У Курапатах працягваецца будаўніцтва кальцавой дарогі. Дагэтуль побач з будаўнікамі ўвесь час можна пабачыць міліцыянтаў. Але ў лягер валанцёраў яны цяпер не заходзяць, пільнуюць абаронцаў Курапатаў здалёк. Распавядае сябар Беларускай партыі свабоды Алесь:
(Алесь: ) "Дзесьці да 11-й начы дзяжурыла машына міліцыі, іх зьмянілі амонаўцы".
(Карэспандэнтка: ) "Ці былі і пагрозы?"
(Алесь: ) "Начальнік "Белпалка", які тут кіруе, учора сказаў Аляксею, што адзін ужо тут дахадзіўся з сотавым (намякаў на Алеся Гетмана) — глядзі, хутка й цябе таксама... Будаўнікі казалі, што трэба будзе прыбіраць некаторыя крыжы. Мы кажам, што ня будзем гэта рабіць, прыбірайце самі. А яны нам кажуць, што заўтра ўзвод амону прывядуць".
Валанцёры ўвесь час сочаць за тым, як адбываецца пашырэньне кальцавой дарогі. Кантактаваць з будаўнікамі часам бывае не зусім проста. Распавядае сябар руху "Зубр" Мікіта Сасем:
(Сасем: ) "Учора ўвечары прыйшоў адзін зь іх у нецьвярозым стане. Намагаўся даведацца, колькі нас, чаго мы хочам, чаго сядзім, колькі нам плацяць. Мы пагналі яго, сказалі: прыходзь сюды цьвярозы, тады паразмаўляем".
(Карэспандэнтка: ) "Вы сочыце за тым, як ідзе будаўніцтва?"
(Сасем: ) "Канечне. У некаторых месцах яны залазяць за межы, якія яны стварылі самі для сябе".
Сёньня за будаўнічымі працамі ў Курапатах афіцыйна назіраў Уладзімер Кішкурна. Ён высьветліў, што будаўнікі ня маюць праекту пабудовы падпорнай сьценкі.
Сёньня я спрабавала паразмаўляць з будаўнікамі, хацела запытацца ў іх, як яны адчуваюць сябе пасьля таго, як накіравалі тэхніку на асьвечаныя крыжы.
Падышла да сіняга мікрааўтобуса, у ім знаходзіліся шасьцёра начальнікаў, у тым ліку й прараб будоўлі, зь якім я раней ня раз размаўляла. Ніхто не пажадаў назваць сваіх імёнаў і пасадаў.
(Карэспандэнтка: ) "Калі скончыцца будаўніцтва на гэтым участку?"
(Спадар: ) "Калі скончыцца, тады й убачыце".
(Карэспандэнтка: ) "Чаго хаваецеся? Тэма галосная. Усе тэлеканалы паведамляюць".
(Другі спадар: ) "Ёсьць заказчык, тэлефануйце яму".
(Карэспандэнтка: ) "А Вы хто?"
(Другі спадар: ) "А мы так проста прыехалі паглядзець, палюбавацца на прыроду".
(Карэспандэнтка зьвяртаецца да прараба: ) "Вы ж маеце пэўнае дачыненьне да будаўніцтва?"
(Прараб: ) "Я тут выпадкова".
(Карэспандэнтка: ) "Я колькі разоў да Вас з гэтым мікрафонам падыходзіла..."
(Прараб: ) "Гэта нехта падобны".
(Спадар: ) "Дзяўчынка, не перашкаджайце. Тут працаваць трэба. Тэма гучыць? Нічога не гучыць, усё ўжо прагучала..."
(Карэспандэнтка: ) "Калі людзі тут жывуць і сочаць за будаўніцтвам..."
(Спадар: ) "Напэўна гэтым людзям тут цікава жыць".
(Другі спадар: ) "Ёсьць тут каму наглядаць. Ёсьць тут Інстытут гісторыі, спадар Іоў — ён адмыслова за гэтым назірае".
Ня мела посьпеху й спроба паразмаўляць з экскаватаршчыкамі:
(Будаўнік: ) "Да нас расстрэльвалі, пасьля нас будуць расстрэльваць. Машына вось зламалася. Цётка, не перашкаджай працаваць".
Сяброўка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Вера Ціцянкова прыходзіць у Курапаты амаль штодня. Яна мяркуе, што трэба працягваць пільнаваць будаўніцтва.
(Ціцянкова: ) "Адно — насыпаць вал, а другое — яшчэ іншыя работы, каб яны не пайшлі далей, бо дарога ўжо пайшла... На жаль. Але пад наглядам міліцыі чаго толькі ня зробіш у гэтай дзяржаве. Калі мы сюды прыйшлі 21 верасьня, будаўнікі размаўлялі зусім інакш. Тады яны размаўлялі, казалі, што не, на крыжы мы ня пойдзем, мы бачым, што тут ёсьць пахаваньні.
А зараз яны нават ня хочуць размаўляць. Таму што ім няма пра што сказаць. Яны празь нешта пераступілі. Шкада, што так адбылося. Відаць, сам наш народ вінаваты, бо дзеці стаялі як маглі. Пакуль такі народ, так і будуць яны таптацца па костках".