Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ ПРАЦЯГНЕЦЦА ПА БЕЛАРУСІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Стань побач!" — з такім заклікам да грамадзянаў Беларусі зьвярнуліся актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі, моладзевай арганізацыі "Зубр" і жаночай партыі "Надзея", якія 9 сьнежня ладзяць агульнанацыянальную акцыю "Ланцуг неабыякавых людзей".

Як і ранейшыя, сьнежаньская акцыя мае на мэце прыцягнуць ўвагу грамадзкасьці да праблемы зьнікненьня выдомых апазыцыянэраў — Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага ды Зьмітра Завадзкага. Удзельнікі акцыі будуць трымаць у руках іхныя партрэты, а таксама партрэты заўчасна памерлага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі і публіцыста Анатоля Майсені, які загінуў у аўтамабільнай катастрофе пры загадкавых абставінах.

Разам з партрэтамі зьніклых будзе і партрэт дэпутата Андрэя Клімава, які ўжо амаль чатыры гады пазбаўлены волі.

Гэтымі днямі праходзіць суд над магчымымі выкрадальнікамі Завадзкага, але апазыцыя ня лічыць, што гэты суд адкажа на пытаньні, якія непакояць гарамадзтва.

(Анатоль Лябедзька: ) "Там, на лаве падсудных, на сёньняшні дзень няма тых людзей, якія гэта арганізоўвалі, якія аддавалі загады. Таму чым бы ні скончылася судовае паседжаньне, справу нельга аддаваць у архіў. Гэтае пытаньне застаецца адкрытым і, я мяркую, які б ні быў прысуд, на наступныя акцыі мы зноў будзем выходзіць з партрэтам Зьмітра Завадзкага і задаваць тое ж пытаньне — дзе ён, што зь ім здарылася. Мы хочам ведаць праўду", — казаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Акцыя мае ўжо знаёмую назву — "Ланцуг неабыякавых людзей". Паводле прэсавай службу АГП, у такіх ланцугах ды пікетах толькі ў жніўні і верасьні бралі ўдзел да 4 тысяч чалавек у 35 рэгіёнах Беларусі. У тым ліку да тысячы менчукоў стаялі вакол адміністрацыі прэзыдэнта.

Гэтым разам у Менску акцыя адбудзецца на іншым месцы — мяркуецца, што людзі паўстануць уздоўж праспэкту Скарыны, ад плошчы Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы. Арганізатары кажуць, што ня бралі адмысловага дазволу ў гарадзкіх уладаў, паколькі такая форма паводзінаў на вуліцы не патрабуе ніякага санкцыянаваньня.

Дарэчы, раней падчас падобных акцыяў у Менску міліцыя звычайна не затрымлівала людзей, а вось у правінцыйных гарадох Беларусі, паводле прэсавай службы АГП, міліцыя паводзіла сябе інакш. Усяго было зафіксавана 80 затрыманьняў, у тым ліку ў Салігорску, Магілёве ды некаторых райцэнтрах.

Аднак і ў гэтых гарадах, і яшчэ ў 50 мястэчках краіны пройдуць акцыі. "Людзі зьбіраюцца сьвядома прадэманстраваць уладам сваю палітычную пазыцыю", — патлумачыў Анатоль Лябедзька.

Паводле арганізатараў, адбудуцца акцыі і ў дзевяці сталіцах эўрапейскіх краінаў. Былі названыя Кіеў, Вільня, Варшава, Талін, Бэрлін, Масква, Брусэль, Амстэрдам і Стакгольм. У гэтых гарадах актывісты беларускай дыяспары і мясцовыя праваабаронцы будуць пікетаваць амбасады Беларусі з патрабаваньнем знайсьці зьніклых і пакараць вінаватых у злачынствах супраць гэтых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG