Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* НЬЮ-ЁРК. Ляўрэатам прэстыжнай амэрыканскай Нацыянальнай Кніжнай Прэміі стаў Джонатан Фрэнзэн, аўтар раману «Папраўкі», у якім апісваецца гісторыя няўдалай сям’і ў амэрыканскай глыбінцы. Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася на Мангэтэне. Сёлета Нацыянальная Кніжная Прэмія прысуджалася 52-гі раз. Нацыянальным Кніжным Мэдалём за надзвычайны ўклад у амэрыканскую літаратуру сёлета быў узнагароджаны драматург Артур Мілер. Раней гэтым мэдалём ушаноўваліся Сол Бэлаў, Томі Морысан і Джон Апдайк.

* ЛЁНДАН. Калекцыя лістоў ды іншых дакумэнтаў Джона Толкіна, аўтара славутай трылёгіі «Ўладар пярсьцёнкаў», была прададзеная на аўкцыёне ў Лёндане за 80 тысяч даляраў. Ананімны пакупнік, які запрапанаваў сваю цану па тэлефоне, застаўся невядомы. «Уладар пярсьцёнкаў» знайшоў больш за 100 мільёнаў чытачоў ва ўсіх канцах сьвету. 19 сьнежня адначасна ў розных краінах сьвету адбудзецца прэм’ера фільму паводле першай часткі трылёгіі - «Братэрства пярсьцёнка». Дзьве другія часткі выйдуць на кінаэкраны на Каляды 2002 і 2003 гадоў.

* САН ДЫЕГА (КАЛІФОРНІЯ). Эрык Альтшулер, нэўрапсыхоляг з Каліфарнійскага Ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега, выказаў меркаваньне, што біблійны прарок Езэкіель, ведамы сваімі змрочнымі прадказаньнямі, быў першым вядомым у гісторыі эпілептыкам. Езэкіэль, які жыў за 600 гадоў да Хрыста, лічыцца аўтарам адной з самых даўгіх і няясных кніг Бібліі. Сярод сымптомаў, выяўленых доктарам Альтшулерам — частая страта прытомнасьці, страта мовы, галюцынацыі, агрэсіўнасьць і пэдантычнасьць.

* ПАРЫЖ. 21 лістапада адначасна ў 12 краінах сьвету выйдзе кніга інтэрвію славутага амэрыканскага лінгвіста і радыкальнага мысьляра Ноама Чомскага, прысьвечаная падзеям 11 верасьня. У кнігу «11 верасьня: аўтапсія тэрарызмаў» увайшлі гутаркі зь італійскімі, амэрыканскімі, югаслаўскімі, нямецкімі, швэйцарскімі, грэцкімі, гішпанскімі і францускімі журналістамі, запісаныя паміж 19 верасьня і 15 кастрычніка. У іх Чомскі выступае з аналізам падзеяў «па гарачых сьлядах».

* ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Кансэрватыўныя хрысьціяне ў Амэрыцы выступаюць з рэзкімі пратэстамі супраць кніг і фільму пра Гары Потэра, называючы яго спараджэньнем д’ябла. Прадстаўнікі баптысцкай царквы лічаць, што герой кніг і кінаэкрану прымушае амэрыканскіх дзяцей прыняць і палюбіць чарадзейства і акультызм. Фільм «Гары Потэр у школе чарадзеяў» выйшла на экраны ў пятніцу і паказваецца ў 3700 амэрыканскіх кіназалях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG