У экспэрымэнце была ўжытая традыцыйная тэхналёгія клянаваньня: з жаночай яйцаклеткі была выдаленая ДНК і замест яе была ўведзеная ДНК зь ядра дарослай клеткі. Яйцаклетка пачала дзяліцца і разьвілася ў эмбрыён з шасьці клетак. Экспэрымэнты з клянаваньнем жывёлаў праводзіліся і раней, у 1997 годзе ў Шатляндыі клянаваньнем была створаная авечка Долі. Кампанія Advanced Cell Technology абвясьціла, што яе мэта — не стварэньне клянаваных чалавечых істотаў, а лячэньне цяжкіх хваробаў — дыябэту, раку, СНІДу, хваробаў Паркінсона і Альцгаймэра.
* ВАТЫКАН. Кіраўніцтва Каталіцкай Царквы выступіла з асуджэньнем спробаў клянаваньня эмбрыёна чалавека, назваўшы іх умяшаньнем у чалавечае жыцьцё. «Нягледзячы на гуманныя намеры дасьледнікаў, гэты экспэрымэнт мусіць быць адназначна асуджаны», - гаворыцца ў заяве Ватыкану. Паводле дактрыны Каталіцкай Царквы, чалавечае жыцьцё пачынаецца ў момант зачацьця, і таму клянаваньне зьўяляецца парушэньнем законаў жыцьця.
* ЛЁНДАН. Навукоўцы Інстытуту Росьліна ў Шатляндыі, дзе ў 1997 годзе шляхам клянаваньня была створаная авечка Долі, заявілі, што праведзены амэрыканскімі біятэхнолягамі экспэрымэнт нельга лічыць навуковым прарывам. У выніку экспэрымэнту ўтварылася толькі шэсьць клетак эмбрыёна, тым часам як для атрыманьня прыдатнай для далейшага ўжытку крыніцы жывых клетак, эмбрыён мусіць разьвіць ня менш за 100-150 клетак. Стваральнікі Долі лічаць дасягненьне амэрыканцаў нязначным экспэрымэнтам, які мае хутчэй маральнае і палітычнае, чым навуковае значэньне.
* ВАШЫНГТОН. З рэзкім асуджэньнем клянаваньня эмбрыёна чалавека выступіў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш. Ён назваў выкарыстаньне эмбрыёнаў для клянаваньня недапушчальным. «Мы як грамадзтва ня можам разьвіваць жыцьцё, каб зьнішчаць яго. А менавіта гэта цяпер адбываецца», - заявіў Буш. Прэсавы сакратар Буша Ары Флэйшэр заклікаў амэрыканскі Кангрэс забараніць клянаваньне чалавека. Раней сёлета адпаведны законапраект быў зацьверджаны Палатай Прадстаўнікоў і чакае цяпер зацьверджаньня ў Сэнаце.
* СТАКГОЛЬМ. Паводле швэдзкіх дэрматолягаў, дзьве з васьмі манэтаў эўра, якія ўвойдуць ва ўжытак на пачатку 2002 году, утрымваюць залішнюю колькасьць нікелю. Гэта можа прывесьці да таго, што ў людзей алергічных на гэты мэтал можа разьвіцца экзэма. У выніку пяціхвіліннага кантакту з манэтамі 1 і 2 эўра ў такіх людзей можа пачацца запаленьне скуры. Алергія на нікель зафіксаваная ў пятнаццаці працэнтаў жанчын і ў пяці працэнтаў мужчынаў у прамыслова разьвутых краінах. У манэтах зь медна-нікелевага сплаву ўтрыманьне нікелю амаль у 30 разоў вышэйшае за бясьпечную норму.
* ТОКІЁ. Міністэрства сельскай гаспадаркі Японіі паведаміла пра пляны зьнішчэньня больш за 5 тысячаў кароваў, якіх кармілі касьцяной мукою. На мінулым тыдні ў Японіі быў зарэгістраваны другі выпадак каровінага шаленства. Пакуль што не адзначана захворваньня людзей на хваробу Кройцфэльда-Якаба, выкліканую спажываньнем мяса хворых кароваў. Ад гэтай хваробы ў Эўропе за апошнія гады памерла ўжо больш за 100 чалавек.