Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ДАМАГАЮЦЦА ВЯРТАНЬНЯ СТАТУСУ "АДМЫСЛОВА ЗАПРОШАНАГА" Ў ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ


Уладзімер Глод, Менск

Цягам трох апошніх гадоў кіраўніцтва Беларусі рэгулярна зьвяртаецца з просьбай вярнуць краіне статус адмыслова запрошанага, які быў прыпынены рашэньнем бюро Парлямэнцкай Асамблеі яшчэ 13 студзеня 1997 году. Адметна, што гэтым разам захады робяцца надзвычай рана — бліжэйшая сэсія Парлямэнцкай Асамблеі адбудзецца толькі на прыканцы студзеня наступнага году.

Верагодна, гэткая актыўнасьць тлумачыцца тым, што 19-20 лістапада ў Вільні пройдзе паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі, якое разгледзіць беларускае пытаньне і вынесе свае рэкамэндацыі для бюро Парлямэнцкай Асамблеі. А як сьведчыць практыка, амаль не было выпадкаў, калі бюро альбо сэсія выносяць вэрдыкт, супрацьлеглы рэкамэндацыям Палітычнага камітэту. Вось чаму паседжаньне ў сталіцы Літвы набывае такую важнасьць для Беларусі. Да таго ж, кажуць, што гэта будзе апошняе паседжаньне, якое пройдзе пад кіраўніцтвам цяперашняга старшыні камітэту Тэры Дэйвіса.

(Лябедзька: ) "Сцэнар Страсбургу фактычна пішацца ў Вільні. У Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы адбываецца ратацыя кадраў і насамрэч Тэры Дэйвіс пакідае пасаду старшыні Палітычнага камітэту. Зразумела, што ад кіраўніка залежыць шмат: якая пастаноўка самаго пытаньня, якая пазыцыя кіраўніка, і таму ад Тэры Дэйвіса шмат будзе залежаць, якія будуць зробленыя рэкамэндацыі".

Стала вядома, што міністар Хвастоў апошнім тыднем правёў неафіцыйныя сустрэчы з кожным з амбасадараў краінаў Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі, а таксама з амбасадарам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Паводле неафіцыйных крыніцаў, міністар пераконваў суразмоўцаў у жаданьні Беларусі спыніць міжнародную ізаляцыю. Ускосным пацьверджаньнем гэтага можна лічыць і ўчорашняе інтэрвію кіраўніка замаежнапалітычнага ведамства Беларусі радыёстанцыі "Сталіца".

(Хвастоў: ) "Унутры Беларусі ў пасьлявыбарны пэрыяд склаліся новыя палітычныя дачыненьні, якія ствараюць і новыя ўмовы для разьвіцьця стасункаў зь іншымі краінамі. Сёньня ў нашай краіны зьявіліся пэрспэктывы разьвіцьця спрыяльных узаемадачыненьняў з многімі дзяржавамі, у тым ліку і са Злучанымі Штатамі Амэрыкі".

Аднак, як паведаміў мне сёньня адзін з заходніх дыпляматаў, амбасадары Эўразьвязу хоць і вітаюць жаданьне Беларусі супрацоўнічаць зь міжнароднай супольнасьцю, аднак ня могуць не адзначыць дэкляратыўнасьць такіх запэўненьняў.

Ужо вядома, што ў Вільню будуць запрошаныя дзьве беларускія дэлегацыі: адна ад гэтак званага Нацыянальнага сходу, другая — ад палітычнай апазыцыі. Заўтра на пазачарговым паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў будзе разглядацца склад гэтай дэлегацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG