Павал Шарамет назваў заявы былога генпракурора "хлусьнёй зламанага ўладамі чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG