Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБВАСТРЭНЬНЕ СЫТУАЦЫІ НА БЛІЗКІМ ЎСХОДЗЕ


Кастусь Бандарук, Прага

“Мы лічым Арафата непасрэдна адказным за ўсё, што адбываецца” –заявіў прэм’ер Ізраілю ў тэлевізыйным звароце да народу. “Вайна была нам накінутая. Тэрарыстычная вайна, мэта якой выкінуць нас адсюль, з Ізраілю. Грамадзяне Ізраілю, мы гэтага не дапусьцім. Прымем усе неабходныя захады, і калі тэрор будзе працягвацца, мы скарыстаем усе свае сілы, усю рашучасьць, і мы пераможам!” – сказаў Арыель Шарон.

“Мы ведаем, хто адказны за замахі. Гэта Арафат. Ён абраў шлях тэрору. Даўжэйшы час сьвет ня ведаў ягонага сапраўднага характару, але цяпер гэта ўжо ўсім відавочна”, – дадаў ён. Ізраіль абвясьціў “тэрарыстычнымі арганізацыямі” асабістую ахову Арафата, гэтак званыя “Сілы-17”, а таксама Танзім, ўзброенае крыло ягонай арганізацыі Аль Фатах.

Сёньня ізраільская авіяцыя атакавала лётнішча ў горадзе Газа. Раней, ізраільскія гелікоптары атакавалі камэндатуру палестынскай паліцыі і офісы губэрнатара ў Джэніне, які Ізраіль лічыць асноўнай базай для атакаў палестынскіх камікадзэ. Ізраільскія ракеты зьнішчылі два палестынскія гелікоптары і склад паліва непадалёку ад сядзібы Арафата. Паводле палестынскіх крыніцаў, загінулі 17 чалавек.

У гэты час Арафат знаходзіўся ў Рамале. Вайскоўцы з танкамі увайшлі ў Наблус і Рамалу на заходнім беразе Ярдану. Тэль-Авіў заяўляе, што гэта толькі пачатак рэваншу за сэрыю самазабойчых тэрактаў, у выніку якіх загінулі 26 чалавек.

У адказ на рашучыя дзеяньні Ізраілю, прадстаўнік палестынцаў Эрэкат заявіў, што Ізраіль хоча зьнішчыць палестынскую аўтаномію. Дарэчы, у ізраільскай прэсе даўно мільгацяць згадкі пра тое, што армія мае гатовы плян суцэльнай ліквідацыі аўтаноміі, якую падтрымліваюць 37 адсоткаў ізраільцаў.

Радыкальная іслямская групоўка Хамас, якая ўзяла на сябе адказнасьць за замахі ў Ерузаліме і Гайфе правяла ў Гаазе бурную дэманстрацыю. Баявікі Хамасу стралялі ў паветра і заклікалі да помсты. Групоўка, якая ня мае намеру слухаць Арафата прыгразіла рэваншам і заявіла, што Ізраіль “заплаціць высокую цану” за апошнія ўдары. “Гэта дэклярацыя вайны” сказаў адзін з палестынскіх прадстаўнікоў.

Ад’ютанты Арафата патэлефанавалі ў Вашынгтон з просьбай аб аказаньні ціску на Ізраіль, аднак Белы Дом заявіў, што Ізраіль мае права бараніцца. Адначасова, Вашынгтон традыцыйна заклікаў Ізраіль да стрыманасьці. Пра такое ж права на абарону заявіў таксама дараднік Арафата Набіл Абу Рудэйна. На пытаньне, як прэзыдэнт Буш паставіўся да дзеяньняў Ізраілю ў адказ на тэракты, прадстаўнік прэзыдэнта Ары Флейшэр сказаў, што “ ён дасканала гэта разумее”.

Адназначнае асуджэньне суботніх і нядзельных актаў не пакінула Арафату ніякага поля для манэўру. Лідэры шэрагу краінаў, у тым ліку арабскіх, заклікалі яго “скарыстаць увесь свой ўплыў, сваю ўладу і прэстыж, каб ўзяць тэрарыстаў пад свой кантроль”. Цягам сутак служба бясьпекі арыштавала 100 дзеячоў і прыхільнікаў радыкальных груповак, аднак пераважна палітычных дзеячоў, а не тэрарыстаў.

“Атакі супраць цывільных ізраільцаў штурхаюць нас ў тупік. Мы жывем ў сьвеце, які вядзе вайну ў Афганістане і зь міжнародным тэрарызмам. Мы мусім быць часткай міжнароднай супольнасьці і ня можам сабе дазволіць самаізаляцыю”, – патлумачыў арышты палестынскі міністр Набіл Шаас.

Пасьля 14 месяцаў гвалту, у часе якога загінулі каля тысячы чалавек, паміж Ізраілем і палестынцамі няма ніякага даверу. Ізраіль патрабуе ад палестынцаў ўтаймаваць тэрор, а міністар інфармацыі Ясір Абэд Раббо цьвердзіць, што “крыніцай тэрору зьяўляецца ізраільская акупацыя”.

Амэрыканскі пасланьнік на Блізкім Ўсходзе Энтоны Зінні калі і нешта дасягнуў, дык адразу гэта сапсавалі новыя тэракты. Ва ўрадзе Шарона спаборнічаюць паміж сабою дзье плыні. “Ястрабы” на чале з прэм’ерам лічаць, што Арафат цалкам праваліў экзамен у якасьці партнэра мірнага дыялёгу. Гэтай думкі прытрымліваецца і большасьць грамадзтва. Затое левае крыло ўраду на чале зь міністрам замежных справаў і абароны Пэрэсам і Еліезэрам выказваецца за працяг дыялёгу з Арафатам. Яны баяцца, што Арафата могуць замяніць людзі, якія увогуле адмовяцца ад перамоваў, а гэта азначае вайну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG