Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір цяпер ізноў лічыцца падсьледным. Яго не арыштавалі, як у 1999 годзе, але ізноў высунулі абвінавачаньне ў крадзяжы мільёну даляраў, калі ён працаваў кіраўніком "Белаграпрамбанку".
Справу распачаў сьледчы камітэт пры Міністэрстве ўнутраных справаў. Цікава, што летась суд ужо разглядаў гэты эпізод і не палічыў віну Міхаіла Чыгіра даказанай, але сьледчых гэта не спыніла. Яны распачалі новую справу, у якой, паводле экс-прэм'ера, не зьявілася ніякіх новых матэрыялаў і, адпаведна, на ягоную думку, няма судовай пэрспэктывы.
Дзеяньні сьледчых Чыгір тлумачыць адно загадам "зьверху".
(Міхаіл Чыгір: ) "Сьледчыя як сябе паводзяць? Яны ў вочы мне глядзець ня могуць. Я іх пытаюся: што яны робяць, а яны кажуць, што гэта ад іх не залежыць. Калі яны яшчэ накіруюць гэтую справу ў суд, то будзе зусім незразумела, бо любому нармалёваму чалавеку там няма на што глядзець".
Нагадаю, што мільён даляраў, які нібыта скраў Чыгір, у сярэдзіне 1990-х гадоў паводле ягонага загаду быў пералічаны канадзкай будаўнічай фірме за першы этап работ у будаўніцтве новага офіса банку, а таксама купленае для яго абсталяваньне. Аднак абсталяваньне ў Беларусь не патрапіла, як фактычна не пачалося і будаўніцтва офісу.
Чыгір апраўдваецца тым, што ён на той час ужо стаў прэм'ерам і справамі "Белаграпрамбанку" не займаўся, а новае кіраўніцтва пасварылася з канадзкім партнэрам і само вінаватае ў тым, што сарваўся кантракт. Суд фактычна з Чыгіром пагадзіўся, а вось сьледчыя, як бачна цяпер, засталіся пры іншым меркаваньні.
Між тым, іхную цяперашнюю актыўнасьць Міхаіл Чыгір тлумачыць не службовым стараньнем, а спробай ухіліцца ад адказнасьці за тое, што 8 месяцаў яго незаконна пратрымалі за кратамі.
Да старога эпізоду зь мільёнам даляраў у абвінавачаньні далучаны і новы — пра няўплату падаткаў у 1998 годзе. Міхаіл Чыгір тады працаваў у Маскве кіраўніком прадстаўніцтва буйнога нямецкага канцэрну, зарабляў нямалыя грошы, зь якіх, як ён сьцьвярджае, у Нямеччыне ўтрымлівалі падатак. А вось сьледчыя падазраюць, што з часткі прыбыткаў Чыгір падаткі схаваў, на што экс-прэм'ер заяўляе наступнае:
(Міхаіл Чыгір: ) "У законе напісана, што ня трэба плаціць падаткі, калі жывеш за мяжой больш за 180 дзён. А я ж жыў там, здымаў кватэру, працаваў увесь 1998 год. Таму мне ня трэба плаціць падаткі яшчэ і ў Беларусі".
Калі справа будзе перададзеная у суд, Чыгір адказаць ня можа. Сьледчыя не паедамілі экс-прэм'еру і пра тое, калі адбудзецца ягоны чарговы допыт. Дарэчы, Міхаіл Чыгір паведаміў Радыё Свабода, што не зьбіраецца згортваць сваю палітычную дзейнасьць.
Ён не выключае, што возьме ўдзел ў будучых парлямэнцкіх выбарах і нават у наступных прэзыдэнцкіх. Але пакуль экс-прэм'ер не зьбіраецца далучацца да якой-небудзь палітычнай партыі. "Для мяне вельмі важна захаваць сваю палітычную незалежнасьць", — кажа Міхаіл Чыгір.