* ЛЁНДАН. 10 сьнежня ў Лёндане адбудзецца прэм’ера фільму «Братэрства пярсьцёнка», пастаўленага паводле першай часткі трылёгіі Джона Толкіна «Ўладар пярсьцёнкаў». Трылёгія Толкіна, прададзеная за паўстагодзьдзя ў колкасьці 100 мільёнаў асобнікаў, у шматлікіх апытаньнях прызнаная «Кнігай ХХ стагодзьдзя». Фільм рэжысэра Пітэра Джэксана быў зьняты ў Новай Зэляндыі, прычым упершыню ў гісторыі адразу былі зьнятыя ўсе тры часткі трылёгіі. Прэм’еры двух наступных фільмаў адбудуцца на Каляды 2002 і 2003 гадоў.
* ГАЛІВУД. Сёлета за прэмію «Оскар» у катэгорыі замежных фільмаў будзе змагацца рэкордная колькасьць прэтэндэнтаў - 51 фільм, на 5 болей, чым летась. Кожная краіна мае права выставіць толькі адзін фільм. Сярод сёлетніх прэтэндэнтаў - фільмы «Амэлія» (Францыя), «Настаўнік фартэпіяна» (Аўстрыя), «Маці Божая Забойцаў» (Калюмбія), «Нічыя зямля» (Босьнія), «Цёмна-сіні сьвет» (Чэхія), «Італьянская мова для пачаткоўцаў» (Данія) і «Сынаў пакой» (Італія). 74-тая цырымонія прысуджэньня «Оскараў» адбудзецца ў Галівудзе 24 сакавіка.
* ЛЁНДАН. Прыхільнікам самага папулярнага ў сьвеце чараўніка Гары Потэра давядзецца чакаць як найменей шэсьць гадоў, перш чым яны змогуць пабачыць свайго героя на тэатральнай сцэне. Прадстаўніца літаратурнага агента пісьменьніцы Джоан Роўлінг паведаміла, што правы на тэатральную адаптацыю раманаў пра Гары Потэра ня будуць давацца да 2007 году. Тым часам просьбы на атрыманьне дазволу аб тэатральных пастаноўках прыходзяць да пісьменьніцы з усіх канцоў сьвету.
* ЛЁНДАН. Альбом «Joshua Tree» ірляндзкага рок-гурта U2 быў прызнаны брытанскімі слухачамі тэлеканалу VH1 найлепшым альбомам усіх часоў. У галасаваньні праз тэлефон, электронную пошту і Інтэрнэт удзельнічалі 250 тысячаў чалавек. Другое месца заняў найлепш прадаваны ў сьвеце альбом Майкла Джэксана «Thriller». Альбомы гуртуBeatles «Рэвальвэр» і «Клюб самотных сэрцаў сяржанта Пэпэра» занялі восьмае й дзявятае месцы. Зь іншых выканаўцаў у першую дзясятку трапілі Oasis, Meat Loaf, Nirvana, Radiohead i Стыві Ўандэр.
* ХАНОЙ. У сталіцы Віетнаму гэтымі днямі распачаўся першы ў гісторыі краіны джазавы фэстываль. У фэстывалі, які быў арганізаваны ў супрацоўніцтве з Эўракамісіяй і працягнецца два тыдні, возьмуць удзел музыкі з Францыі, Даніі, Бэльгіі і Вялікабрытаніі. Эўрапейскія джазмэны сустрэнуцца таксама са студэнтамі мясцовай кансэрваторыі. У рамках фэстывалю будзе арганізаваны адмысловы вечар, прысьвечаны віетнамскаму джазу. На ім выступіць квінтэт пад кіраўніцтвам саксафаніста Нгуэн Ван Міня.
* КАБУЛ. Супрацоўнікі Нацыянальнага Музэю ў Кабуле паведамілі, што год таму міністар культуры і інфармацыі ўраду талібаў Кудратула Джамал і міністар фінансаў Агаджан Мутасэм з дапамогай камянёў, сякераў і малаткоў зьнішчылі больш за 2750 твораў мастацтва, якія былі выявамі жывых істотаў і абражалі іхныя рэлігійныя пачуцьці. Факты зьнішчэньня талібамі помнікаў культуры доўгі час заставаліся невядомыя ў сьвеце да сакавіка 2001 году, калі ў Баміяне былі зьнішчаныя дзьве велізарныя статуі Буды, высечаныя ў скалах паміж ІІ і V стагодзьдзямі.
* ВЕНА. У Вене ў галерэі «Кунстфорум» да 2 сьнежня працуе рэтраспэкцыйная выстава твораў Казіміра Малевіча, на якой экспануецца больш за 120 працаў мастака з розных пэрыядаў ягонай творчасьці — ад першых гадоў ХХ стагодзьдзя да апошніх твораў 30-х гадоў. Экспанаты пазычаныя з розных збораў, большасьць іх паходзіць зь Дзяржаўнага Расейскага Музэю ў Пецярбургу. Сярод карцінаў выстаўлены і славуты «Чорны квадрат на белым фоне». Выстава Малевіча была названая ў Вене найбуйнейшай падзеяй мастацкага сэзону.