Аналітыкі разважаюць на тэму, ці ня стане гэты крызыс закатам для аднаго з самых доўгавечных палітыкаў – лідэра палестынцаў Ясіра Арафата?
Ясір Арафат прыняў умовы небясьпечнага выпрабаваньня для сваёй улады і паабяцаў зрабіць тое, чаго ізраільскі ўрад дабіваўся ад яго шмат месяцаў, – піша New York Times. – Пасьля апошніх жахлівых тэрактаў прадстаўнікі Арафата паабяцалі, што яны разграмяць дзьве галоўныя палестынскія экстрэмісцкія групоўкі – Хамаз і Іслямскі Джыхад.
Перад гэтым Арафат неаднаразова заяўляў, што зробіць такія крокі, але не рабіў іх. На гэты раз усё па-іншаму. Калі Арафат ня здолее зрабіць гэта, ён хутчэй за ўсё, страціць усялякую падтрымку з боку адміністрацыі Буша. У той час як некаторыя ізральскія міністры заклікаюць да адстаўкі Арафата і скасаваньня ягонай адміністрацыі, лідэр палестынцаў ня можа рызыкаваць падтрымкай амэрыканцаў. Тым больш зараз, калі ягоная папулярнасьць зьмяншаецца, адміністрацыя палестынскай аўтаноміі абвінавачваеца ў карупцыі і няздольнасьці кіраваць, мірны працэс развалены, і амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш нават не пажадаў паціснуць ягоную руку.
Выступаючы па амэрыканскім тэлебачаньні, міністар абароны ЗША Дональд Расмсфэльд назваў Арафата “ня вельмі моцным лідэрам”, які “нічога не прынес палестынскаму народу”.
Расфэльд: “Крокі, якія зараз патрабуюцца – гэта знайсьці адказных за гэтыя тэракты, а таксама знайсьці тых, хто плянуе іншыя напады, і перасьледаваць тыя арганізацыі, якія трэніруюць і падрыхтоўваюць тэрарыстаў-самагубцаў і баевікоў”.
Амэрыканцы ўпершыню за апошнія месяцы заявілі, што ня будуць патрабаваць ад ізраільскага прэм’ера Шарона стрыманасьці ў апэрацыі адплаты супраць палестынцаў.
72-гадовы Арафат, адзін з самых доўгавечных палітычных лідэраў, і ягоны інстынкт выжываньня застаецца вельмі вострым. Угаворамі і прымусам ён быў здольны каардынаваць палестынскае паўстаньне апошнія 14 месяцаў так, каб гэта задавальняла ягоныя ўласныя палітычныя патрабаваньні на бягучы момант. Але ён ніколі ня быў здольны альбо не жадаў зусім спыніць інтыфаду. Іронія ў тым, што гэта менавіта тое, што яд яго патрабуецца зараз. Аднак, ці здольны ён гэта зрабіць, нават калі б і захацеў?
У сваім аналізе New York Times адзначае, што Ясір Арафат мала што атрымае ад пагоні за лідэрамі тэрарыстычных груповак. Мінулым месяцам, калі прадстаўнікі палестынскай аўтаноміі арыштавалаі аднаго з камандзіраў радыкальнай групоўнкі Ісьлямскі Джыхад у горадзе Джэнін на Заходнім беразе, больш як 2500 палестынцаў паўсталі супраць паліцыі Арафата, падпальваючы аўтамабілі і страляючы ў паветра. Зараз, пасьля ланцуга найбольш крывавых тэрактаў у Ізраілі за апошняе дзесяцігодзьдзе, ізраільскія і заходнія лідэры патрабуюць, каб Ясір Арафат пайшоў далей – на значна большую рызыку для сваёй улады. Ад яго патрабуецца падавіць усе ўзброеныя палестынскія групоўкі, асабліва найбольш вядомую і эфэктыўную – Хамаз.
Арафат асудзіў апошнія тэракты, увёў надзвычанае становішча на палестынскіх тэрыторыях, паабяцаў арыштаваць тэрарыстаў і папярэдзіў узброеныя групоўнкі, што яны будуць пастаўленыя па-за законам. Але мала хто з аналітыкаў спадзяецца, што Арафат паспрабуе ўсур’ёз узяцца за Хамаз, папулярнасьць якога, бадай, перавышае папулярнасьць самога Арафата. “Я ня думаю, што мы ўбачым поўны разгром Хамаза, – кажа Халіл Шыкакі, незалежны палестынскі аналітык і сацыёляг, – паколькі звычайныя палестынцы паўстануць супраць гэтага”.
Аднак фундамэнтальная палітычная праблемы, піша New York Times, палягае ў тым, што палітычнай альтэрнатывы Арафату пакуль не відаць. Калі Арафата зьмяніць, усё пойдзе толькі горш — упэўненыя многія аналітыкі.