Духоўная гімназія і цэнтар разьмясьціліся ў былым дзіцячым садку на вуліцы Якубава. Акурат тут напрыканцы лета ўтворана самая маладая ў абласным цэнтры праваслаўная парафія пры храме Іконы Божай Маці – “Усіх смуткуючых радасць”.
Настаяцель парафіі айцец Вадзім з радасьцю ўспрыняў ідэю парафіянаў заняцца духоўным выхаваньнем дзяцей і атрымаў на гэта блаславеньне Гомельскай епархіі.
У духоўную гімназію прыйшлі паўсотні школьнікаў – ад першай да адзінаццатай клясы. Дзеці займаюцца тут пяць дзён на тыдзень, раніцай альбо надвячоркам – у залежнасці ад заняткаў у школе. Падзеленыя гімназісты на 3 ўзроставыя групы. Пад наглядам настаўнікаў яны паўтараюць тут школьныя прадметы і галоўнае – вывучаюць Закон Божы, царкоўную этыку. Неўзабаве тут будуць зарганізаваны адмысловыя творчыя гурткі, у тым ліку іканапісу і сясьцёр міласэрнасці.
На думку айца Вадзіма, галоўнае адцягнуць дзяцей ад тэлевізараў і бессэнсоўнага блуканьня на вуліцы.
І гімназія, і духоўна-асветніцкі цэнтр існуюць на ахвяраваньні парафіянаў. А каб патрапіць сюды хлапчуку ці дзяўчынцы, патрэбна жаданьне бацькоў і невялікая суразмова са сьвятаром.