Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬЛЕДЧЫЯ ДАПЫТВАЛІ АБАРОНЦАЎ КУРАПАТАЎ У СПРАВЕ РАЗБУРАНАГА МЭМАРЫЯЛЬНАГА ЗНАКУ БІЛА КЛІНТАНА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Нягледзячы на моцныя маразы, што ўсталяваліся цяпер у Менску, моладзевая варта ў курапацкім лягеры валанцёраў працягваецца. Мінулай ноччу там заставаліся 9 чалавек, але сёньня раніцай у лягеры быў толькі старшы валанцёр Алесь Гетман. Астатнія актывісты разьехаліся па справах.

Спадар Гетман і распавёў мне пра ўчорашні вечаровы візыт у лягер сьледчых:

(Гетман: ) "Мінулы вечар прайшоў нэрвова, таму што раптам зьявіліся міліцыянты й патрабавалі, каб мы далі ім паказаньні ў справе разбуранай лаўкі Клінтана. Мы ня ведаем, хто гэта зрабіў, бо яе разбурылі яшчэ ў жніўні, да нашага прыходу ў Курапаты.

Аднак патрабаваньне даць паказаньні было вельмі настойлівае. Аргумэнтавалі тым, што ім трэба аформіць паперы, бо заведзеная крымінальная справа. Нашае меркаваньне — улады да чагосьці зноў рыхтуюцца. Да чаго — гэта будзе бачна пазьней".

Валанцёры пазналі аднаго зь міліцыянтаў, які наведаў учора іхны лягер — гэта маёр з Бараўлянаў, які ўвечары 8 лістапада кіраваў захопам валанцёраў і разбурэньнем іхнага намёту. Нагадаю, што ўчора ж сьледчыя ў рамках крымінальнай справы пра разбураны мэмарыяльны знак таксама дапыталі некалькіх сяброў БНФ і лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца.

Дарэчы, амэрыканскі мэмарыяльны знак, які быў разьбіты невядомымі вандаламі 13 жніўня сёлета, ня быў канчаткова зьнішчаны і ня зьнік. Сябры БНФ адвезьлі яго ў майстэрню вядомага скульптара Алеся Шатэрніка, які ўжо адрэстаўраваў расколатую лаўку. Спадар Шатэрнік зьбіраецца ўсталяваць падарунак амэрыканскага народу на ранейшым месцы ў Курапатах 15 студзеня наступнага году — на 8-ю гадавіну наведваньня мэмарыялу Білам Клінтанам.

Будаўнічых работ на курапацкім участку дарогі сёньня амаль не вялі, толькі адзін бульдозэр раўняў зроблены раней дарожны насып.

Тымчасам назіральніца ад грамадзкай ініцыятывы "За выратаваньне мэмарыялу Курапаты" Мая Кляшторная сёньня працягвала перамовы з чыноўнікамі Камітэту архітэктуры й будаўніцтва Менгарвыканкаму ў справе вадасьцёку, які пракладзены ў бок Курапатаў. Паводле спадарыні Кляшторнай, будаўнічае начальства гатовае зацьвердзіць такі варыянт пракладкі трубы, пры якім сьцёкавыя воды будуць накіраваныя ў бок ад Курапатаў. Але канчатковае рашэньне ў гэтай справе прымуць заўтра.

А ў абаронцаў Курапатаў зьявіліся іншыя праблемы. Валанцёры кажуць, што ім бракуе грошай на харчы. Яны заклікаюць людзей і грамадзкія арганізацыі дапамагчы ім набыць неабходную ежу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG