У грузінскім парлямэнце сёньня ад раніцы абмяркоўвалі кандыдатуру дэпутаткі Ніна Бурджанадзэ, якую прапанавалі на пасаду сьпікера. Гэтае месца сталася вакантным пасьля таго, як на мінулым тыдні сышоў папярэдні старшыня парлямэнту Зураб Жванія, а прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварднадзэ адправіў у адстаўку ўвесь урад. Дагэтуль у Грузіі не было кабінэту міністраў і нават прэм’ер-міністра (функцыі апошняга выконваў дзяржаўны міністар). Сёньня ж грузінскі парлямэнт атрымаў праект зьменаў у Канстытуцыю, якія прадугледжваюць стварэньне кабінэту міністраў.
Што значаць сёньняшнія падзеі для Грузіі? Пра гэта я размаўляю з кіраўніцай Грузінскае службы Радыё Свабода Гульнарай Патарыдзэ.
Вось як яна характарызуе палітычную сытуацыю ў краіне:
(Патарыдзэ: ) “Ужо 5 дзён Грузія ня мае ўраду, ня мае старшыні парлямэнту, і гэта, вядома ж, вялікая зьмена ў палітычным жыцьці Грузіі. Гэта найвялікшы, найважнейшы палітычны крызыс у Грузіі”.
(Карэспандэнт: ) “Спадарыня Гульнара, што можна сказаць пра кандыдата на пасаду сьпікера – Ніна Бурджанадзэ?”
(Патарыдзэ: ) “Спадарыня Ніна Бурджанадзэ – старшыня парлямэнцкае камісіі міжнародных справаў. Яна займае гэтую пасаду ўжо даволі доўга, гэта здольная жанчына. Важна тое, што Ніна Бурджанадзэ была сябрам правячай большасьці, гэтак званага Саюзу грамадзянаў Грузіі, але яна пакінула ягоную фракцыю, таму што была нязгодная з пэўнай палітыкай партыі. І гэта дае спадарыні Ніна большыя шанцы быць абранай на пасаду старшыні парлямэнту – дзякуючы падтрымцы іншых парлямэнцкіх фракцыяў”.
(Карэспандэнт: ) “Наколькі я разумею, спадарыню Бурджанадзэ падтрымлівае былы сьпікер Зураб Жванія. Ці можна чакаць нейкіх зьменаў у палітыцы Грузіі, палітыцы парлямэнту Грузіі – у параўнаньні з мінулым сьпікерам? Ці можа Грузія выйсьці з СНД?”
(Патарыдзэ: ) “Я ня думаю, што мы можам чакаць нейкіх вялікіх зьменаў, бо спадарыня Бурджанадзэ таксама вельмі арыентаваная на Захад палітычная фігура. Не павінна быць важных зьменаў у тым, як парлямэнт займаецца зьнешяй палітыкай. Што да Судружнасьці Незалежных Дзяржаваў, дык пакуль зарана казаць пра гэта. Некалькі тыдняў таму гаварылася пра выхад з СНД, але цяпер мы пра гэта больш ня кажам. Мы маем больш сур’ёзныя справы”.
(Карэспандэнт: ) “Маё апошняе пытаньне. Парлямэнт Грузіі сёньня атрымаў канстытуцыйных зьменаў наконт заснаваньня кабінэту міністраў. Што гэта значыць і ці зможа спадар Шэварднадзэ, цяперашні прэзыдэнт Грузіі, выжыць у палітычным сэнсе пасьля гэтых зьменаў?”
(Патарыдзэ: ) “Пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыі ня ёсьць новым. Гэта было на парадку дня яшчэ ўзімку, але яно з розных прычын не прайшло. Цяпер яны пачынаюць наноў. Гэта, вядома ж, будзе значная зьмена, таму што зьявіцца пасада прэм’ер-міністра ды ўвогуле ўрад цалкам будзе адказваць за сваю палітыку, а не асобны міністар за ягонае ведамства, і гэта вельмі важна.
Што да прэзыдэнта Шэварднадзэ, дык ён, безумоўна, перажыве гэты крызыс. Нават з гэтымі канстытуцыйнымі папраўкамі. Гэтым разам ён выжыве, а што да іншых мажлівых крызысаў – я ня ведаю”.