Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛІБЫ Ў КУНДУЗЕ РЫХТУЮЦЦА ДА КАПІТУЛЯЦЫІ


Юры Сьвірко, Прага


Адзін з камандзіраў Паўночнага альянсу генэрал Абдурашыд Дустум сустрэўся з талібскім генэралам мулой Файзалам ў суседнім з Кундузам горадзе Мазары-Шарыф. Пасьля перамоваў Дустум заявіў, што здадуцца як афганскія, гэтак і неафганскія байцы ў Кундузе, улучна з арабамі, чачэнцамі, пакістанцамі ды ўзбэкамі. Афганскім байцам будзе дазволена вярнуцца дадому, а замежнікаў арыштуюць і будуць судзіць паводле законаў Ісьлямскае дзяржавы Афганістан.

Вось што паведаміў Радыё Свабода па тэлефоне з ваколіцаў Кундузу генэрал Атыкулі Бар’ялай, намесьнік міністра абароны Ісьлямскае дзяржавы Афганістан, які прадстаўляе Паўночны альянс:

(Бар’ялай: ) “Дзьвесьце жаўнераў Талібану на адным фронце й 300 на іншым фронце здаліся нам. Паколькі іхнія пазыцыі сталі вольныя, некаторыя з нашых войскаў занялі гэтыя пазыцыі, але пазьней я загадаў ім пакінуць гэтыя пазыцыі, каб не распачаліся баі”.

Лідэры Паўночнага альянсу паведамляюць, што іхняя сустрэча з камандзірамі Талібану скончылася пагадненьнем, што талібы здауць Кундуз і перададуць замежных байцоў, якія застаюцца ў горадзе.
Гаворыць генэрал Бар’ялай:

(Бар’ялай: ) “Талібы заявілі, што гатовыя скласьці зброю пры ўмове, што мы захаваем ім жыцьцё і што яны змогуць спакойна пакінуць Кундуз і накіравацца ў свае правінцыі. Але іхняя думка наконт замежнікаў-талібаў палягае ў тым, што яны ня хочуць перадаваць іх нам. Наша ж канкрэтнае, першае ды апошняе патрабаваньне да іх – каб яны перадалі нам замежных талібаў”.

Зазначыў Атыкулі Бар’ялай, адзін з генэралаў Паўночнага альянсу. Што ж будзе далей з талібамі-замежнікамі ў выпадку іхняй капітуляцыі? Вось як адказвае на гэтае пытаньне спадар Бар’ялай:

(Бар’ялай: ) “Паколькі замежныя талібы прыйшлі ў нашу краіну дзеля тэрору, вайны й распальваньня нянавісьці, мы з гэтай прычыны будзем ставіцца да іх так, як прынята ў дачыненьні да ваеннапалонных”.

Сказаў Радыё Свабода па тэлефоне з ваколіцаў Кундузу Атыкулі Бар’ялай, прадстаўнік Паўночнага альянсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG