Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НАД ІГНАТОВІЧАМ І ЯГО ХАЎРУСЬНІКАМІ ПАКАЗАЎ, ШТО РНЕ Ў БЕЛАРУСІ КАРЫСТАЕЦЦА ПАДТРЫМКАЙ УПЛЫВОВЫХ АСОБАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня слуханьне справы Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў, як і ўчора, у асноўным прысьвячаліся дачыненьням падазраваных да беларускай філіі расейскіх нацыяналістаў — РНЕ.

Паводле аднаго з адвакатаў, з паказаньняў сьведкаў можна зрабіць вельмі істотныя высновы. Галоўная зь іх, што арганізацыя расейскіх нацыяналістаў у Беларусі глыбока пусьціла карані і дзейнічае пад патранажам ўплывовых асобаў. Інакш немагчыма было б разгарнуць цэлую структуру, у якой адныя займаліся прапагандай, другія трэніроўкамі, трэція праводзілі актыўныя мерапрыемствы, а ўсёй структурай кіраваў калектыўны орган з 7-10 гэтак званых "саратнікаў".

Адным з такіх "саратнікаў" зьяўляўся былы спэцназавец Валер Ігнатовіч. Адначасова ён кіраваў групоўкай, якая зарабляла грошы злачынствамі — рэкетам, рабаўніцтвамі ды забойствамі. Прычым ёсьць падставы падазраваць, што гэтыя брудныя грошы ішлі на фінансаваньне мясцовай філіі РНЕ, бо нарабаваныя Ігнатовічам некалькі тысячаў даляраў не былі патрачаныя ні на дарагія рэчы, ні на аўтамабілі ці штосьці іншае, як звычайна робяць крымінальнікі.

Такім чынам ёсьць меркаваньне, што пэўны час улады заплюшчвалі вочы на гэтыя "заробкі" групоўкі Ігнатовіча, паколькі ім даручаліся і заданьні па зьнішчэньні апазыцыянэраў. Але прыйшоў час, і былога спэцназаўца давялося арыштаваць, каб схаваць разам зь ім нейкія тайны.

Што такая вэрсія верагодная, даказвае стыль, у якім дзейнічаў Ігнатовіч. Прыкладам, вось якіх людзей ён падбіраў у сваю групоўку: у бальшыні гэта былі былыя міліцыянты, як Гуз ці Малік, таксама асобы зь "неадэкватнымі паводзінамі", нейкімі адхіленьнямі ў стане здароўя, як Савушкін. Гэта людзі, схільныя да рызыкі і авантураў — ў прыватнасьці стала вядома, што адразу пасьля захопу Зьмітра Завадзкага ягоныя рабаўнікі паехалі ў Чачэнію вэрбавацца для ўдзелу ў баявых дзеяньнях, а калі з гэтым не атрымалася, спакойна вярнуліся дадому. Яны асабліва і не кансьпіраваліся, магчыма, спадзяваліся на нейкае заступніцтва.

Дагэтуль ня высьветлілі, што ж здарылася са Зьмітром Завадзкім. Суд толькі наблізіўся да падзеяў ліпеня мінулага году, калі Завадзкі быў скрадзены, і яшчэ ня меў магчымасьці высьвятляць тое, што ня высьветліла сьледзтва.

Аднак адвакаты не выключаюць, што суд паспрабуе абыйсьці ўвагай далейшы лёс Завадзкага. Юрыдычныя падставы для гэтага ёсьць, бо ягоным выкрадальнікам не інкрымінуецца забойства. Адвакаты перакананыя, што эпізод з Завадзкім трэба вылучаць ў асобную справу, але час запатрабаваць гэта, зь іхнага гледзішча, яшчэ не надыйшоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG