Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ШКАДА, ШТО ВАДА НЕ ГАРЫЦЬ…”


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Жыхары Меншчыны набываюць паліўны торф у Заслаўі. Тут знаходзіцца раённае прадпрыемства, якое забесьпячвае насельніцтва. Сёньня тут было малалюдна. За дзьве гадзіны па торфабрыкет зьвярнуўся ўсяго адзін чалавек — пэнсіянер Леанід Павіч.

(Павіч: ) "Свая зямля, і брыкет такі дарагі. Нам тлумачаць, што нібыта энэргія дарагая — напрыклад, салярка. Хай вугаль прывозны, а то ж торф. Вось брыкет здабываюць пад Лагойскам, а тут у Красным — паўбрыкет. Дорага. Каб можна было вадою ацяпляць, дык добра было б. Але ж вада ня гарыць".

А вось меркаваньні жыхароў самога Заслаўя, якія жывуць у прыватным сэктары і маюць патрэбу ў паліве:

(Вярбіцкі Леанід: ) "Людзі вельмі крыўдзяцца, што торфу не прывезьлі. Яны найперш шматдзетныя сем'і, пэнсіянэраў забясьпечваюць. А астатні народ сам здабывае паліва".

(Ананім: ) "Мы сёлета не куплялі. Месяц таму сусед купляў, дык казаў, што 24 тысячы тона".

(Карэспандэнт: ) "Ці гэта дорага для людзей?"

(Ананім: ) "Вядома. Асабліва для пэнсіянэраў".

(Іншы: ) "Я ў Заслаўі 20 гадоў жыву. Дык вось, сёлета скаргі на "гартоп" ёсьць".

(Ананім: ) "Трэба, каб у кожную хату правялі газ. Вось ідзе па цэнтральнай вуліцы газ, а ў хаты правесьці ня могуць. Кажуць, няма ў іх грошай".

Як паведамілі прадстаўнікі заслаўскага паліўнага прадпрыемства, кошты на торф падвысіліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў — у кастрычніку. Аналягічная сытуацыя з палівам склалася і ў іншых рэгіёнах краіны — напрыклад, на Віцебшчыне.

Вось што паведаміла нашаму радыё бугальтарка ўшацкага прадпрыемства, якое забясьпечвае насельніцтва палівам:

(Зінаіда Пранік: ) "Падвысілі кошты з 10 кастрычніка. І па свабодных цэнах торф насельніцтва не купляе. Калі кажаш, што па свабоднай цане тона торфабрыкету 45 тысяч, то людзі кладуць тэлефонную слухаўку. У людзей зь сельскай мясцовасьці, якія працуюць у калгасах, грошай няма".

Дарэчы, зь сёньняшняга дня арыштаваны рахунак ўшацкага паліўнага прадпрыемства. Падатковая інспэкцыя зрабіла гэта на патрабаваньне Віцебскага торфабрыкетнага заводу. Рэч у тым, што Ўшаччына мусіць заплаціць гэтаму заводу 2 мільёны рублёў.

Між тым, у мясцовым бюджэце няма грошай, каб зьліквідаваць запазычанасьць. Як вынік, торфабрыкетныя заводы сёньня сталіся закладнікамі сацыяльнай палітыкі беларускіх уладаў. У прыватнасьці, адзін з такіх закладнікаў — Лідзкі торфабрыкетны завод. Вось што паведаміла сёньня галоўны эканаміст прадпрыемства Ганна Калюта:

(Калюта: ) "Грошай наяўных у нас няма. І мы ня можам закупіць тое нават, што патрэбна для рамонту. Фактычна ўсё ідзе на заробкі й падаткі. Мы нават за газ ня плацім, таму вымушаныя працаваць на склад. У выніку прастойваем. У мінулым месяцы некалькі дзён стаялі, і ў гэтым 3-4 дні ўжо стаялі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG