1972 год. Тры ўзброеныя асобы захопліваюць пасажырскі самалёт амэрыканскай кампаніі “Паўдневыя авіялініі” і пагражаюць накіраваць яго на фэдэральны ядзерны цэнтр “Oak Ridge” у штаце Тэнэсы. На шчасьце, пагроза гэтая так і засталася толькі пагрозай.
Але пасля 11 верасьня ніхто ўжо на сьвеце не ўспрымае пагрозу ядзернага тэрарызму як несур’ёзную. Больш за тое, ёсць інфармацыя, што Махамэд Атта, якога падазраюць у каардынацыі дзеяньняў усіх чатырох тэрарыстычных груповак 11 верасьня, цікавіўся магчымасьцю правядзеньня тэаракту супраць ядзерных аб’ектаў.
Гавін Камэрон, экспэрт Станфардзкага ўнівэрсытэту ў Вялікабрытаніі і ўдзельнік Венскай канфэрэнцыі, лічыць, што чацверты з захопленых 11 верасьня самалётаў тэрарысты плянавалі скіраваць на адну з трох ядзерных электрастанцыяў, якія знаходзяцца ў Пэнсыльваніі, Нью Джэрсы і Мэрылэндзе.
(Камэрон: ) “Безумоўна, Махамэт Атта цікавіўся ядзернымі аб’ектамі ў Тэнэсы. Яны былі сярод магчымых цэляў атакі. Сярод магчымых цэляў разглядаліся таксама хімічныя заводы, але перад усім тэрарысты думалі аб ядзерных станцыях”.
Старшыня Міжнароданага агенцтва ядзернай энэргіі Махамэд ЭльБарадэі лічыць, што падзеі 11 верасьня пераканалі сьвет у рэальнасьці пагрозы ядзернага тэрору. На канфэрэнцыі ў Вене ён выказаў думку аб тым, што пэрспэктыва доступу тэрарыстаў да ядзернай зброі альбо збудаваньне імі зь ядзерных матэрыялаў выбуховай прылады магчымая, хаця зрабіць ім гэта і вельмі цяжка.
(Эльбарадэі: ) “Зразумела, ёсць шэраг галінаў, якім мы павінныя прысьвяціць асаблівую ўвагу. І перш за ўсё гэта “сцэнар страшнага суду”, калі тэрарысты атрымліваюць доступ да ядзернай зброі. Гэта найбольш жудасны сцэнар, але я мяркую, што гэта адначасна самы малапраўдападобны сцэнар. Тут ня толькі справа, дзе знайсьці ядзерны матэрыял – хаця і вельмі цяжка атрымаць яго ў значнай колькасьці – але трэба мець высокі ўзровень навуковай дасьведчанасьці, каб распрацаваць і выпрадукаваць ядзерную зброю”.
Ня ўсе, аднак, удзельнікі Венскай канфэрэнцыі падзялялі погляд, што збудаваць просты ядзерны зарад складана. Мортэн Маерлі, даследнік зь інстытуту міжнародных дасьледваньняў ў Осла (Нарвэгія), быў сярод тых удзельнікаў канфэрэрэнцыі, якія лічаць, што плян збудаваньня простага ядзернага зараду сёньня можна знайсьці нават у Інтэрнэце.
Міжнароднае агенцтва ядзернай энэргіі лічыць, што для збудаваньня простага ядзернага зараду неабходна як мінімум 8 кг. плютонію і 25 кг. высокаўзбагачанага ўрану.
Маерлі і іншыя экспэрты сьцьвярджаюць, што дзеля гэтай мэты хопіць і 1 кг. плютонію.
Амаль усе ўдзельнікі канфэрэнцыі, аднак, згадзіліся, што тэрарысты ў стане зрабіць толькі так званую “брудную бомбу”, у склад якой будуць уваходзіць традыцыйныя выбуховыя рэчывы ў спалучэньні з радыёактыўнымі матэрыяламі, скрадзенымі на заводах і мэдычных установах.
Згаданы раней Гавін Камэрон з брытанскага Стэнфардзкага ўнівэрсытэту выказвае думку, што цяпер у сувязі з надзвычайнымі сродкамі бяспекі, паветраная атака супроць ядзернай электрастанцыі з дапамогай захопленага тэрарыстамі пасажырскага самалета малапраўдападобная. Але тэрарысты могуць выкарыстаць іншы спосаб.
(Камэрон: ) “Праўдападобна, самая вялікая пагроза – у справе зьнішчэньня рэактараў – паходзіць ад магчымасьці супольнай дзейнасьці вонкавых і унутраных групаў тэрарыстаў. Адзін з аспэктаў атакаў 11 верасьня – гэта надзвычайная цярплівасьць, якую праявілі тэрарысты ў працэсе атрыманьня ліцэнзіяў пілётаў і вялізная падрыхтоўка. Для мяне цалкам верагодным здаецца пэрспэктыва, што такая група, як Аль Кайда можа накіраваць сваіх сяброў на працу на ядзерную электрастанцыю, альбо прыцягнуць да супрацоўніцтва каго-небудзь, хто ўжо там працуе, з мэтай арганізацыі атакі на аб’ект”.
Камэрон прыгадвае факт, калі ў 1992 годзе, працаўнік Ігналінскай атамнай электрастанцыі Алег Шэўчук пагражаў зьнішчыць станцыю з дапамогай кампутарных вірусаў, якія ён сам распрацаваў. Дарэчы Ігналінская атамная знаходзіцца ўсяго ў некалькіх км. ад беларускай мяжы.
На зканачэньне перважная бальшыня ўдзельнікаў канфэрэнцыі ў Вене выказала думку, што толькі шчыльнае міжнароднае супрацоўніцтва можа прадухіліць растучую пагрозу ядзернага тэрарызму. Сташыня Міжнароднага агенцтва ядзернай энэргіі Эльбарадэі падкрэсліў, што цяпер арганізацыя шукае крыніцы дадатковага фінансаваньня на суму ад 30 да 50 млн. даляраў, каб лепш супроцьстаяць пагрозе міжнароднага тэрарызму.