Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛАТВІЯ ГАТОВАЯ СПРАСЬЦІЦЬ ПЕРАХОД БЕЛАРУСКА-ЛАТВІЙСКАЙ МЯЖЫ ДЛЯ ЖЫХАРОЎ ПАМЕЖНЫХ РАЁНАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Зараз, каб трапіць у Латвію, жыхары памежных рэгіёнаў Беларусі мусяць атрымаць адмысловыя пропускі. Гэта ня вельмі зручна, бо пропуск выдае кансулят амбасады Латвіі кожны раз, калі ўзьнікае такая патрэба. Спадар Нэйманіс лічыць, што нашмат прасьцей выдаваць грамадзянам Беларусі, якія жывуць побач зь мяжой, шматразовую візу. Латвія гатовая выпісваць такія візы бясплатна.

(Нэйманіс: ) "Ад прапускоў мы павінны адмовіцца, і прапанова Латвіі такая — каб замест прапускоў гэтыя жыхары атрымлівалі бясплатныя візы".

Што да дэмаркацыі беларуска-латвійскай мяжы, дык і тут латвійскі бок, выканаўшы сваю частку справы, чакае такіх жа дзеяньняў зь беларускага боку.

Пасыўнасьць Беларусі для Латвіі не заўжды зразумелая. Вось характэрны прыклад — Беларусь неаднойчы заяўляла, што яна падпіша пагадненьне аб рэадмісіі, але толькі адначасова з усімі суседзямі, без выключэньня — гэта значыць, з Расеяй, Украінай, Польшчай, Літвой і Латвіяй. Але днямі старшыня міжнароднай камісіі верхняй палаты "нацыянальнага сходу" Мікалай Чаргінец раптам заявіў, што зь пяцёх пералічаных краінаў Беларусь гатовая падпісаць пагадненьне толькі з трыма. Латвіі ў гэтай "тройцы" няма.

(Нэйманіс: ) "Гэтую дамову нам ніяк не ўдаецца заключыць. І мы сапраўды вельмі зацікаўленыя, каб яе заключыць. Гэта ёсьць адным з пунктаў дыскусіі паміж Латвіяй і Беларусьсю".

Часоваму паверанаму ў справах Латвіі некалькі разоў падчас прэсавай канфэрэнцыі задавалі пытаньне: ці адаб'ецца нэгатыўным чынам на гандлёвых адносінах паміж дзьвюмя краінамі зыход з пасады амбасадара Беларусі Міхаіла Марыніча. Сп. Нэйманіс мяркуе, што справа тут не ў канкрэтных асобах.

(Нэйманіс: ) "Калі казаць пра тыя ж МАЗы, пра якія я тут многа ўзгадваў, дык колькасьць продажаў МАЗаў апошнім часам скарачаецца. Гэта зьвязана з тым, што латыскія бізнэсоўцы, прадпрымальнікі ўсё далей адыходзяць ад расейскага крызысу, і гатовыя набываць ня толькі МАЗы, якія больш танныя, але і больш вядомыя ня толькі ў Латвіі, але і ў іншых месцах Эўропы "Volvo" альбо "Renault".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG