Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС АФГАНЦАЎ У БЕЛАРУСІ НЕ ЦІКАВІЦЬ НІКОГА, АПРОЧ СЯБРОЎ "ФОНДУ ДАПАМОГІ АФГАНСКІМ УЦЕКАЧАМ"


Ігар Карней, Менск

Практычна кожны афганец, якія трапляе ў Беларусь, праходзіць праз "Фонд дапамогі афганскіх уцекачоў". Кіраўнік фонду — Абд-ур-Рахім. Жыве ў Менску амаль 20 гадоў, мае жонку-беларуску і ўжо дарослых дзяцей. Адзін зь нямногіх замежнікаў, хто атрымаў беларускае грамадзянства.

Абд-ур-Рахім ведае ў твар кожнага свайго суайчыньніка — незалежна ад таго, транзытам той у Беларусі, альбо спрабуе пусьціць тут карані. Кажа, што асноўная праблема для любога іншаземца — легалізавацца. Нягледзячы на закон, які аўтаматычна дае дазвол на жыхарства любому, хто правёў у Беларусі больш як сем гадоў, станоўча складваюцца абставіны толькі для аднаго са ста ўцекачоў.

Паводле Абд-ур-Рахіма, зараз на нешта спадзяваца наогул цяжка. Беларускае кіраўніцтва не стамляецца заяўляць, што Беларусь ні ў якім разе ня зробіцца адстойнікам мігрантаў.

(Абд-ур-Рахім: ) "Я асабіста накіраваў ліст беларускім уладам ад імя афганскай дыяспары — ад людзей, якія жывуць тут 10, 15, 20 год, жанатыя на беларускіх жанчынах, у якіх дарослыя дзеці і якія на законных падставах маюць дазвол на жыхарства. Я прасіў дапамагчы атрымаць грамадзянства і пашпарт. На жаль, адказу ніякага няма.

Афганцы, якія сюды прыяжджаюць, павінны кожны раз тлумачыць уладам, што тут робяць. Урэшце іх саджаюць у турму — на тыдзень, два, часам на месяц. Калі пацьвярджаецца, што ён дакладна афганец і прыехаў з вайны ў пошуках міру, яго выпускаюць і даюць даведку пра часовую рэгістрацыю".

Пасьля таго, дадае спадар Рахім, як канфлікт вычарпаны, беларускія ўлады пра афганцаў на нейкі час забываюцца. Я цікаўлюся: калі адносіны зь беларускімі ўладамі дастаткова складаныя, дык ці ёсьць адпаведная дапамога з боку міжнародных арганізацыяў?

(Абд-ур-Рахім: ) "Міжнародныя дабрачынныя і праваабарончыя арганізацыі, Чырвоны Крыж дагэтуль нашаму фонду не дапамагалі. Неяк склалася сытуацыя, што вымушаны быў зьвярнуцца па дапамогу — адмовілі. Тады мы ўласнымі сіламі стварылі гэты фонд, і як можам абараняем сваіх суайчыньнікаў у Беларусі, дапамагаем, калі хто хварэе.

Фонд — юрыдычная арганізацыя, ёсьць рахунак у "Белбізнэсбанку", мы афіційна зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі. Зараз вельмі актыўна абмяркоўваем сытуацыю на радзіме. Жывем дружна, паважаем адзін аднаго, ходзім у госьці".

Сярод некалькі тысячаў афганцаў, якія ўжо знаходзяцца ў Беларусі, і колькасьць якіх, відавочна, будзе большаць, шмат розных этнічных груповак. Але кіраўнік "Фонду дапамогі афганскім уцекачам" Абд-ур-Рахім кажа, што падзел на сваіх ды чужых тут даволі ўмоўны: у мусульманаў вельмі моцная крэўная блізкасьць.

(Абд-ур-Рахім: ) "Сярод афганцаў, якія жывуць у Беларусі, ёсьць пуштуны, таджыкі, узбэкі, туркмэны, хазары. Але ўсе мы адзіныя. Разам вырашаем усе пытаньні; супярэчнасьцяў з нагоды таго, што нехта пуштун, а нехта таджык — няма. Мы ўсе бачылі гэтую страшную вайну, усе ад яе зьбеглі. У нас жаданьне толькі адно: каб усе жылі ў міры і на нашу радзіму таксама прыйшоў мір. Наша мэта толькі такая".

На апошняе пытаньне — колькі ўцекачоў з зоны канфлікту можна чакаць у Беларусі, спадар Рахім адказаў так: усё залежыць ад колькасьці грошай у тых, хто адважыцца на такое далёкае падарожжа. Аднак нястача і пэрспэктыва неакрэсьленай стабільнасьці ў рэгіёне могуць штурхаць людзей на самыя адчайныя крокі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG